Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аб даце нараджэньня актывісткі кампаніі «Гавары праўду»


У Вярхоўным судзе сёньня пачаўся працэс паводле пазову грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» да Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі. Прадстаўляць інтарэсы арганізацыі ў судовую залю прыйшлі былыя палітвязьні Ўладзімер Някляеў і Сяргей Вазьняк.

Пазоўнікі Сяргей Вазьняк, Уладзімер Някляеў і прадстаўнік Мін’юсту Валерый Зінкевіч.

Рэспубліканскае дасьледча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Гавары праўду» спрабуе дамагчыся легальнага статусу ўжо другі раз. Першы раз Мін’юст адмовіў грамадзянам у рэгістрацыі іх арганізацыі пасьля таго, як частка заснавальнікаў на чале з Уладзімерам Някляевым была арыштаваная і знаходзілася ў СІЗА КДБ, а офіс кампаніі быў апячатаны. Тады Мін’юст знайшоў у пададзеных дакумэнтах нейкія памылкі, але выправіць іх з камэры «амэрыканкі» было немагчыма.

Вызваліўшыся са сьледчага ізалятара, Уладзімер Някляеў, Сяргей Вазьняк і іншыя актывісты кампаніі зноў падалі дакумэнты на рэгістрацыю аб’яднаньня «Гавары праўду». І зноў адмова. Мін’юст матываваў яе памылкамі ў гарантыйным лісьце ад уласьніка офіса, які пагадзіўся даць арганізацыі юрыдычны адрас. Фактычна размова ідзе пра адну памылку, якую прызналі пазоўнікі, — у даце нараджэньня аўтаркі гэтага ліста Ніны Пахлопкі, якая паблытала месяц свайго нараджэньня. Гэта ўжо знаёмыя перадузятыя прычэпкі, кажа спадарыня Пахлопка, таксама актывістка кампаніі «Гавары праўду»:

«Не было б гэтага, выдумалі б нешта яшчэ. Заўсёды яны бралі нешта больш важкае, а цяпер на пустым месцы… Але тут зразумела, што гэта палітычная справа, скіраваная супраць Някляева».

Мін’юст палічыў памылку ў даце нараджэньня спадарыні Пахлопкі «непапраўнай», як і тое, што яе гарантыйны ліст быў накіраваны на адрас аб’яднаньня, а не на адрас іх ведамства, як патрабуюць унутраныя інструкцыі.
Няма падставаў для таго, каб сёньня нам адмовіць у рэгістрацыі, але заўтра будзе адмова.

Калі б у Мін’юста была добрая воля, памылкі можна было б выправіць за 30 хвілін. А так судовы працэс будзе доўжыцца як мінімум два дні. Сёньня адбылося апытаньне бакоў, вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы, дэбаты. Пракурор на працэсе Ўладзімер Ляўдацкі заклікаў суд адхіліць пазоў заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду», спасылаючыся якраз на няправільную форму гарантыйнага ліста. З аналягічных прычын раней не была зарэгістраваная арганізацыя «За свабодныя выбары», якую ўзначальвалі перад мінулай прэзыдэнцкай кампаніяй Сяргей Калякін і Віктар Карняенка, і тады Вярхоўны суд падтрымаў рашэньне Мін’юста. І ў тым, і ў гэтым выпадку ўлады кіруюцца палітычнымі матывамі, супраць няўрадавага сэктару ў Беларусі дзейнічае ўстаноўка ўладаў: не дазваляць, мяркуе Ўладзімер Някляеў:

«Няма падставаў для таго, каб сёньня нам адмовіць у рэгістрацыі, але заўтра будзе адмова. Аднак кампанія будзе працягвацца, мы зноў будзем падаваць на рэгістрацыю. А не зарэгіструем — значыць, будзем працаваць так, як працуем, як працуюць практычна ўсе грамадзкія арганізацыі ў Беларусі. Відавочна, што робіцца: ідзе ціск на грамадзянскую супольнасьць. Ня хоча гэты рэжым мяняцца, рэфармавацца, і я ўсё больш задаю сабе пытаньне: скажы ты мне, Някляеў, доўга ты яшчэ будзеш насіцца з гэтым дыялёгам з уладай? Па-мойму, ужо даўно пара яго вырашаць, і не ў станоўчы бок».

На думку іншага пазоўніка, Сяргея Вазьняка, нягледзячы на перадзвызначанасьць рашэньня Вярхоўнага суду, трэба ісьці да канца:

«Мін’юст сам сябе заганяе ў кут. Мы зноў пройдзем на рэгістрацыю трэцім разам і ўсе дакумэнты напішам так па-дэбільнаму, як яны папрасілі тут у судзе, ня так, як у законе, а як у іх лісьце. Што яны трэці раз будуць прыдумляць для адмовы, мы ўжо самі ня ведаем».
Сяргей Вазьняк на ганку Вярхоўнага суду.

Судзьдзя Мікалай Бабкоў зьбіраецца агучыць рашэньне заўтра а 14-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG