Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас няма праблем зь беларускай мовай»


Пра гэта намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарына заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Гомелі, прысьвечанай алімпіядзе беларускіх і расейскіх школьнікаў «Расея і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасьць».

Як паведамляе БелаПАН, журналісты пацікавіліся, чаму ў конкурсныя заданьні не ўключылі хаця б элемэнты на беларускай мове, калі гаворка ідзе пра ўзаемаўзбагачэньне дзьвюх культур. Таксама прагучалі пытаньні аб ролі беларускай мовы.

Казімір Фарына выказаў меркаваньне, што зараз у моладзі вялікая цікавасьць да беларускай мовы. «Сёньня такія вось правакацыйныя пытаньні не маюць пад сабой падстаў, у нас роўная колькасьць гадзін на вывучэньне як беларускай, гэтак і расейскай моваў», — заявіў намесьнік міністра.

«Сёньня праблемы білінгвізму цяжкія і больш напружаныя для нас, чым для расейцаў, у нас дзьве мовы па Канстытуцыі, абавязковыя для вывучэньня. Проста іншы раз асобныя факты падаюцца гіпэртрафавана. Ня трэба хвалявацца, ці ня зьнікне беларуская мова і літаратура, таму што дзяржава падтрымлівала і падтрымлівае ўсё наша нацыянальнае, айчыннае, усё, што створана тут самае лепшае», — сказаў Фарына.

Яго падтрымаў кіраўнік прадстаўніцтва сталага камітэту саюзнай дзяржавы ў Менску Сяргей Забалоцец. Ён прапанаваў «не падаграваць штучна дыскусію». «У рэшце рэшт, што такое мова? Гэта сродак зносінаў, а мы пачынаем палітызаваць гэту сфэру. Калі мова сродак зносінаў, і мы разумеем адзін аднаго — дык хоць на іўрыце. Але ў нас няма такіх прыкладаў, калі заціскаюць нейкую мову іншай мовай. Вось успомнім 10-15 гадоў таму: было вой-вой беларуская мова, беларуская мова. Каго сёньня сілай заціснулі? Ёсьць свабодны выбар», — мяркуе Забалоцец.

На прапанову ўнесьці ў алімпіяду заданьні на беларускай мове адрэагавала і старшыня журы алімпіяды доктар пэдагагічных навук Ларыса Мурына. «У нас жа лінгвакультуралягічны падыход да вывучэньня мовы, у нас усе кампанэнты беларускай культуры прысутнічаюць ва ўсіх нашых падручніках расейскай мовы, у нас беларускія падручнікі, расейская мова — але ў Беларусі», — растлумачыла доктар навук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG