Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскіх курапатах паставілі яшчэ адзін крыж


5 лістапада гомельскія грамадзкія актывісты кампаніі «Наша альтэрнатыва», «Разам», стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ўсталявалі жалобны крыж у лесе пад Гомелем. Гэта па левы бок Чарнігаўскай шашы, прыкладна за два кілямэтры ад апошняга прыпынку грамадзкага транспарту. У часы сталінскіх рэпрэсій энкавэдысты расстрэльвалі тут мірных жыхароў.

Каардынатар БХД у рэгіёне Юры Клімовіч, чый бацька у 40-я гады быў вязньнем сталінскага ГУЛАГу: «Гэта ў нас ужо традыцыя — на восенскія Дзяды прыносіць і ўсталёўваць крыжы на месцах масавых пахаваньняў ахвяр сталінізму. Мала крыжоў не бывае, бо колькасьць забітых і пахаваных мірных жыхароў па левы й правы бок Чарнігаўскай шашы ў тысячы разоў перавышае колькасьць усталяваных тут крыжоў. Яны як напамін жывым, у тым ліку й дзейнай уладзе, якая фактычна ігнаруе масавыя пахаваньні ахвяраў сталінскага рэжыму».

Тры гады таму салдаты 52-га пошукавага батальёна Міністэрствы абароны знайшлі непадалёк ад усталяванага сёньня крыжа парэшткі 70 расстраляных чалавек. Пракуратура ня вызначыла дакладна час расстрэлу ахвяраў. Аднак жыхары бліжэйшых вёсак сьведчаць, што менавіта ў 30-я гады тут расстрэльвалі мірных жыхароў, якія траплялі ў засьценкі тагачаснага Наркамату ўнутраных спраў.

На жалобным месцы ўсталяваны крыж і памятны камень з надпісам: «Тваім пакутнікам, Беларусь». Мэтраў за чатырыста ад яго, акурат на ростані лясных дарог, паўстаў сёньня яшчэ адзін крыж.

За ўсталяваньнем крыжа назіралі з машыны людзі ў цывільным, а на выезьдзе зь лесу аўтамашыны актывістаў правяралі й перапісвалі супрацоўнікі абласной аўтаінспэкцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG