Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гімн, які пакуль ня стаў дзяржаўным


1991-шы вачыма ўдзельніка

У лістападзе 91-га Васіль Уладзімеравіч Быкаў перадаў мне ліст, якім, па яго словах, я мог распарадзіцца па ўласным меркаваньні. Але адзін асобнік (усяго іх было тры, аддрукаваных на машынцы), ён папрасіў занесьці Сярэдзічу ў «Народную газэту», рэдакцыя якой мясьцілася тады ў Доме ўраду. Прачытаўшы, я сказаў, што перадам ліст таксама афіцыйна, з рэгістрацыяй, у сакратарыят Вярхоўнага Савету.


Ліст падпісалі Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Адзін асобнік я занёс у сакратарыят ВС, другі аддаў Сярэдзічу, а трэці пакінуў сабе.

Гэты аркуш цяпер перада мной.

Прозьвішча Быкава ў лісьце на апошнім месцы, паводле альфабэту. Але я зразумеў ужо тады, што пісаў яго Васіль Уладзімеравіч — нават у гэтых некалькіх радках адчуваўся стыль быкаўскай публіцыстыкі.

Гаворка ішла пра гімн новаўтворанай беларускай дзяржавы.


Заява Алеся Адамовіча, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава пра дзяржаўны гімн. 13 лістапада 1991 г. З архіву С. Навумчыка
Заява Алеся Адамовіча, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава пра дзяржаўны гімн. 13 лістапада 1991 г. З архіву С. Навумчыка
«Агульнавядома, што без нацыянальнай сымболікі немагчыма пасьпяховае ажыцьцяўленьне высакароднай ідэі самавызначэньня народу. Выдатна, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь нарэшце зразумеў важнасьць у гэтай справе нацыянальна-гістарычнага падыходу, і народу вернуты ягоны гістарычны сьцяг і старажытны герб. Застаецца гімн. Цяпер аб’яўлены конкурс на тэкст гімну і ягоную музыку. Але ці трэба нам новы, сьвежаствораны, не ахрышчаны часам і гісторыяй каньюнктурны гімн? Ці хутка ён стане адной з важнейшых сьвятыняў нацыі? Асабліва калі ў гістарычнай народнай памяці яшчэ велічна гучыць колішні, ахрышчаны нешчасьлівым лёсам (дарэчы, тым, які хрысьціў беларускі народ і саму Рэспубліку Беларусь) гімн на словы Макара Краўцова. А між тым, гэта велічная мэлёдыя і выдатны тэкст. І ня так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя. Гэта зусім ня той выпадак, калі патрэбна злабадзённасьць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краін звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаны крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла.

Мы прапануем узаконіць гімн на словы М.Краўцова, ажыцьцявіўшы тым важнейшы дзяржаўны акт на шляху да сапраўднай сувэрэннасьці Рэспублікі Беларусь.

Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, 13 лістапада 1991 г.»

Гаворка ішла пра гімн, які выкарыстоўваўся слуцкімі паўстанцамі, што ўзьняліся ў абарону БНР і вядомы па першым радку вершу — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Аўтарам тэксту быў Макар Краўцоў (1891-1939), удзельнік Слуцкага паўстаньня, кіраўнік паўстанцкай друкарні ў Клецку, пазьней — выкладчык Радашковіцкай беларускай гімназіі, аўтар кнігі «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі». Музыку напісаў Уладзімер Тэраўскі (1879-1938), кіраўнік харавой капэлы Беларускага савецкага тэатру, пазьней — хормайстар БДТ-1 (Купалаўскага тэатру). Абодва арыштоўваліся польскімі акупацыйнымі ўладамі за беларускую нацыянальную дзейнасьць. За тое самае арыштоўваліся НКВД — месца іх расстрэлу і пахаваньня невядомае, але Тэраўскі, напэўна, ляжыць у Курапатах.

Увосень 91-га, калі Быкаў перадаў мне ліст, у Беларускім Народным Фронце «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ведалі як гімн БНР. Яшчэ гады за тры да гэтага мала хто мог сказаць нешта пра яго, роўна як і пра Пагоню ды нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг: савецкая прапаганда дзесяцігодзьдзямі вынішчала гістарычную памяць. У 50-80-ыя гады нацыянальную ідэю (як і нацыянальныя сымбалі) перахоўвала дыяспара — і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» гучаў на кожнай імпрэзе ў замежных беларускіх асяродках.

Зрэшты, традыцыя не спынілася, адкрываюцца імпрэзы ім і цяпер. А завяршаюцца — выкананьнем «Магутнага Божа» Міколы Равенскага на словы Натальлі Арсеньевай. І ў пачатку 1990-ых гэты твор таксама называўся ў ліку магчымага дзяржаўнага гімну Беларусі.

Адамовіч, які ў юнацтве ваяваў у партызанскім атрадзе, Барадулін, які страціў на вайне бацьку — адказалі (тады, у 91-ым і на будучыню) усім тым, хто засьцерагаў ад «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» на той падставе, што яго «сьпявалі калябаранты».

Верш Натальлі Арсеньевай «Магутеы Божа», набраны і раздрукаваны Васілём Быкавым, зь ягонай карэктарскай праўкай. 2003 г
Верш Натальлі Арсеньевай «Магутеы Божа», набраны і раздрукаваны Васілём Быкавым, зь ягонай карэктарскай праўкай. 2003 г
А празь нейкі час Быкаў, які прайшоў усю вайну з фашызмам, выкажа стаўленьне і да «Магутнага Божа». У сакавіку 2003-га, у Празе, Васіль Уладзімеравіч набярэ на сваім ноўтбуку гэты тэкст Натальлі Арсеньневай і возьме яго з сабой на ўрачыстае пасяджэньне ў Люстраной залі Клемэнтынуму, прысьвечанае гадавіне БНР. Разам з усімі Васіль Уладзімеравіч прасьпяваў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» і «Магутны Божа», выступіў з прамовай — тое была апошняя публічная прамова Быкава.

Між іншым, у сьвеце ёсьць прыклады суіснаваньня двух гімнаў — дзяржаўнага і духоўнага.

Самы вядомы — у Злучаных Штатах Амэрыкі. Там дзяржаўным гімнам зьяўляецца The Star-Spangled Banner (Зорны сьцяг), а «другім», неафіцыйным — God Bless America («Божа блаславі Амэрыку». Музыку да яго, дарэчы, напісаў народжаны ў Магілёве Ірвінг Бэрлін.


У сваёй кнізе «Сем гадоў Адраджэньня...» я выказаў сумнеў, што наўрад ці тады, у лістападзе 1991-га, «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» мог быць зацьверджаны ў якасьці дзяржаўнага гімну Вярхоўным Саветам — бо былыя камуністы ўжо адышлі ад «пасьляпутчаўскага» шоку і блякавалі прапановы Апазыцыі БНФ. Але з другога боку, эталёны дзяржаўных сымбаляў — «Пагоні» і Бел-чырвона-белага сьцяга — былі зацьверджаныя Вярхоўным Саветам яшчэ пазьней, ў сьнежні.

Значыць, шанец усё ж быў.

Праўда, дзеля гэтага, як мінімум, гэта мусіла падтрымаць «профільная» парлямэнцкая камісія — Камісія ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.

Але яна гэтага не зрабіла, выказаўшыся за правядзеньне конкурсу.

Як вядома, падчас галасаваньня па сьцягу і гербу 19 верасьня 1991 г. некаторыя дэпутаты (напрыклад, Міхаіл Марыніч) таксама прапаноўвалі не прымаць «Пагоню» і Бел-чырвона-белы сьцяг, а абвясьціць конкурс. Мы ўспрымалі гэтую прапанову як слаба прыхаваную спробу пазбавіць беларускі народ ягоных нацыянальных сымбаляў, і нам удалося пераканаць большасьць дэпутацкага корпусу прагаласаваць за «Пагоню» і нацыянальны сьцяг. Удалося ў значнай ступені таму, што за іх выступіла і камісія ВС.

У выпадку з гімнам, мы не атрымалі падтрымкі Камісіі ВС.

Лёс дзяржаўнага гімну Беларусі склаўся зусім ня так, як прапаноўвалі тры выбітныя пісьменьнікі.

Конкурс цягнуўся некалькі гадоў — аж да прыходу да ўлады Лукашэнкі, калі зьнявага нацыянальных каштоўнасьцяў зрабілася часткай дзяржаўнай палітыкі. Пазьней адзін з членаў парлямэнцкай Камісіі, Алег Трусаў, у эфіры «Свабоды» скажа, што прычынай валтузьні было жаданьне некаторых паэтаў самімі стаць аўтарамі гімну; пры гэтым імёны Трусаў не назваў. Калі больш дакладна, дык тады, у пачатку 90-ых, дэпутаты ВС называлі толькі адно прозьвішча.

Старшынём Камісіі Вярхоўнага Савету па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны быў Ніл Гілевіч.

Учытаемся ў тэкст Макара Краўцова.

«Гвалту мы дамо адпор», «магутны, сьмелы наш беларускі вольны дух», «на бой!», «браты, цярпелі мы даволі, на бой — усе да аднаго!», «сілу беларуса, няхай пачуе й ўбачыць той, хто сьмее нам чыніць прымусы», «хай гром грыміць яшчэ мацней!», — лексыка, якая выяўляе рашучасьць «народнага руху», які пакрыў «штандар наш бел-чырвонав-белы». Рашучасьць абараніць сваю зямлю, свой гонар, сваю свабоду.

Не магу ўстрымацца ад паралеляў і параўнаньня з прынятым пры Лукашэнку дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь.

Нехта ў сучасным гімне можа заўважыць у згадках пра «мірных людзей» і «шчырым сяброўстве» ды «працавітасьці» — пакорлівасьць, рахманасьць, якасьці на пэўных гістарычных этапах ня самыя карысныя, калі не сказаць — шкодныя. Напрыклад, калі трэба вызваляцца ад зьнешняй акупацыі. Альбо — ад унутранай тыраніі.

Іншыя справядліва ўбачаць у словах «у бiтвах за волю, бiтвах за долю, свой здабывалi сьцяг перамог!... горда ж узьвiся ў ясныя высi, сьцяг пераможны — радасьцi сьцяг» — той самы сьцяг, які ўзьвіўся над прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй пасьля нелегітымнага «рэфэрэндуму» 1995 году ўзамен разьдзёртага на кавалкі Ціцянковым бел-чырвона-белага сьцяга, і які калі і сымбалізуе нейкую перамогу, дык — перамогу Лукашэнкі («Ён цалкам парабаціў гэты народ» — так калісьці вызначыў сутнасьць той перамогі Васіль Быкаў). Бо ні ў якіх іншых бітвах, ні пад Грунвальдам, ні ў дні Слуцкага паўстаньня, ні ў часы Другой усясьветнай вайны чырвона-зялёны сьцяг не ўздымаўся — яго папросту не было. Могуць прыгадаць пра спартовыя перамогі, пасьля якіх падымаюць чырвона-зялёны сьцяг і гучыць «гімн», але заўзятары сьведчаць, што беларускія спартоўцы звычайна ў часе яго выкананьня маўчаць. Ці то ня ведаюць тэксту, ці то ня лічаць патрэбным яго сьпяваць.

Верыцца, што ў дэмакратычнай Беларусі будзе існаваць сапраўды нацыянальны, ахрышчаны гістарычным лёсам гімн.

І ўсё ж, пагаджаючыся з трапным вызначэньнем Быкава пра архаічнасьць тэксту гімнаў як іх станоўчую адметнасьць, трэба прадбачыць, што два апошнія радкі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ў постлукашэнкаўскай Беларусі набудуць актуальнае гучаньне, канстатуючы цяжкую працу стварэньня дэмакратычнай дзяржавы і — даючы веру ў пасьпяховы вынік:

У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё рэспублікі сваёй!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG