Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО завяршае місію ў Лібіі


Узброеныя сілы краінаў НАТО, як і ўсёй міжнароднай кааліцыі, завяршаюць свае апэрацыі ў Лібіі. Гэта робіцца згодна з рашэньнем Рады бясьпекі ААН, якая 27 кастрычніка прагаласавала за заканчэньне дзеяньня мандату сілаў кааліцыі ў гэтай краіне.


Дзеяньні НАТО ў Лібіі заканчваюцца адначасова з канцом вайны. Дыктатар Кадафі забіты. Нацыянальная пераходная рада Лібіі бярэ на сябе адказнасьць за далейшы лёс краіны пасьля 42 гадоў тыраніі.

Таму саюз НАТО, які адыграў жыцьцёва важную ролю ў абароне мірнага насельніцтва і ў падтрымцы паўстанцкага руху, лічыць сваю місію ў Лібіі завершанай.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн, абнародаваўшы рашэньне Паўночна-атлянтычнай рады, сказаў журналістам, што апэрацыі ў Лібіі заканчваюцца 31 кастрычніка, праз тыдзень пасьля таго, як паўстанцы забілі Муамара Кадафі.

Для НАТО сьмерць тырана сымбалізавала вызваленьне Лібіі. А Нацыянальная пераходная рада палічыла за лепшае, каб сілы НАТО працягнулі місію ў Лібіі яшчэ на месяц.

Часовы ўрад матываваў сваю просьбу неабходнасьцю дапамогі, пакуль будзе працягвацца раззбраеньне паўстанцкіх атрадаў. Акрамя таго, у Трыпалі асьцерагаліся новых выступленьняў рэшткаў войскаў былога рэжыму, прыхільнікаў Кадафі.

Аглядальнікі лічаць, што дзякуючы рашучым дзеяньням авіяцыі і ракетным ударам ЗША і іншых краін НАТО паўстанцкі рух атрымаў перамогу над войскам дыктатара, бо ў першыя месяцы народнага руху паўстанцы несьлі цяжкія страты. Сілы краін НАТО ўмяшаліся ў Лібіі згодна мандату Рады бясьпекі ААН, каб абараніць грамадзянскае насельніцтва краіны.

На думку генэральнага сакратара, «апэрацыя «Аб'яднаны абаронца» -- адна з самых пасьпяховых у гісторыі альянсу».

«Мы пачалі гэтую комплексную апэрацыю хутчэй, чым калі-небудзь раней. Мы правялі яе эфэктыўна, гнутка, у згодзе са шматлікімі партнэрамі ў рэгіёне і за яго межамі. І мы заканчваем гэтую апэрацыю добра ўзважаным і кантраляваным спосабам, бо наша ваенная праца зараз завершаная", - заявіў Расмусэн.

Ён дадаў, што не прадугледжвае ніякай значнай ролі Паўночна-атлянтычнага альянсу ў далейшых падзеях у Лібіі. Разам з тым прадстаўнікі НАТО мяркуюць, што асобныя краіны-сябры альянсу могуць дапамагаць новым лібійскім ўладам ва ўсталяваньні дэмакратычнага ладу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG