Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Судзяць двух арганізатараў Народнага сходу


9 лістапада суд Бабруйска а палове на 12 гадзіну пачне разгляд адміністрацыйнай справы супраць сяброў аргкамітэту мясцовага Народнага сходу Галіны Сьмірновай і Канстанціна Локцева. Абодвух вінавацяць ва ўдзеле 8 кастрычніка ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Дзьве справы аб’яднаныя ў адну вытворчасьць. На судовым пасяджэньні старшынюе судзьдзя Натальля Шэгеда.

Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова й беспартыйны Канстанцін Локцеў вінаватымі сябе ня лічаць. Яны заяўляюць, што не парушалі закон “Аб масавых мерапрыемствах”, а Народны сход, у арганізацыі якога ўдзельнічалі й за які судзяць, праходзіў згодна закону “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” і Канстытуцыі.

Локцеў: “У чым я вінаваты? Я што п’яны на сход прыйшоў? Мяне людзі абралі старшынёй аргкамітэту! Пракурор мне выпісаў папярэджаньне нават артыкулу не пазначыў – за што канкрэтна мяне папярэджвае. Добра яшчэ, што нас не падвялі пад крымінальны кодэкс, а толькі пад адміністрацыйны. Міліцыя, якая 8 кастрычніка стаяла праз кожны мэтар, зрабіла правакацыю, калі арыштавала Віктара Бузінаева. Яны спадзяваліся, што маладыя людзі кінуцца яго адбіваць і такім чынам падпадуць пад крымінальную адказнасьць. Там жа людзі былі сталага веку, якія крычалі, што мы супраць Лукашэнкі. Ды і ў нас былі старыя. Магла адбыцца патасоўка. Добра, што яе не адбылося”.

Сьмірнова: “Я не лічу сябе вінаватай. Я лічу, што я выйшла за тых людзей, якія сядзяць дома і баяцца. Раз яны баяцца трэба некаму выйсьці й сказаць слова пратэсту. Тыя хто баяцца няхай й далей сядзяць, што тут зробіш. Спадзяюся, што мне дадуць штраф”.

3 лістапада судзьдзя Натальля Шэгеда асудзіла на дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту сябра аргкамітэту Народнага сходу, старшыню бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Віктара Бузінаева. Напярэдадні арышту ён атрымаў позву, у якой пазначана, каб ён зьявіўся ў суд 9 лістападу як сьведка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG