Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭС пачнуць будаваць у 2012 годзе, нягледзячы на пратэст Літвы


Беларуская АЭС будзе на 90 працэнтаў будавацца за расейскія грошы. Пратэст Літвы наконт выбару пляцоўкі Менскам да ўвагі не прымаецца.

Беларусь разьлічвае прыступіць да будаўнічых работ непасрэдна на пляцоўцы будучай АЭС у 2012 годзе. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску:

«Мы прыступілі да праектных працаў па асобных аб’ектах станцыі. Будаўнічыя працы пачнём у наступным годзе, з выхадам на пляцоўку».

Міхадзюк таксама паведаміў, што генэральны кантракт з Расеяй будзе падпісаны ў пачатку 2012 году.

Паводле ягоных словаў, Расея дасьць Беларусі дзяржаўны экспартны крэдыт на будаўніцтва АЭС і інжынэрнай інфраструктуры ў суме ня менш як 90% ад кошту кантракту.

У аб’ём абавязкаў расейскага боку ўваходзіць фінансаваньне будаўніцтва аб’ектаў вытворчай інфраструктуры і інжынэрных сетак і камунікацый будучай АЭС. Фінансаваньне жыльля для працаўнікоў станцыі Беларусь павінна весьціся за кошт уласных сродкаў або іншых крэдытных рэсурсаў.

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў Беларусі тым часам заявілі, што Літва мае права не прызнаваць выбар Беларусьсю Астравецкай пляцоўкі для разьмяшчэньня АЭС, аднак Менск рашэньне ўжо прыняў і яно адпавядае ўсім міжнародным нормам.

«Гэта права Літвы — прызнаваць ці не прызнаваць выбар Астравецкай пляцоўкі. Тое, што Літва не задаволеная слуханьнямі і кансультацыямі — гэта іх права. Наша права — прымаць рашэньне», — заявіў начальнік упраўленьня дзяржаўнай экспэртызы міністэрства Аляксандар Андрэеў, якога цытуе «Інтэрфакс».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG