Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Рыбчанка выйшаў на волю


Валер Рыбчанка
Валер Рыбчанка
14 лістапада блізу 18-й гадзіны з гомельскага ізалятара выйшаў на волю старшыня аргкамітэту правядзеньня Народнага сходу ў Жлобіне, кіраўнік мясцовай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка. За кратамі ён правёў 14 сутак.

На падставе міліцэйскага пратаколу спадара Рыбчанку пакараў 31 кастрычніка адміністрацыйным арыштам судзьдзя Жлобінскага раённага суду Мікалай Бакуноў.

Суду Рыбчанка прадставіў пратаколы паседжаньня аргкамітэту, зь якіх відаць, што сход у Жлобіне 8 кастрычніка ладзіўся ў межах закону пра рэспубліканскія й мясцовыя сходы. Аднак усьлед за міліцыяй судзьдзя прызнаў актывіста вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Адбываць двухтыднёвае пакараньне Рыбчанку прывезьлі ў Гомель міліцыянты на службовым транспарце, бо ў Жлобіне няма адмысловага ізалятара. А вось забіралі сёньня Валера з ізалятара ягоныя сябры й паплечнікі.

Рыбчанка: «Адчуваю я сябе няблага. У ізалятары да мяне ставіліся так, як і да ўсіх іншых сядзельцаў. Даведаўся, што ў абласным цэнтры ў мінулую суботу быў моцны хапун. Па ўсім відаць, уладу ахапіў вялікі жах перад будучыняй».

З прычыны арышту Рыбчанкі як старшыні аргкамітэту 12 лістапада ў Жлобіне не было другой сэсіі Народнага сходу. Аднак мясцовыя актывісты і сам кіраўнік аргкамітэту заяўляюць, што яны атрымалі ўжо на патрабаваньні гараджанаў адказ з Нацыянальнага банку пра лёс укладаў і пэрспэктывы стабілізацыі беларускага рубля.

Зьмест усіх афіцыйных адказаў на рэзалюцыю сходу будзе ў любым выпадку даведзены да ведама мясцовых жыхароў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG