Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спадзяецца на кітайскі рэйтынг


Беларусь, якая апошнім часам атрымлівае ад заходніх агенцтваў штораз усё горшыя інвэстыцыйныя рэйтынгі, 8 лістапада падпісала дамову аб супрацоўніцтве з кітайскім рэйтынгавым агенцтвам «Dagong Global Credit Rating Co Ltd».

Як паведамляе агенцтва навінаў Ройтэрс, «Dagong Global Credit Rating Co Ltd» будзе атрымліваць інфармацыю зь Беларусі, а Беларусь афіцыйна прызнае кітайскія рэйтынгі. "Беларусь, якую ўжо доўга дыскрымінуюць і зь якой несправядліва абыходзяцца заходнія рэйтынгавыя агенцтвы, уважліва назірае за нашай працай і ўплывам," -- цытуе Ройтэрс заяву кітайскага агенцтва.

У сваю чаргу амбасадар Беларусі ў Пэкіне Віктар Бура заявіў, што ён спадзяецца, што рэйтынгі «Dagong Global Credit Rating Co Ltd» "пакажуць сапраўдную карціну інвэстыцыйнага клімату нашай краіны кітайскім ды іншым інвэстарам".

Апошнім часам беларуска-кітайскія сувязі актывізаваліся. У верасьні старшыня сталага камітэта Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга, які знаходзіўся зь візытам у Менску, паведаміў, што кітайскі ўрад вырашыў выдзеліць Беларусі льготны крэдыт на мільярд даляраў для рэалізацыі сумесных ўзгодненых праектаў, а таксама 70 мільёнаў кітайскіх юаняў у якасьці бязвыплатнага гранту.

Тым часам Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's перавяло Беларусь і яе банкаўскі сэктар на найніжэйшую, 10-ю прыступку шкалы, паводле якой ацэньваюцца рызыкі банкаўскага сэктару (Banking Industry Country Risk Assessment, BICRA).

S & P разьлічвае рызыкі BICRA па шкале ад "1" да "10", дзе "1" - ¬ найменшы ўзровень рызыкі, "10" - найбольшы. Акрамя Беларусі, да групы "10" адносяцца Віетнам і Грэцыя.

"У адпаведнасьці з нашымі крытэрамі, ацэнка эканамічнай рызыкі "10" адлюстроўвае наша меркаваньне аб тым, што краіна падвяргаецца выключна высокай рызыцы ўзьнікненьня эканамічных дысбалянсаў, выключна высокай крэдытнай рызыцы ў эканоміцы і вельмі высокай рызыцы парушэньня эканамічнай устойлівасьці", - паведамляецца ў прэс-рэлізе агенцтва.

Экспэрты агенцтва таксама падкрэсьліваюць высокую палітычную рызыку ў краіне. "Высокая палітычная рызыка ў Беларусі зьніжае прадказальнасьць палітыкі, а магчымыя зьмены ў складзе цэнтралізаванай ўлады могуць прывесьці да эканамічнага ўзрушэньня або абвастрыць яго", - адзначаецца ў паведамленьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG