Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ведаюць заходнеэўрапейцы пра злачынствы камунізму?


Андэрс Х'емдал
Андэрс Х'емдал
Прадстаўнікі 20 установаў з 16 краінаў Эўропы сустракаюцца ў Празе, каб абмеркаваць, якім чынам пашырыць сярод эўрапейцаў веды пра злачынствы камунізму. Карэспандэнт Свабоды Чарлз Рэкнэйгел у гутарцы з Андэрсам Х'емдалам з заснаванага ў 2006 годзе Стакгольмскага Інстытуту інфармацыі аб злачынствах камунізму спрабаваў высьветліць, чаму шмат заходнеэўрапейцаў і, у прыватнасьці, швэдаў так мала ведаюць пра камуністычную мінуўшчыну.

Х'емдал: Веды пра гэтыя рэчы не павінны былі б быць праблемай, асабліва калі ўлічыць, што некалькі краінаў-суседзяў Швэцыі сталіся ахвяраю нападу і паўстагодзьдзя былі акупаваныя камуністамі. Але, на жаль, такіх ведаў насамрэч амаль няма. Калі вы малады швэд, і для вас важныя правы чалавека і свабода, вельмі імаверна, што вы будзеце насіць футболку з выявай Чэ Гевары і значок з чырвонай зоркай, і слухаць рок-гурты, якія сьпяваюць пра рэвалюцыю. І вельмі верагодна, што вы будзеце лічыць свабодны рынак, глябалізацыю і капіталізм несправядлівымі, жорсткімі і прыгнятальнымі, а сацыялізм і камунізм будуць для вас надзеяй на лепшую будучыню.

Калі я вучыўся ў школе ў Швэцыі, мы нічога не вучылі пра краіны-суседзі на іншым баку Балтыйскага мора, нягледзячы на тое, што да іх ад нас зусім нядоўгае падарожжа на караблі. Іх нібы зусім не існавала.
90 % вучняў ніколі ня чулі пра Гулаг, хоць пяць з найбліжэйшых суседзяў Швэцыі былі акупаваныя камуністамі паўстагодзьдзя.

Карэспандэнт: Ці здолелі групы кшталту вашай неяк зьмяніць сытуацыю, увёўшы адукацыю аб злачынствах камунізму ў цяперашнюю школьную праграму?

Х'емдал: Мы былі даволі пасьпяховыя як ў вызначэньні праблемы, гэтак і ў арганізацыі дыскусіі, а таксама ва ўнясеньні зьменаў у адукацыйную сыстэму, дзе вывучэньне злачынстваў камунізму цяпер абавязковае, гэтак жа як і злачынстваў нацыянал-сацыялізму ў Нямеччыне. Калі мы распачыналі дыскусію ў Швэцыі ў 2007 годзе, мы правялі дасьледаваньне ведаў маладых людзей наконт камунізму і нядаўняй гісторыі. Мы ўжо ведалі, што гэтыя веды даволі слабыя, але ня ведалі, у якой ступені, і нам былі патрэбныя надзейныя факты, таму мы правялі апытаньне па ўсёй краіне.

Дзевяноста працэнтаў вучняў ніколі ня чулі пра Гулаг, хоць пяць з найбліжэйшых суседзяў Швэцыі былі акупаваныя камуністамі паўстагодзьдзя. Гэтую лічбу, 90 працэнтаў, можна было параўнаць з тым, што 95 працэнтаў былі добра інфармаваныя пра Асьвенцім і Галакост. Таксама 43 працэнты апытаных лічылі, што камуністычныя рэжымы агулам за мінулае стагодзьдзе зьнішчылі менш за мільён чалавек, а кожны пяты апытаны назваў лічбу ахвяраў ад нуля да 10 тысяч. Сапраўдная лічба каля 100 мільёнаў ахвяраў, і гэта, магчыма, яшчэ кансэрватыўная ацэнка.

Карэспандэнт: А як наконт сытуацыі ў іншых частках Заходняй Эўропы? Што мы ведаем пра ўзровень ведаў наконт камуністычных злачынстваў у іншых краінах, дзе праводзіліся дасьледаваньні?

Х'емдал: Было некалькі дасьледаваньняў, не зусім аналягічных нашым, але падобных, якія ў значнай ступені паўтарылі нашыя вынікі. Таму сытуацыя вельмі падобная. Мы цяпер працуем над агульнаэўрапейскім дасьледаваньнем, якое упершыню дасьць нейкія грунтоўныя адказы.

Карэспандэнт: Зразумела, калі не хапае інфармацыі аб тым, як мала людзі ведаюць пра злачынствы камунізму, то цяжэй зацікавіць урады, каб выправіць праблему. Але ці ёсьць таксама іншыя перашкоды? Ці супрацьстаяць вам камуністычныя альбо сацыялістычныя партыі, якія не давяраюць вашым матывам і разглядаюць вашыя намаганьні, як спробу іх дыскрэдытаваць?
Калі вы прытрымліваецеся ўтапічнай ідэалёгіі, настолькі дыскрэдытаванай гісторыяй, як камунізм ці сацыялізм, дык факты і гісторыя будуць вашымі галоўнымі ворагамі

Х'емдал: Вядома ж. Я магу пачаць з уласнай краіны, Швэцыі, якой кіраваў урад сацыялістаў, які ў пляне захаваньня ўлады цалкам залежаў ад Камуністычнай партыі большую частку пасьляваеннага пэрыяду, амаль 50 гадоў. Гэта мела вельмі канкрэтны ўплыў на інфармацыю, як у мэдыях, што былі цалкам кантраляваныя дзяржавай, гэтак і ў адукацыі, якая таксама была цалкам кантраляваная дзяржавай. Таму гэта бясспрэчна. Таксама ёсьць супрацьдзеяньне з боку крайняй лявіцы, частка зь якой вельмі актыўная. Але я лічу гэта непазьбежным, бо калі вы прытрымліваецеся ўтапічнай ідэалёгіі, настолькі дыскрэдытаванай гісторыяй, як камунізм ці сацыялізм, дык факты і гісторыя будуць вашымі галоўнымі ворагамі. Ад гэтага нікуды не падзецца.

Карэспандэнт: Вы ў Празе на двухдзённай сустрэчы 20 эўрапейскіх установаў, якія нагадваюць людзям пра злачынствы камунізму. Гэтая сустрэча – частка працэсу, які пачаўся ў 2008 годзе, калі вядомыя эўрапейскія палітыкі, праваабаронцы і ахвяры камунізму сустрэліся ў чэскай сталіцы, каб прыняць Праскую дэклярацыю, што заклікае да агульнаэўрапейскага асуджэньня і вывучэньня злачынстваў камунізму. У пятніцу 14 кастрычніка ў гэтым працэсе будзе важны этап, бо 20 установаў маюць падпісаць «Плятформу эўрапейскай памяці і сумленьня». Да якіх ключавых рэчаў заклікае гэтая плятформа?

Х'емдал: Плятформа заклікае да большых намаганьняў у сфэры адукацыі, адзначэньня дзён памяці ахвяраў таталітарызму, як нацызму, гэтак і камунізму, да правядзеньня дасьледаваньняў, пра якія я казаў раней, да адкрыцьця архіваў спэцслужбаў і да шмат якой іншай дзейнасьці такога кшталту. Гэта павінна ня толькі ўзмацніць разуменьне мінулага, але і засьцерагчы супраць будучага паўтарэньня таталітарызму і антыдэмакратычных рухаў, бо гэта няспынны працэс, ён ніколі не канчаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG