Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна спроба ўратаваць Грэцыю і эўразону


На саміце краін ЭЗ, які завяршыўся ў ноч на 27 кастрычніка, прыняты антыкрызісны плян для Эўропы. Аб гэтым заявіў на прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт саміту эўразоны Герман ван Ромпэй.

Згодна з гэтым плянам, Грэцыя зможа атрымаць да 100 мільярдаў эўра фінансавай падтрымкі ад ЭЗ і МВФ у рамках рэструктурызацыі даўгоў. Пазыкі гэтай самай праблемнай краіны могуць быць сьпісаныя амаль на 50%.

Як адзначыў ван Ромпэй, уцягненьне прыватных інвэстараў у працэс выратаваньня Грэцыі будзе добраахвотным. Яшчэ да пачатку саміту зьявілася інфармацыя аб тым, што самыя буйныя банкі, якія маюць на сваіх балянсах грэцкія аблігацыі, гатовыя панесьці страты дзеля стабільнасьці ў Эўропе.

Акрамя таго, Герман ван Ромпэй заявіў, што "дасягнута пагадненьне аб давядзеньні памераў Стабілізацыйнага фонду да 1 трлн. эўра". Ён падкрэсьліў, што гаворка ідзе не аб "жывых" грошах, а аб "складанай сыстэме банкаўскіх гарантый", пад якія фонд зможа прыцягваць крэдыты на фінансавых рынках. Таксама будзе створана дадатковая фінансавая стабілізацыйная структура для прыцягненьня замежных дзяржаўных і прыватных сродкаў да фінансаваньня эўрапейскіх стабілізацыйных праектаў.

Яшчэ адно важнае рашэньне, аб якім паведаміў ван Ромпэй: краіны эўразоны абвясьцілі аб намеры прыняць звод "залатых правілаў бюджэтнай дысцыпліны". Паводле ван Ромпэя, галоўная мэта тут - "вяртаньне дзяржаваў эўразоны да збалянсаванага бюджэту". Як сьцьвярджаецца, у зборы правіл зьявіцца норма аб абавязковым захаваньні краінамі эўразоны ліміту дэфіцыту дзяржбюджэту ў 3 % ВУП і ліміту дзярждоўгу ў 60 % ВУП. Да гэтага часу краіны, якія ўваходзяць у эўразону, пастаянна парушалі гэтыя ліміты.

Доналд Туск, Дэвід Кэмэран, Ангела Мэркель, Герман ван Ромпэй ў часе саміту
Доналд Туск, Дэвід Кэмэран, Ангела Мэркель, Герман ван Ромпэй ў часе саміту
Саміт Эўрапейскага зьвязу, у параўнаньні зь нядаўняй сустрэчай у тым жа фармаце 23 кастрычніка, гэтым разам прайшоў хутка, арганізавана і, як вынікае з запэўненьняў прэм'ера Польшчы, якая старшынствуе ў Эўразьвязе, мірна:

Галоўным пытаньнем было, як нам хутчэй дамовіцца аб праграме рэкапіталізацыі банкаў, распавёў на прэс-канфэрэнцыі Дональд Туск. Пасьля нашай нарады пачалася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў зоны эўра. На нашай нарадзе абмяркоўваліся вельмі важныя пытаньні, зьвязаныя з эўра, якія маюць наступствы для ўсіх краін Эўразьвязу. Мы настойвалі на інтэграцыі зоны еўра, але такой, якая б не аслабіла эканамічнай канвэргенцыі ўсяго Эўрапейскага зьвязу. Мы гаварылі аб фінансавым крызісе, мы гаварылі аб эканамічным кіраваньні, аб самых важных праблемах у зоне эўра і ў Эўразьвязе. Але, вядома, галоўны вынік сустрэчы лідэраў 27 дзяржаў - гэта дамоўленасьць па рэкапіталізацыі банкаў, замацаваная ў прынятай самітам дэклярацыі. З прычыны выключных абставінаў, гаворыцца ў гэтым дакумэнце, уласны мінімальны капітал банкаў павінен быць даведзены да дзевяці працэнтаў ад іх актываў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG