Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Crisisby.net выявіць маштабы беларускага крызісу


Новы рэсурс crisisby.net зьбірае грамадзкія паведамленьні пра разнастайныя праявы беларускага крызісу. Ім можа скарыстацца любы чалавек, які хоча распавесьці пра цэны на тавары, вялікія чэргі, звальненьне, забастоўку ці вулічную акцыю. Даслаць інфармацыю можна праз СМС, электронную пошту, твітэр-паведамленьне альбо проста пакінуўшы яе на сайце.

Інфармацыя зьявіцца на сайце і будзе адзначаная на адмысловай мапе. У выніку працы crisisby.net ствараюцца інтэрактыўныя народныя мапы "дэфіцыту", "працоўнай міграцыі", "звальненьняў", "забастовак" і "вулічных акцый".

На сайце ёсьць таксама народны баромэтар цэнаў. Яго стваральнікі лічаць, што "крызіс у першую чаргу б’е па кішэні, а "Народны баромэтар цэнаў" дазволіць сачыць за зьмяненьнем цэнаў на асноўныя тавары". Каб пацьвердзіць сваё паведамленьне пра цэны, адміністратары сайту раяць дасылаць фатаздымкі цэньнікаў ці адсканаваныя чэкі.

Ільля, адзін са стваральнікаў crisisby.net, кажа, што "ў нас мала пляцовак для таго, каб звычайныя людзі, не заангажаваныя ў палітычныя ці грамадзкія структуры, маглі проста падзяліцца сваімі праблемамі, абмеркаваць тое, што адбываецца вакол. Ды проста выпусьціць пару! Думаю, што crisisby.net — гэта адна з такіх магчымасьцяў. Шмат хто сядзіць на кухні, варыць боршч і ў коле сваёй сям’і абмяркоўвае пэўныя праблемы. І ён, можа, і ня ведае, што такія самыя думкі пра крызіс, пра цэны, пра рабочую міграцыю ёсьць ня толькі ў яго, але і ў ягонага суседа па пляцоўцы. А такія інтэрнэт-плятформы дазваляюць адчуць плячо — падзяліцца тым, што ў цябе на душы".

crisisby.net максымальна шырока адлюстроўвае праявы крызісу, не засяроджваючыся выключна на пытаньнях высокіх цэнаў ці адсутнасьці валюты. Як кажа Ільля, да такога разуменьня крызісу іх падштурхнулі самі карыстальнікі: "Крызіс — гэта не халодныя лічбы, аддаленыя ад людзей, а канкрэтныя праблемы, зьвязаныя з дэфіцытам, з чэргамі, зь нізкімі заробкамі. Людзі кідаюць працу на дзяржаўных прадпрыемствах і зьяжджаюць. І людзі ўсё гэта бачаць. І само гэта запатрабавала пашырыць праблемы нашага сайту ад цэнаў да крызісных падзей увогуле".

Беларускія мэдыяактывісты не ўпершыню ствараюць рэсурсы, якія ўдала акумулююць паведамленьні карыстальнікаў. Найбольш прыкметным стаў prokopovi.ch, які стыхійна арганізаваўся ў пэрыяд валютнага крызісу. Вялікую частку актыўных карыстальнікаў зьбіраюць вакол сябе форумы onliner.by.

Інтэрнэт-аналітык Паўлюк Быкоўскі ацэньвае адметнасьці працы і пэрспэктывы такіх рэсурсаў.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
"Рэсурсы, якія спрабуюць прыцягнуць аўдыторыю для збору інфармацыі пра крызісныя зьявы, праявы пратэстаў, — яны, з аднаго боку, досыць цікавыя для грамадзкасьці і для журналістаў, а з другога боку, вельмі залежаць ад таго, ці адгукнецца аўдыторыя і ці будзе яна сапраўды паведамляць гэтыя зьвесткі.

На мой погляд, цяпер у Беларусі досыць мала інфармацыі зь месцаў. Калі crisisby.net здолее гэтую інфармацыю нейкім чынам прад’явіць грамадзтву, гэта будзе карысна. Але разам з тым мне здаецца, што калі мы гаворым пра пратэсты працоўных, то цяжка ацаніць, наколькі, напрыклад, рабочы МАЗа ці нейкага іншага прадпрыемства актыўна карыстаецца інтэрнэтам, наколькі яму ўвогуле цікава пра падобныя рэчы выказвацца ў байнэце. Толькі шляхам экспэрымэнту мы даведаемся, ці працуюць падобныя рэсурсы", — заявіў Быкоўскі.

Андрэй Храпавіцкі
Андрэй Храпавіцкі
Андрэй Храпавіцкі, яшчэ адзін стваральнік crisisby.net, адзначае, што рэсурс дзейнічае выключна як грамадзянская плятформа і не зьвязаны зь ніводнай грамадзкай ці палітычнай структурай. На ягоную думку, разьмешчаная там "інфармацыя дастаткова праўдзівая. Сайт дазваляе разьмяшчаць здымкі і відэа, і можна пабачыць, наколькі задакумэнтавана тое ці іншае сьведчаньне пра той ці іншы факт. На сайце таксама ёсьць мадэратары, якія праглядаюць сьведчаньні на дакладнасьць і выстаўляюць адзнаку, наколькі гэтая інфармацыя правераная".

Інфармацыя, якую зьбірае crisisby.net, можа быць непасрэдна цікавая беларускім палітыкам, грамадзкім актывістам, актывістам працоўнага руху. Аднак ці сапраўды беларускім палітыкам патрэбныя такія рэсурсы?

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч перакананы, што "трэба наладжваць гарызантальныя сувязі, каб людзі пачалі аб’ядноўвацца ў вырашэньні сваіх праблемаў і пачалі разумець, што гэта праблемы ня кожнага асобнага грамадзяніна, а ўсіх разам узятых. Зьяўленьне такіх рэсурсаў — паказчык таго, што ўсьведамленьне прыходзіць звычайным людзям. І першае гуртаваньне — гэта абмен інфармацыяй пра тое, што дзе робіцца. І ідэя Народных сходаў зыходзіла з таго, каб людзі пачалі зьбірацца разам і абмяркоўваць свае праблемы і вырашаць разам, што рабіць. Думаю, што гэтая ініцыятыва пойдзе на карысьць згуртаванасьці людзей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG