Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наркевіч страціў «Звязду» ці «Звязда» Наркевіча?


8 лістапада быў звольнены з пасады галоўнага рэдактара дзяржаўнай газэты «Звязда» Ўладзімер Наркевіч, які ўзначальваў выданьне на працягу больш як двух дзесяцігоддзяў. На ягонае месца Аляксандар Лукашэнка прызначыў Алеся Карлюкевіча, які дагэтуль кіраваў рэдакцыйна-выдавецкай установай «Літаратура і мастацтва» і быў рэдактарам аднайменнай газэты. Што стаіць за гэтым? Якія зьмены могуць адбыццца ў адзінай дзяржаўнай беларускамоўнай газэце?

Уладзімер Наркевіч быў галоўным рэдактарам «Звязды» 22 гады. Перажыў на гэтай пасадзе ўсіх сваіх калегаў — кіраўнікоў іншых дзяржаўных газэт, умеў балянсаваць на мяжы. Некалькі разоў сам пісаў заявы аб адстаўцы, але начальства іх не задавальняла. А цяпер яго звольнілі літаральна за 7 месяцаў да пэнсіі. Незалежны журналіст Мікола Дзябёла раней амаль два дзесяцігодзьдзі працаваў у «Звяздзе»:

«Я ня ведаю, зь якіх прычынаў яго зараз зьнялі, ня даўшы дапрацаваць 7 месяцаў да пэнсіі, але, я думаю, ён паплаціўся і за сваю беларускасьць. Напэўна, зараз зьменіцца лінія газэты, напэўна, яна стане больш апантанай прапагандысткай, агітатаркай. Многія мае былыя калегі, якія там працуюць, таксама апасаюцца рэзкай зьмены курсу. Гэта не Наркевіч страціў „Звязду“, а „Звязда“ страціла Наркевіча».
Я ня ведаю, зь якіх прычынаў яго зараз зьнялі, ня даўшы дапрацаваць 7 месяцаў да пэнсіі, але, я думаю, ён паплаціўся і за сваю беларускасьць

Карэспандэнт «Звязды» Яўген Валошын, які надрукаваў у дзяржаўнай газэце цэлы шэраг вострых матэрыялаў, кшталту «Чаму Беларусь не абаранілі ад нашэсьця наркатычных бубак?», «Чаму беларускія дзеці гінуць на занятках па фізвыхаванні?», «За што п’яны ўчастковы стрэліў у Ніну ва ўпор?», распавёў:

«Асабіста я навучыўся журналістыцы, дыпляматыі ў Наркевіча. І што самае дзіўнае — журналісцкім расьсьледаваньнем, самым складаным жанрам, я пачаў займацца менавіта ў газэце „Звязда“. Усяго друкаваць мы не маглі, але ён не дазваляў крэмзаць матэрыял, выпраўляць неэтычна, як робяць некаторыя рэдактары і ў дзяржаўных, і ў недзяржаўных СМІ, і ставіўся з павагай да журналіста. Уладзімер Браніслававіч — гэта рэдактар, які перш за ўсё глядзеў на фактуру матэрыялу і на журналісцкую этыку».

Са «Звязды» выйшла шмат выбітных журналістаў, і ўсе яны лічаць Наркевіча ўзорам галоўнага рэдактара, кажа Мікола Дзябёла:

«Ён ніколі не перашкаджаў працаваць, ніколі ня ціснуў. Некаторыя яго папракаюць, што ён даволі мяккі чалавек, але я не лічу заганай мяккасьць рэдактара. У нашых рэаліях ягоная мяккасьць для мяне была ў пэўнай меры свабодай для творчасьці. То бок ён ніколі не казаў, што трэба пісаць, што ня трэба пісаць, ніколі не загадваў, каб я прапагандаваў нейкія ідэі ці гнуў нейкую лінію. Канечне, нельга было патрабаваць ад яго ў цяперашніх рэаліях, каб „Звязда“ была апазыцыйнай. Але ён са свайго пункту гледжаньня рабіў нямала для Беларусі, для беларушчыны. „Звязда“, прынамсі, ні разу не запляміла сябе ніякімі акцыямі, ніякімі прапагандысцкімі матэрыяламі, у адрозьненьне ад самі ведаеце якіх газэтаў».

Ці зьменіцца курс газэты з прызначэньнем Алеся Карлюкевіча? Генадзь Бураўкін як чалавек, які крыху ведае бюракратычную мэханіку, заўважыў, што звычайна перад новым прызначэнцам ставяць пэўныя задачы і цяжка казаць пра зьмены, ня ведаючы, на якіх умовах прызначылі новага рэдактара. Што да кандыдатуры Алеся Карлюкевіча, Генадзь Бураўкін кажа:

«Як мне здаецца, гэта кандыдатура неблагая, гэта чалавек, скажам так, нашай культуры, літаратар. Ён дастаткова доўга быў рэдактарам «Чырвонай змены». І ў той час гэта была цікавая газэта, а ягоным стаўленьнем да культуры, да гісторыі яна проста выклікала павагу. Таму я спадзяюся, што гэта ўсё ў ім жыве, і гэта ўсё будзе дарэчы для чалавека, які зойме кабінэт галоўнага рэдактара «Звязды».
Мэдыі ў нас — прылады, інструмэнты прапаганды. Трэба ўплываць і на беларускамоўную частку грамадзтва

Мэдыя-экспэрт Алесь Анціпенка заўважае, што Карлюкевіч быў прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам і ён — частка сёньняшняй намэнклятуры:

«Таму ніякіх пазытыўных зьменаў чакаць ня варта. Можна толькі чакаць яшчэ больш жорсткай інфармацыйнай палітыкі. Беларускамоўнасьць газэты захаваецца, таму што насамрэч ёсьць невялікі сэгмэнт грамадзтва, які мае сантымэнт да беларускай мовы. А ўсе мэдыі ў нас — прылады, інструмэнты прапаганды. Трэба ўплываць і на беларускамоўную частку грамадзтва».

Самі супрацоўнікі «Звязды» пакуль у напружаным чаканьні. У Яўгена Валошына, да прыкладу, ужо ёсьць тэст для новага рэдактара «Звязды»:

«Вось у мяне, напрыклад, гатова новае журналісцкае расьсьледаваньне, вострае, можа, найвастрэйшае з усіх — пра наркагандаль. Вось паглядзім, ці выйдзе гэта расьсьледаваньне і ці атрымаецца ў будучым такія матэрыялы друкаваць. Што будзе далей — жыцьцё пакажа. Я думаю, што і калектыў будзе трымаць нос па ветры».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG