Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пра беларускіх вайскоўцаў у Лібіі: "Абсурд, дэзінфармацыя, бязглузьдзіца"


У беларускім Міністэрстве замежных спраў зьняпраўджваюць інфармацыю пра тое, што ў Лібіі затрымалі беларускіх вайскоўцаў. Са спасылкай на крыніцы ў Пераходнай нацыянальнай радзе Лібіі пра гэта паведамілі некаторыя інтэрнэт-рэсурсы.

У беларускім Міністэрстве замежных спраў зьняпраўдзілі інфармацыю, якую сёньня распаўсюдзілі некаторыя беларускія інтэрнэт-сайты адносна ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у ваенных дзеяньнях у Лібіі. Начальнік упраўленьня інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
"Гэта абсурдная заява, якая ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю. Беларускіх ваенных у Лібіі няма і ніколі не было. Заявы пра адваротнае бязглуздыя. Ня так даўно беларускі бок ужо даваў ацэнку такога кшталту дэзынфармацыі".

Паводле сайтаў, падчас баявых дзеяньняў у розных раёнах Лібіі затрыманыя каля трыццаці беларускіх вайскоўцаў. Пад вартай знаходзяцца каля 20 чалавек, каля дзесяці забітыя падчас захопу. Зь беларусамі, а бальшыня зь іх снайпэры, працуюць сьледчыя, якія спрабуюць высьветліць, як тыя трапілі ў Лібію і чым яны займаліся. Таксама, як распавёў адзін з украінскіх наймітаў сайту weekly.ua, у цэнтры Місураты "быў самы высокі будынак, там працавалі ўкраінскія і беларускія снайпэры. Падчас чарговага авіяналёту НАТО будынак зьнішчылі. Усе, хто быў усярэдзіне, загінулі".

У ваенным бюро Лібіі пры амбасадзе ў Беларусі гэтую інфармацыю ня сталі камэнтаваць.

Зьвесткі пра тое, што беларускія найміты ваявалі на баку зрынутага палкоўніка Муамара Кадафі, зьявіліся не ўпершыню. У красавіку мэдыі пісалі пра тое, што кантынгент беларускіх вайсковых дарадцаў у Лібіі дасягаў да пачатку ваенных дзеяньняў 500 чалавек. Хаця высокапастаўленых вайскоўцаў пераважна эвакуавалі зь Лібіі ў Менск. У іх былі індывідуальныя кантракты зь лібійскімі ўладамі. За паслугі арміі Джамахірыі найміт атрымліваў амаль тры тысячы даляраў у месяц. Дарадцы ня бралі ўдзелу ў ваенных дзеяньнях супраць паўстанцаў, але знаходзіліся на баявых пазыцыях. Тады ж беларускі МЗС выступіў з абвяржэньнем. Маўляў, беларускіх ваенных спэцыялістаў у Лібіі няма і быць ня можа.

Ваенны аглядальнік Аляксандар Алесін адзначае, што пра беларускіх вайскоўцаў у Лібіі ад пачатку году ў мэдыях згадвалі пяць разоў. Аднак на аўтарытэтных сайтах, якія пішуць на вайсковую тэматыку, такой інфармацыі няма. На гэты раз, паводле спадара Алесіна, яе крыніца даволі дзіўная.

"Крыніца заслугоўвае ня вельмі сур'ёзнага стаўленьня. Калі на пачатку
Крыніца заслугоўвае ня вельмі сур'ёзнага стаўленьня ...

году зьявілася інфармацыя пра беларускіх наймітаў, гэтым зацікавіўся Камітэт ААН і было вельмі многа шуму. І такое адчуваньне, што якасьць такіх паведамленьняў увесь час пагаршаецца, крыніцы ўсё слабейшыя, інфармацыя ўсё менш пераканаўчая. Таму яна выглядае даволі сумнеўнай".

Спадар Алесін нават не дапушчае, што дзейны беларускі вайсковец можа браць удзел у ваенных дзеяньнях у Лібіі, бо гэта не ў інтарэсах кіроўнага рэжыму ў Беларусі. Але верагодна, што беларускія грамадзяне, якія валодаюць вайсковай спэцыяльнасьцю, маглі як прыватныя асобы, паводле найму, ваяваць на тым ці іншым баку. Але пэўнай, дакумэнтальна пацьверджанай інфармацыі няма.

"Калі б яна была, то, канечне ж, і ААН, і НАТО, і Эўразьвяз скарысталі б яе для дыскрэдытацыі кіроўнага рэжыму. Таму мы можам гаварыць толькі тэарэтычна. Апроч таго, улічваючы кваліфікацыю беларускіх спэцыялістаў, традыцыйна высокую, цяжка дапусьціць, што людзям варта было ехаць так далёка ў Лібію, каб быць шараговымі снайпэрамі. Хутчэй запатрабаваныя тэхнічныя спэцыялісты. Гэта пілёты, спэцыялісты па абслугоўваньні авіяцыйнай, бранятанкавай тэхнікі і гэтак далей. Бо шараговыя штыкі і нават меткія стралкі — гэта байцы, якіх ня цяжка падрыхтаваць".

Хаця, паводле Алесіна, канфлікт у Лібіі прыцягнуў увагу так званых "гусей", "джэнтэльмэнаў удачы", і іх хапала з абодвух бакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG