Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны гвалт хочуць легалізаваць


Прыняцьцё рэпрэсіўнага заканадаўства будзе азначаць легалізацыю гвалтоўных мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі. Пра гэта заявілі лідэры арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі на адмысловай прэс-канфэрэнцыі ў Менску. У прэс-канфэрэнцыі бралі ўдзел праваабаронцы Алег Гулак, Вольга Смалянка, Валянцін Стэфановіч і прадстаўнік Асамблеі недзяржаўных арганізацый Сяргей Лісічонак.

Лідэры арганізацый грамадзянскай супольнасьці заклікалі кіраўніка Беларусі, Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў адмовіцца ад законапраектаў, якія скіраваныя на парушэньне правоў і свабодаў грамадзянаў. Гэта тычыцца паправак у закон аб органах дзяржаўнай бясьпекі, якія накіраваны ў Палату прадстаўнікоў, а таксама ў законы аб партыях, грамадзкіх аб'яднаньнях, якія ўжо прынятыя ў другім чытаньні. Тэкст супольнай заявы агучыў Сяргей Лісічонак. У ёй гаворыцца:

"Мы лічым, што прыняцьце гэтых дакумэнтаў скіраванае на запалохваньне беларускай грамадзкасьці, ставіць пад пагрозу вяртаньне краіны на шлях нармальнага разьвіцьця і заганяе яе ў стан самаізаляцыі. Прыняцьце такога рэпрэсіўнага заканадаўства будзе азначаць легалізацыю гвалтоўных мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, створыць у краіне атмасфэру страху, падштурхне грамадзтва да радыкалізму і зробіць немагчымым канструктыўны грамадзкі дыялёг".

Прадстаўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка адзначыла, што законапраекты рыхтаваліся і прымаліся патаемна і закрыта ад грамадзкасьці. Яны маюць шырокія фармулёўкі: да прыкладу, караць двухгадовым зьняволеньнем плянуюць нават за атрыманьне замежных грантаў на правядзеньне сэмінараў. А пад здраду дзяржаве падпадае любая дапамога, якая, на думку ўладаў, ідзе на шкоду нацыянальнай бясьпецы.

"Груба кажучы, калі нейкі грамадзянін прадставіў інфармацыю, а потым нейкая замежная арганізацыя выкарыстала яе не ў інтарэсах краіны, то грамадзянін нясе адказнасьць за гэта. І такая адказнасьць — да 15 гадоў пазбаўленьня волі".

Таксама, паводле Вольгі Смалянкі, у выпадку прыняцьця законапраекту грамадзкім аб'яднаньням забараняецца мець рахункі за мяжой.

Паводле старшыні БХК Алега Гулака, зьмены ў закон аб органах дзяржаўнай бясьпекі накіраваныя на тое, каб істотна пашырыць магчымасьці КДБ, прычым тут праглядаецца "яўнае перавышэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта", а органы дзяржбясьпекі "яўна заточваюцца на барацьбу з палітычнымі апанэнтамі". Папраўкі ў законапраекты спадар Гулак назваў страшылкамі.

Алег Гулак
Алег Гулак
"Яны накіраваныя на тое, каб легалізаваць тыя незаконныя дзеяньні, якія ўжо прадпрымаліся і за якія мы сур'ёзна крытыкавалі дзяржаўныя структуры, сілавыя структуры. І сэнс будзе ў тым, каб аказваць запалохвальны ўплыў на будучае разьвіцьцё падзей".

Шырокія фармулёўкі, паводле спадара Гулака, даюць магчымасьць "вытлумачваць закон, як гэта выгадна ў палітычных інтарэсах".

Сябра "Вясны" Валянцін Стэфановіч дадаў, што гэтымі законапраектамі ўлада адрэагавала на актыўнасьць грамадзянаў 19 сьнежня і цягам апошніх месяцаў.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
"Дастаткова будзе гэтага цудоўнага артыкула, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за перамяшчэньне, захоўваньне замежнай дапамогі, якая расходуецца на забароненую законам дзейнасьць. А што можа пад гэтым у нашай краіне разумецца? Дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі, якая ў нас забаронена. Вось вам дадатковы яшчэ склад крымінальнага злачынства".

Паводле Валянціна Стэфановіча, гэтыя папраўкі палітычна матываваныя і супярэчаць Канстытуцыі. Новыя зьмены накіраваныя на дзейнасьць грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычнай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG