Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не дэпутат выбарцам, а выбарцы дэпутату


Дэпутат Гомельскага гарадзкога савету Дзьмітры Нілаў прапанаваў выбарцам, якія прасілі даць ім справаздачу па дэпутацкай дзейнасьці, самім арганізаваць зь ім сустрэчу.

"Калі вы ініцыюеце сустрэчу са мной, то і арганізацыя такой сустрэчы ўскладаецца на вас. Час і месца сустрэчы прашу ўзгадніць са мной загадзя", — гаворыцца ў адказе Нілава на зварот больш як 300 выбарцаў.

Дэпутат у сваім лісьце запатрабаваў, каб была даверанасьць, якая ўпаўнаважвае грамадзяніна, які перадаў 304 подпісы дэпутату, выступаць "па даручэньні грамадзянаў-выбарцаў Лазурнай выбарчай акругі № 31".

"З тэксту падпісных лістоў таксама не відаць, што грамадзяне выбарцы ўпаўнаважвалі (адпраўніка звароту) прадстаўляць іх інтарэсы", — лічыць Нілаў.

"Дэпутат Савету арганізуе сустрэчу, калі яна праводзіцца зь ягонай ініцыятывы. А ў адваротным выпадку хай сустрэчу арганізуюць самі выбарцы", — лічыць Нілаў.

"Хто сёньня можа даць гарантыі грамадзянам, што арганізацыя сустрэчы са сваім дэпутатам зь іхнай ініцыятывы (...) ня будзе прыраўнаная да правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства?" — задаецца пытаньнем актывіст кампаніі "Наш дом" Андрэй Аксёнаў.

Калектыўны зварот выбарцаў арганізавала грамадзянская кампанія "Наш дом", нагадвае БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG