Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балыкін: У такой эканамічнай сытуацыі прэзыдэнт вінаваты сам


Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін
Прэзыдэнт дарма спрабуе перакладаць адказнасьць на ўрад, бо ў гэтай эканамічнай сытуацыі вінаваты, перш за ўсё, ён сам. Такое меркаваньне выказаў БелаПАН кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, камэнтуючы крытыку ў адрас Савету міністраў з вуснаў кіраўніка дзяржавы на нарадзе 10 лістапада.

«Я не спрабую ідэалізаваць наш урад і выдатна разумею, што цяперашні эканамічны крызіс справакаваны ў тым ліку і дзеяньнямі ўрадавых чыноўнікаў. Аднак асноўная частка віны за тое, што адбываецца ў краіне, за эканамічную катастрофу ляжыць, перш за ўсё, на прэзыдэнце», – заявіў Сяргей Балыкін.

«Трэба разумець, што ўрад у Беларусі – гэта орган зь вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі, пазбаўлены якой-небудзь рэальнай самастойнасьці. У свой час Лукашэнка вельмі вобразна ахарактарызаваў паўнамоцтвы Савету міністраў, заявіўшы, што справа ўраду – круціць пэдалі. У такіх умовах перакладаць віну на ўрад некарэктна», – канстатаваў экспэрт.

Ён упэўнены, што менавіта ідэалягічныя забабоны кіраўніка дзяржавы, яго нерашучасьць і няздольнасьць апэратыўна рэагаваць на сытуацыю, яго страх перад зьменамі прывялі да катастрафічнага падзеньня беларускага рубля, спусташэньня бізнэсу і татальнага зьбядненьня насельніцтва. «Менавіта Лукашэнка, прамаўляючы шмат правільных слоў аб неабходнасьці эканамічных рэформаў, амаль нічога ня робіць для іх рэальнага ўвасабленьня ў жыцьцё», – сказаў Балыкін.

Сёньняшнюю нараду ў прэзыдэнта і «публічную лупцоўку ўраду» ён расцэньвае выключна як піяраўскі ход, «закліканы прызначыць вінаватых і адцягнуць увагу насельніцтва ад рэальных прычын эканамічных праблем». «І тое, што ўраду задалі дыхту, сьведчыць пра нарастаньне праблем у эканоміцы і магчымасьць далейшага пагаршэньня сытуацыі», – лічыць экспэрт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG