Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік – пра падарожжы ў прасторы і часе


Тацяна Барысік
Тацяна Барысік
Я во нідзе не была і жывая, - сьцьвярджала калісьці мая бабуля, якая нарадзілася і жыла ўвесь час на Бабруйшчыне. Я хоць і люблю вандроўкі, на жаль, далей за паўднёвы захад Магілёўшчыны з дому выбіраюся рэдка. Але прызнаю – за Бабруйскам таксама ёсьць зямля і жыцьцё. Калі вы са мною згодныя і прыгожыя краявіды ды далягляд вабяць вас, запрашаю далучыцца да разнастайных падарожжаў, удалых і ня вельмі, надараюцца ж і такія, у кампаніі беларускіх ды замежных пісьменьнікаў.

Рышард Капусьцінскі. Падарожжы з Герадотам.

Менск, выдавец І.П. Логвінаў, 2009

Гэтую кнігу Рышарда Капусьцінскага, сусьветна вядомага рэпарцёра, пісьменьніка, ураджэнца Піншчыны нельга пакінуць па-за ўвагай. Бо, па-першае, расповяд вядзецца аб камандзіроўках у неспрыяльны час па экзатычных землях Кітаю, Індыі, краінах Афрыкі, дзе бальшыня з нас ніколі не была і не пабудзе. Па другое – повязь часоў, філязофскія развагі, паралелі з нататкамі старажытнага мысьляра Герадота, які ў сваім жыцьці таксама багата вандраваў, і, як лічыць Рышард Капусьцінскі, быў першым рэпарцёрам у гісторыі чалавецтва.

Віталь Вольскі. Падарожжа па краіне беларусаў. Нарысы.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 2006

Гэтыя падарожныя нарысы запрашаюць усіх жадаючых, дарослых і школьнікаў, падзівіцца хараству і разнастайнасьці прыроды і гістарычнай своеасаблівасьці нашай бацькаўшчыны. Першая іх частка - “Палёт скрозь стагодзьдзі” - захапляльная вандроўка на кіліме-самалёце па-над абшарамі Беларусі даўнейшых часоў цікава і зразумела знаёміць з гісторыяй і прыродай старажытнасьці. Прычым, акцэнт робіцца ня столькі на войны і палітычныя падзеі, колькі на побыт, штодзённыя клопаты нашых продкаў, жывёлах і расьлінах, што калісьці тутака расьлі і вяліся.

Наступныя часткі нарысаў клічуць у Белавескую пушчу, Бярэзінскі запаведнік, на беларускае Паазер’е, на Палесьсе. Тут знойдзеце малавядомыя падрабязнасьці з жыцьця жывёлаў птушак, краявіды, не кранутыя чалавекам. Толькі, на жаль, гэта таксама падарожжа ў часе, хаця ва ўступным слове абяцалі сучаснасьць. Дзе там! З часоў напісаньня нарысаў у 40-60-я гады шмат вады сплыло. На некаторых з апісаных земляў, дзякуючы мэліярацыі і чарнобылю, не засталося ўжо ані тых зьвяроў, ані людзей.

Бернар Клавэль. Бацькава падарожжа. З кнігі “Гісторыя каханьня”.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 1994

Падарожжы часам надараюцца і ня толькі з цікавасьці, а і з неабходнасьці. Вось і селянін Кантэн выпраўляецца напярэдадні Калядаў у горад, каб прывезьці на сьвяты дадому дачку Марыю-Луізу. Яна некалькі гадоў таму з’ехала зь вёскі ў Ліён па лепшае жыцьцё, каб “зрабіць сябе самой”, кажучы сучаснаю мовай. Мяркуючы па лістах бацькам і падарункам сястры, ёй гэта ўдалося. Марыя-Луіза працуе настолькі дбайна, што нават Каляды ня мае магчымасьці правесьці зь сям’ёй. Бацька вырашае паехаць да яе гаспадароў і паразмаўляць. Але дабраўшыся да месца, ён дазнаецца – Марыя-Луіза даўно там не працуе, больш таго – яна зусім ня тая, за каго сябе выдае. Бацька пакутліва шукаў дачку па самых розных месцах, зазнаў безьліч душэўных пакутаў, але так і ня здолеўшы сустрэцца з ёю, вяртаецца дадому. Ці адважыцца ён расказаць пра ўсё сямейнікам і хлопцу, закаханаму ў Марыю-Луізу?

Яўген Радкевіч. Аповесьць “У Агароднікі па песьні”. З кнігі “Горны мёд”.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 1982

Навуковец Карповіч, спэцыяліст па фальклёры, разам з супрацоўнікамі радыё едзе ў камандзіроўку ў аддаленую вёску запісваць тамтэйшыя сьпевы. Але высьвятляецца, што мала таго, што ягоныя спадарожнікі – кампанія малапрыемная для разумнага і сумленнага чалавека, дык яшчэ і песьні мясцовага хору – кепская копія абрыдлых шлягераў. Камандзіроўку можна было б лічыць няўдалай, але сустрэчы з мясцовымі людзьмі, чалавечыя лёсы, роздум, гутаркі, назіраньні па-за афіцыйнаю часткаю нясуць неацэнны жыцьцёвы досьвед, дапамагаюць найлепш зразумець жыцьцё навокал. Захапляюся сьмеласьцю і майстэрствам аўтара, што здолеў шчыра пры дапамозе, здавалася б, нязначных дэталяў выкрыць суцэльнае валадарства хлусьні і прыстасавальніцтва ў краіне квітнеючага сацыялізму.


Уладзімер Саламаха. “На зялёных промнях бярозы”. Эсэ.

З кнігі “Напрадвесьні”, Менск, “Юнацтва”, 2001

Эсэ – фактычна хроніка воднага падарожжа пісьменьніка на катамаране па рацэ Бярэзіне. На гэтым шляху яго і ягоных спадарожнікаў напаткаюць ня толькі прыгожыя краявіды і адчуваньне еднасьці з прыродай, а і шматлікія перашкоды, якія трэба адолець або абысьці, бо яны часта тояць у сабе рэальную пагрозу маёмасьці, здароўю, нават жыцьцю. Прычынаю нягодаў сталася ня толькі прыродная стыхія, а і ліхія людзі на запаведных мясьцінах сярод памяркоўных беларусаў. Ніколі б не падумала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG