Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя ў Вашынгтоне: Куды ідзе Беларусь?


Куды ідзе Беларусь? Ці Аляксандар Лукашэнка ў змозе палепшыць стасункі з Эўразьвязам і ЗША? Ці Беларусь прысуджаная на збліжэньне з Масквою? На гэтыя пытаньні на мінулым тыдні спрабавалі адказваць навукоўцы і палітыкі на канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, якая праводзілася Фондам Карнэгі.

Бакстэр Гант з Дзярждэпартамэнту ЗША пераконваў прысутных на канфэрэнцыі, што эканамічныя і візавыя санкцыі ЗША і Эўразьвязу ў адносінах да беларускага рэжыму маюць пэўны ўплыў на яго і павінны быць падоўжаныя:

«Наш адказ на расправу пасьля выбараў быў добра скаардынаваны, і важна, каб ЗША і Эўразьвяз утрымалі гэтае адзінства ў будучыні. Мы ўсе спадзяемся на зьмены ў Беларусі, і заахвочваем Беларусь памяняць свой курс, але маючы на ўвазе 17 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, мы маем права на скептыцызм. Калі Беларусь сапраўды памяняе курс, яна адкрые багаты набор магчымасьцяў у нашых узаемных адносінах» – заявіў Гант.

Прафэсар Мічэл Орэнстайн з Унівэрсытэту Джонса Гопкінса ацаніў палітыку Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі як мала выніковую. Паводле Орэнстайна, Брусэль ня мае ні сапраўдных пернікаў, ні сапраўдных бізуноў для Менску.

Брусэль ня мае ні сапраўдных пернікаў, ні сапраўдных бізуноў для Менску

«Няма пернікаў, бо пернік сяброўства зьняты з павесткі дня і не разглядаецца. Гэткім чынам, нельга пакарыстацца самай магутнай зброяй або самым магутным чыньнікам уплыву. Таму палітыка Эўразьвязу зводзіцца да прапановаў іншых пернікаў, якія, шчыра кажучы, недастатковыя. Няма таксама бізуноў, бо хоць Эўразьвяз і ўвёў санкцыі, то гэтыя санкцыі не займелі пажаданага ўплыву, а ў Эўразьвязе няма зашмат іншых эфэктыўных сродкаў, каб справіцца з праблемай, якая ўсё застаецца нявырашанай» – сказаў Орэнстэйн.

Аляксей Пікулік зь Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, які закрануў пытаньне адносінаў Менску з Масквою, сказаў на канфэрэнцыі, што гэтыя адносіны наогул сузіраюцца праз прызму трох мітаў, якія ня маюць шмат супольнага з рэальнасьцю.

«Першы міт – гэта тое, што Расея марыць ад палітычным паглынаньні Беларусі і адабраньні сувэрэнітэту ад беднага беларускага народу. Другі міт – гэта тое, што Расея хоча прыватызаваць усю беларускую эканоміку за цану аднаго даляра. Трэці міт – гэта тое, што Расея нічога так не баіцца, як магчымасьці Беларусі пачаць дыялёг з Захадам» -- сказаў Пікулік.

Паводле Пікуліка, цяперашняе статус-кво ў беларуска-расейскіх адносінах захаваецца як мінімум да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG