Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатараў заклікаюць падумаць, перш чым галасаваць за рэпрэсіўныя законапраекты


Беларускія недзяржаўныя арганізацыі перадалі 19 кастрычніка ў Савет Рэспублікі зварот з заклікам не прымаць антыканстытуцыйныя законапраекты, прынятыя Палатай прадстаўнікоў, якія абмяжоўваюць правы і свабоды беларусаў.

«Мы лічым, што гэтыя законапраекты супярэчаць Канстытуцыі, а таксама Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і міжнародным абавязацельствам Беларусі, у прыватнасьці, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, асноўным прынцыпам АБСЭ па свабодзе мірных сходаў, накіраваны на празьмернае абмежаваньне правоў і свабодаў грамадзян, перашкаджаюць нармальнаму грамадзкаму дыялёгу ў Беларусі», — адзначаецца ў звароце.

Прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый прапануюць адхіліць законапраект аб унясеньні зьменаў у закон аб масавых мерапрыемствах, законапраект аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у закон аб палітычных партыях і арганізацыях і іншыя, якія тычацца дзейнасьці апазыцыі.

Пры прыняцьці рашэньня аўтары звароту прапаноўваюць улічваць меркаваньне грамадзкасьці і азнаёміць зь ім чальцоў Савета Рэспублікі. У сувязі з гэтым да звароту прыкладаецца аналіз гэтых зьмяненьняў і дапаўненьняў, падрыхтаваны праваабарончымі арганізацыямі краіны.

Подпісы пад дакумэнтам паставілі кіраўнікі каля дваццаці арганізацый. Сярод іх прадстаўнікі Цэнтра прававой трансфармацыі, Беларускага Хэльсынскага камітэта, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Цэнтра па правах чалавека, Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў.

Аўтары ліста спадзяюцца атрымаць абгрунтаваны адказ па сутнасьці гэтага калектыўнага звароту.

Чарговае пасяджэньне сэсіі Савета Рэспублікі плянуецца правесьці 21 кастрычніка. Прадстаўнікі беларускіх НДА спадзяюцца, што прынятыя Палатай прадстаўнікоў законапраекты, якія абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян краіны на гэтай сэсіі будуць адхіленыя.


Горадня


Аналіз законапраектаў, якія маюць рэпрэсіўную накіраванасьць, прадстаўнік БХК у Горадні Раман Юргель перадаў чальцам Савету рэспублікі:

Сямёну Шапіру — старшыні аблвыканкаму,
Вітольду Песьцісу — рэктару Аграрнага ўнівэрсытэту й кіраўніку абласной арганізацыі аб’яднаньня «Белая Русь»
і Людміле Сяўко.
Сэнатару Аляксандру Курловічу, які быў у дарозе, спадар Юргель растлумачыў сваю мэту па тэлефоне.

У аналітычнай запісцы падкрэсьліваецца, што новыя законапраекты супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і міжнародным абавязаньням краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG