Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляны на жыцьцё пасьля Лукашэнкі


Прага
Прага
На канфэрэнцыі ў Празе «Беларусь на мяжы. Пляны на жыцьцё пасьля Лукашэнкі» з большай увагай гаварылі пра тое, як мяняць беларускае грамадзтва, а не цяперашні палітычны рэжым.

У сераду і чацьвер у Празе адбылася міжнародная канфэрэнцыя «Стратэгічны форум ЗША і Цэнтральнай Эўропы», якую наладзіў амэрыканскі Цэнтар аналізу эўрапейскай палітыкі. У форуме бралі ўдзел і беларускія палітолягі – выкладчык ва Ўнівэрсытэце Заходняга Лёндану (University of West London) Яраслаў Крывой і экспэрт зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Знаткевіч: Дыскусія па Беларусі ў Празе мела назву «Беларусь на мяжы. Пляны на жыцьцё пасьля Лукашэнкі». Ці можна сказаць, што сярод заходніх экспэртаў сапраўды пашырылася думка, што Беларусь ужо на мяжы зьменаў і варта плянаваць жыцьцё пасьля Лукашэнкі?

Мельянцоў: Можна сказаць, што такая думка пашыраная ўжо даўным-даўна. Бо на меркаваньне заходніх экспэртаў і палітыкаў дастаткова моцна ўплываюць нашы апазыцыйныя лідэры, якія ўжо больш за 10 гадоў кажуць пра тое, што вось-вось беларуская эканоміка абрынецца і трэба думаць, як перахопліваць уладу. Таму я б не сказаў, што адбыліся нейкія якасныя зьмены. Беларусь проста стала трошкі больш гучным пытаньнем і з-за леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і таксама з-за таго эканамічнага крызісу, які зараз мае месца ў краіне.

Знаткевіч: А ці не адбылося адваротнага эфэкту: беларускія апазыцыйныя палітыкі 10 гадоў запар кажуць – «воўк-воўк», зараз усё абрынецца! І праз гэтыя 10 гадоў заходнія палітыкі пачнуць думаць наадварот – нават калі ёсьць рэальны крызіс, беларуская сыстэма больш устойлівая, чым пра яе думаюць?

Мельянцоў: Яно менавіта так і адбываецца, таму што галоўным вынікам сёньняшняй дыскусіі было разуменьне таго, што патрэбная доўгатэрміновая заходняя стратэгія што да Беларусі, якая б улічвала неабходнасьць паступовых зьменаў і працы з грамадзтвам, а ня працы на хуткую зьмену рэжыму, на нейкую каляровую рэвалюцыю. Патрэбнае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю, з пэўнымі групамі ўнутры насельніцтва, каб паступова зьмяняць іх у бок большае эўрапейскасьці і дэмакратычнасьці.

Знаткевіч: Тое ж пытаньне Яраславу Крывою – пра якія пляны пасьля Лукашэнкі вялося на гэтай канфэрэнцыі?

Крывой: Назва канфэрэнцыі складалася зь дзьвюх частак: «Беларусь на мяжы. Пляны на жыцьцё пасьля Лукашэнкі». Я б пагадзіўся, што Беларусь на мяжы, але магчыма, што жыцьцё пасьля Лукашэнкі не адразу пачнецца. Таму для мяне была больш важная якраз другая частка – падрыхтоўка да таго часу, калі ў Беларусі ўсё ж такі нешта зьменіцца. І, мне здаецца, сярод удзельнікаў быў кансэнсус наконт таго, што трэба, нягледзячы на тое, што цяпер адбываецца, трэба думаць пра будучыню, трэба гадаваць тую эліту, якая калісьці стане кіраваць краінай. Гэта значыць, што трэба для студэнтаў ствараць магчымасьць бясплатнай ці таннай адукацыі ў Эўропе, для агульнай масы насельніцтва рабіць бясплатнымі візы ці наогул іх адмяніць, а таксама іншымі спосабамі спрабаваць беларускае грамадзтва інтэграваць у эўрапейскую супольнасьць. У адрозьненьне, напрыклад, ад іншага падыходу, які канцэнтруецца на тым, каб памяняць палітычны рэжым. Мяняць грамадзтва было больш важнай тэмай, чым мяняць палітычны рэжым.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

Гутарка з Я. Крывоем і Дз. Мельянцовым 27 кастрычніка 2011 году
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG