Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму для Ўладзіслава Кавалёва таксама запатрабавалі сьмяротнага пакараньня?

абноўлена

Назіральнік Павал Левінаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:00 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтуе назіральнік Павал Левінаў.

У працэсе над абвінавачанымі ў тэрарызьме Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым пачаліся судовыя спрэчкі. Намесьнік генпракурора Аляксей Стук запатрабаваў для абодвух абвінавачаных сьмяротнага пакараньня, але пры гэтым адмовіўся ад некаторых абвінавачаньняў адносна Ўладзіслава Кавалёва.

Абвінаваўца Аляксей Стук прамаўляў агулам больш за 4 гадзіны. Вось заключныя словы ягонай прамовы, якія тычыліся абвінавачаных Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва:

«Абвінавачаньне прапануе лічыць абвінавачаных выключна небясьпечнымі для грамадзтва і прызначыць ім наступную меру пакараньня. Канавалаву па 3 частцы 289 артыкула Крымінальнага кодэксу прызначыць выключную меру пакараньня — сьмяротную кару праз расстрэл. Кавалёву па частцы 6 артыкула 16 і частцы 3 артыкула 289 выключную меру пакараньня — сьмяротную кару праз расстрэл».

Артыкул 16-ты Крымінальнага кодэксу — гэта пасобніцтва ў злачынстве. 6-я частка гэтага артыкула, якая інкрымінаваная Ўладзіславу Кавалёву, вызначае пасобніка як чалавека, які садзейнічаў злачынцу парадамі, даваў інфармацыю або сродкі зьдзяйсьненьня злачынства, пазбаўляў ад перашкод, альбо які загадзя абяцаў схаваць злачынцу ці сродкі зьдзяйсьненьня злачынства. Што з гэтых дзеяньняў рабіў, паводле сьледзтва, Уладзіслаў Кавалёў?

Абвінаваўца Аляксей Стук казаў, што Кавалёў ведаў пра выбухі 2005 году ў Віцебску і 2008 году ў Менску, а таксама пра падрыхтоўку тэракту ў мэтро 11 красавіка 2011 году, і дапамагаў Канавалаву ў падрыхтоўцы гэтага тэракту. Пракурор спасылаўся на паказаньні самога Кавалёва падчас сьледзтва, на відэа з мэтро, на паказаньні сьведкі Пачыцкай, паводле якой Канавалаў з Кавалёвым разам «нешта рабілі» над торбай з бомбай прыкладна за гадзіну да тэракту.

Уладзіслаў Кавалёў усе гэтыя доказы ў судовым паседжаньні абверг. Пра свае паказаньні на сьледзтве ён сказаў, што іх атрымалі ад яго пад ціскам — яму нібыта пагражалі, што суд дасьць сьмяротную кару за неданясеньне, а таму ўгаварылі даць паказаньні, якія цікавяць сьледзтва. Маўляў, суд можа ўлічыць яго раскаяньне. Відэа, на якім Кавалёў дапамагае Канавалаву несьці торбу з бомбай з вакзалу на арандаваную кватэру 10 красавіка, паводле Кавалёва, ня сьведчаць пра ягонае пасобніцтва, бо ён нічога пра бомбу ня ведаў, а проста дапамагаў сябру несьці цяжкую торбу. Што ж да сьведкі Пачыцкай, Кавалёў яе паказаньні на судзе проста не пацьвердзіў.
Той факт, што пацярпелая выступае ў абарону абвінавачаных, для мяне вельмі паказальны

Чаму суд мусіць верыць Пачыцкай, а не Кавалёву, тым болей што Канавалаў, які трэцім прысутнічаў пра гэтым эпізодзе, ад паказаньняў адмовіўся? Падобныя пытаньні задаюць праваабаронцы, якія прысутнічаюць на працэсе. Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў згадвае пра словы абвінавачаных адносна ціску на іх з боку сьледчых, а пацярпелая Людміла Жэчка заявіла суду падчас спрэчак, што яе доказы абвінавачаньня не пераканалі ў віне Канавалава і Кавалёва.

«Той факт, што пацярпелая выступае ў абарону абвінавачаных, для мяне вельмі паказальны», — кажа Павал Левінаў і нагадвае, што абвінаваўца сам мусіў адмовіцца ад аднаго з абвінавачаньняў на адрас Уладзіслава Кавалёва. Сапраўды, Аляксей Стук прапанаваў зьняць з Кавалёва абвінавачаньне адносна дзеяньняў з дамкратам, які ён нібыта захоўваў на просьбу Канавалава.

Маці абвінавачанага Любоў Кавалёва скрозь сьлёзы заявіла журналістам пасьля паседжаньня, што ад яе сына хочуць пазбавіцца як ад непажаданага сьведкі. Любоў Кавалёва ў віну сына ня верыць і кажа, што пэўных доказаў яго віны сьледзтва не знайшло. Як мяркуе сястра абвінавачанага, пракурор мусіў запатрабаваць вышэйшую меру пакараньня абодвум абвінавачаным, бо атрымаў такі загад і гэтага, маўляў, патрабуе сур’ёзнасьць артыкула аб тэрарызьме. А ці акажацца суд больш міласэрным? Пакуль сваякі абвінавачанага Кавалёва наконт гэтага выказваюць сумненьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG