Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Радзевіч: «Мой фэрмэрскі дэвіз, як у Стыва Джобса — ніколі не спыняцца на дасягнутым!»


6 год таму вандроўка ў Ячонку, вёску на Стаўпеччыне, сталася для мяне сэнсацыйнай. Карэспандэнта «Свабоды» запрасіў да сябе расказаць пра ўпершыню ў краіне ўтвораны каапэратыў фэрмэрскіх гаспадарак ня проста і ня толькі яго ініцыятар ды арганізатар.

Спадар Уладзімір Радзевіч усё 40-гадовае працоўнае жыцьцё быў сьвядомым ды палкім прыхільнікам калгасаў. Прайшоў намэнклятурны шлях ад старшыні калгасу, 1 сакратара райкаму камсамолу ды Менскага райкаму КПБ у савецкія часы да старшыні Менаграпраму. Ужо выйшаўшы на пэнсію, радыкальна памяняў погляды і падаўся ў фэрмэры. Больш за тое. Загітаваў двух суседзяў-гаспадароў утварыць зь ім каапэратыў «Сула», названы ў гонар тутэйшай ракі — прытока Нёману. Вось як фармуляваў ён сваю ідэю.

Філіпавіч: «Каапэратыў фэрмэрскіх гаспадарак — гэта адзіны севазварот, агульнае выкарыстаньне тэхнікі, таму што кожнаму ўсе віды тэхнікі мець ня мае сэнсу. Адным камбайнам у сябе ўбралі 150 га. Трактароў трэба менш, хапае аднае сеялкі ды бульбакапалкі, бухгальтара аднаго на ўсіх. Не павінен кожны варыцца ва ўласным соку! Выцягнуць Ячонку з фэрмай, зямлёй, людзьмі, з усімі клопатамі пэнсіянэраў — мы гатовыя!»

Калгасная кухарка, цётка Леакадзія ледзь не малілася на Філіпавіча, як любоўна дагэтуль яго клічуць у вёсцы.

Леакадзія: «Нам дык палягчэла, што тут Філіпавіч. Я замяніла ў яго насеньне бульбы, у мяне цяпер „Скарб“ — добра накопваю. Пасадзілі „Скарб“, і скарб у хаце завёўся…»

Дзякуючы фэрмэрству дагэтуль працуе ды застаўся ў вёсцы 27-гадовы Алесь Валадзько.

Алесь: «Прыйшоў я з войска, мы зь сябрамі папілі гарэлку і праз пару дзён прыйшоў сюды, сеў на ЗІЛа кіроўцам. Зарабляю тут у 3–4 разы болей, чым у калгасе. І ёсьць ахвота да зямлі…»

Я прыехаў гэтым разам у Ячонку акурат на сёмыя ўгодкі заснаваньня фэрмэрскага аб’яднаньня. Як выявілася — афіцыйна яно не існуе, у той жа час хутка можа пашырыцца да памераў вобласьці. Мяне сустрэў сын — 50-гадовы спадар Уладзімір Радзевіч. Вялікі, мажны, вусаты, «зубар», як яго называюць працаўнікі, ён пасьля інсульту ў бацькі ўзяў усё кіраваньне справай на сябе. І ня проста ўправіўся — вывеў яе на міжнародны ўзровень. З Валодзем — мы адразу перайшлі на «ты» — пачалі гутарыць ужо ў кабіне «рафіка»: суразмоўца цэніць кожную хвіліну.

Карэспандэнт: «6 год таму вы з бацькам казалі, што маглі б усю Ячонку, як кажуць вайскоўцы, узяць „на забесьпячэньне“…»

Радзевіч: «Мне гэтага ўжо ня трэба, таму што браць Ячонку з фэрмай на 400 галоў — яна і так добра працуе, прыйшоў у СВК нармальны кіраўнік. У нашай гаспадарцы вызначылася вузкая спэцыялізацыя на вытворчасьці бульбы, хоць зерне, рапс, лубін застаюцца ў севазвароце. Цягам 7 год райарганізацыя вэтэранаў вайны і працы атрымлівае ад гаспадаркі ад 3 да 8 тон бясплатнай бульбы, а таксама інвалідам па зроку ды „калясачнікам“ пералічваю штогод ад мільёна да паўтара грошай. Каапэратыву ж — для таго каб працаваў, патрэбны яшчэ два кіраўнікі фэрмэрскіх гаспадарак — у аднаго ня вытрымалі нэрвы, слабы аказаўся, бо цяжкая праца, другі, Вася Скроб, памёр ад раку лёгкіх. Але каапэратывы такія працуюць ва ўсіх кропках Эўропы, і мы зараз выношваем гэтую ідэю…»

Карэспандэнт: «Мы — гэта хто?»

Радзевіч: «Ёсьць кансультатыўны аграрны цэнтар у Нямеччыне „Бэрн Шустэр“ — яго так і завуць. Ён сёньня па маёй просьбе вывучае, як перанесьці вопыт нямецкіх каапэратываў у Беларусь…»

Да ведама. Трэці год Уладзімір Радзевіч — паўнамоцны прадстаўнік найбуйнейшага на сёньня ў Нямеччыне вытворцы бульбы, фірмы «Эўраплянт». Пры ягоным пасярэдніцтве ў Беларусь пастаўлена 3 тысячы тон насеньня. У жніўні на базе «Сулы» ўпершыню прайшоў міжнародны Дзень палеткаў, у якім бралі ўдзел італьянскія, польскія, гішпанскія і, натуральна, нямецкія фірмы, што ня супраць гандляваць зь Беларусьсю.

Карэспандэнт: «А што станоўчага, калі вывучаў, ты ў іх убачыў?»

Радзевіч: «Кожны займаецца сваёй справай. Сёньня на галаве фэрмэра ўсё — вытворчасьць, бухгальтэрыя, продаж, маркетынг. Таму каапэратыў павінен захоўваць, перапрацоўваць і прадаваць. Гэта самастойная юрыдычная адзінка, якая мае свой рахунак, замаўляе прадукцыю па гатунках ды асартымэнце, купляе ды забясьпечвае яе рэалізацыю, як у Беларусі, так і за яе межамі. Спажывец — гурт фэрмэраў, і ня важна, дзе яны знаходзяцца…»

Карэспандэнт: «Геаграфічна ідэя можа быць рэалізавана і па-за межамі Ячонкі?»

Радзевіч: «Адназначна — гэта будзе Менская вобласьць. Створаны аграцэнтар „Сула“, заснавальнікам якога — наша фэрмэрская гаспадарка. Зроблены праект на гароднінасховішча на 8 тысяч тон. Гэта будзе база для агракаапэратыву. Мы будзем у фэрмэраў у сувязі з глебакліматычнымі ўмовамі замаўляць розныя гатункі. Мне таксама цікава хутчэй вытварыць і займацца сваімі справамі. Уласнае пашырэньне мне ня трэба, калі будзе каапэратыў. Фэрмэр працуе для сябе, для сям’і, для працаўнікоў. Мне дастаткова. „Сула“ сёньня — гэта 325 га зямлі, 10 працоўных, ураджайнасьць зерневых — 42 цэнтнэры з га, бульбы валавая вытворчасьць — каля 4000 тон, сёлета, думаю, больш будзе. Машынна-трактарны парк — 7 трактароў „Беларусь“, адзін „Джон Дзір“ і тры малых „Т-25“, чатыры „ЗІЛы“, адзін „МАЗ“, два нямецкіх бульбакапалачных, адзін беларускі зерняўборачны камбайны ды маса сельгасмашын. Наша прадукцыя ў мінулым годзе зарэкамэндавала сабе як якасная. Фірмовая тэхналёгія „Сулы“ — сымбіёз галяндзкай, нямецкай ды нашай вытворчасьці бульбы, якая на нашых землях дае цэнтнэраў з га — 400! Зарэгістраваны і запатэнтаваны таварны знак „Сула“…»


Карэспандэнт: «Валодзя, а рынкі збыту?»

Радзевіч: «Расея, Беларусь — адпрацаваная схема, працуем некалькі год. Для Казані толькі ў мінулым годзе паставілі паўтары тысячы тон бульбы, сёлета 2 тысячы тон у Санкт-Пецярбург ды Маскву. Бяруць з задавальненьнем — у мяне стаіць чарга з 10 пакупнікоў. У раёне машыны ня грузяцца…»

Карэспандэнт: «А кошты адрозьніваюцца ад звышкірмашовых, што на менскай Камароўцы?»

Радзевіч: «Займаемся толькі аптовым гандлем — Расея пералічвае па 5 рублёў за кг. Сёньня туды адгружаем па 80–100 тон у дзень…»

* * *

Пакуль Валодзя з галавой акунаецца ў апэратыўныя справы, праходжу па Ячонцы, дзе да трох соцень насельнікаў. Ля аўтобуснага прыпынку перакошаны праваслаўны крыж ды кінутая, закалочаная хаціна. Ля крамы спыняю 70-гадовага старажыла, што пад’ехаў на ровары, былога кіроўцу, спадара Мікалая Пярмінава. Той памятае далёкія калгасныя часы.

Пермінаў: «Сталіна імя было спачатку..»

Карэспандэнт: «Шэсьць год таму школу ўжо зачынілі, дзіцячы садок быў…»

Пермінаў: «Ой, зачынілі тры гады! Фэльчара не было — езьдзім у Рубяжэвічы за 14 км у бальніцу, у Стоўбцы за 9. Пэнсіі 600 рублёў. Маладыя ўсе паўцякалі — хто ў Стоўбцы, хто да Радзевіча…»

Убачыўшы нас, са складу падышоў перамазаны вугальным пылам качагар Уладзімер Трацьцяк. Спадар Уладзімер аказаўся і цяперашнім старэйшынам Ячонкі.

Карэспандэнт: «Стараста Яўсейчык хваліўся шэсьць год таму, што магільнік пачышчаны…»

Трацьцяк: «Цяпер запушчаны — ніхто на суботнік ня хоча ісьці. Крыж згніў — зараз паваліцца. Во дом зьнесьлі — гаспадар жыве ў Маскве, а ў сельсавеце дакумэнты прапалі, ня маем права зьнесьці. Хаты ёсьць з гаспадарамі, але за імі не глядзяць, зарасьлі. І штрафу нельга даць — не жывуць…»

За вёскай, на палетках Радзевіча, шпарка гуртаваў бульбу дзясятак працаўнікоў — Уладзімір увосень набірае да 20 чалавек. Былы будаўнік дрэваапрацоўчага аб’яднаньня ў Стоўбцах, 32-гадовы Дзяніс Клімовіч прыехаў да фэрмэра падзарабіць.

Клімовіч: «У ДОКу сталі мала плаціць. У мяне дзіця — споўніўся годзік, ад першай жонцы дачцэ 12 год, трэба алімэнты плаціць, а там мільён. 25% вылічаць — не пражыць. Тут у дзень выходзіць 60 тысяч…»

Карэспандэнт: «За месяц гэта ўдвая больш, чым у вашым ДОКу?»

Клімовіч: «Так, а там працаваў два дні праз два і па 50 тысяч. Праца ў фэрмэра — выратавальная палачка…»


Здалёк сам кліча пагутарыць кіроўца Хведар. Яму 56, але, кажа, «фраярыцца», як на 20.

Хведар: «Я кіроўца зь вялікай літары — працаваў на Кубані! Жонка адсюль. Тут на 100 пудоў пастаянна працую 5 год. Магу на трактары, на машыне, папрасіў скласьці гэты гурт — дапамагаю, бо зіма на двары…»

Карэспандэнт: «Колькі ў сярэднім выходзіць?»

Хведар: «Сакрэт фірмы, але за 2 мільёны…»

Сташэвіч: «А вы зь якога радыё? З Радыё Свабода? Занадта шчыльныя пытаньні…»

Гэта ў часе размоў да мяне прыглядаўся экс-старшыня раённага ДАСААФу, цяпер пчалавод, што наглядае за 40 вульлямі ў «Суле» — спадар Аляксандар Сташэвіч.


Сташэвіч: «Апыляць трэба ж грэчку ды лубін для падвышэньня ўраджайнасьці, дый ня лішняя крыніца даходу. І ў хаце мядок водзіцца…»

Карэспандэнт: «Сёньняшнія СВК і фэрмэрства — дзе плюсы, дзе мінусы?»

Сташэвіч: «Там не маё, чужое, тут плянуем паводле сваіх магчымасьцяў. А ў калгасе — крэдыт, калі-небудзь аддадзім, а мо й даруюць…»

Карэспандэнт: «Лукашэнка ж заявіў у Гродне, што больш дарма не атрымаюць…»

Сташэвіч: «Тады ня будзе калгасаў! Як сабе ў хаце там працаваць ня выйдзе, бо шмат выпадковых людзей і асноўны біч — „зялёны зьмей“…»

На другой ускраіне Ячонкі стаяць тры «прэзыдэнцкія домікі». У адзін зь іх 6 год таму ўсялілася шматдзетная сям’я 37-гадовага калгаснага сьлесара Аляксандра Кобзева. 9-гадовы Ванятка, 5-гадовы Дзімка ды 3-гадовы Нікітка былі ў садку, маці-бухгальтарка — на працы. Зьбіраўся на фэрму і сам гаспадар. У хаце, акрамя ложкаў ды стала, ніякай мэблі. Іван апавядае:


Кобзеў: «Ёсьць абавязалаўка — 10 год адпрацаваць, потым жыльлё наша. Поўнасьцю самі рамонт рабілі. Адзінае — была пакладзена плітка ў санвузьле ды ваннай. Падлогу, столі, сьцены рабілі за свае грошы. Хлеў, канечне, маленькі — у добрага гаспадара куратнік большы. Сьвіней трымалі — ня выйшла, бо жонка ў дэкрэтным і не было чым карміць…»

Карэспандэнт: «Што на фэрме з заробкам?»

Кобзеў: «У гэты месяц выйшла мільён семсот. У лік заробку бярэм масла, цукар, прадукты. Жонка каля мільёна атрымлівае ў бухгальтэрыі. У суседзяў, чуў, даярка мае максымум семсот тысяч — у нас мільён дзьвесьце…»

Карэспандэнт: «Уплывае неяк, што ў Радзевіча па два мільёны людзі маюць?»

Кобзеў: «Вядома, каб семсот, думаў бы, каб сарвацца і нешта лепшае знайсьці. Наступным годам ня ведаю, як дзяцей у садок і школу зьбяру зь сёньняшнімі цэнамі. Раней у крэдыт давалі, а цяпер адсоткі і працэдура такія, што больш за месяц дакумэнты зьбіраць — і адмовіліся. А наконт жыльля — бачыце, усё сыплецца. Каб адрамантаваць адразу — год ня есьці трэба…»

Вяртаюся на фэрмэрскі мэхдвор, дзе вольная хвіліна знайшлася ў маладзейшага Радзевіча. Задаю фэрмэрскаму «зубру», як яго называюць працаўнікі, пытаньні, што набраліся за сёньня.

Карэспандэнт: «Эканамічны крызіс, падвышэньне коштаў, падатковая сыстэма — як на вас уплываюць?»

Радзевіч: «Плацім, як і плацілі — у мінулым годзе да 400 мільёнаў падаткаў…»

Карэспандэнт: «Да перарываньня сувязяў з палітычных прычынаў Нямеччына была на Захадзе асноўным гандлёва-эканамічным партнэрам Беларусі. Сытуацыя можа адбіцца на вас?»

Радзевіч: «Для фэрмэраў палітыка — другі плян. Як былі дзелавыя адносіны зь нямецкімі фэрмэрамі, так і засталіся. Парамэтры адны — якасьць, дакладны вынік, недапушчальнасьць фінансавых памылак. І якія б ні былі палітычныя адносіны з Расеяй з-за газу, расейскі чалавек еў і будзе есьці бульбу…»

Карэспандэнт: «І ячонкаўскую ў тым ліку?»

Радзевіч: «Будзе там прадавацца адназначна. І гэта пытаньне мэнэджэраў па продажы, а не палітыкаў…»

Тым ня менш у «нізах» настрой на будучыню не настолькі аптымістычны. Пры ад’езьдзе ў мяне гучала ў вушах канцоўка размовы з памянёным Дзьмітрыем Клімовічам, які тры гады таму быў вымушаны зьехаць гастарбайтэрам.

Клімовіч: «Я ў Піцер езьдзіў на заробкі ў Кранштат. Падманваюць, паліцыя шчэміць — „брат-славянін, ідзі сюды і дай, міленькі!“ У месяц тры гады таму выходзіла да 500 даляраў — чапухня! Рабілі ад раньня да вечара. Ледзьве ўцёк, бо сачылі ад часу, калі квіток купляў. Даў грошай ахоўнікам, каб на цягнік пасадзілі — ведалі, што грошы ёсьць…»

Карэспандэнт: «За Лукашэнку галасаваў?»

Клімовіч: «Увогуле не хадзіў! І каго ні спытаеш — „і як ён выйграў?!“. У войску, мне расказвалі хлопцы, — паспрабуй за яго не прагаласуй! Я сам чарнобыльскі пасялянец з Нароўлі — раней ільготы былі, усё адняў. І што з мэдалёў тых, што далі? Заробкі становяцца меншыя — паднялі на 300 тысяч, а цэны яшчэ болей, і атрымалася ў мяне замест мільёна 750 тысяч, бо даляр падаражэў. Як і харчаваньне для дзіцяці. Дакладна тут нешта будзе — цярпеньне ва ўсіх скончылася…»
Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG