Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Сяргея Алексіевіча дапыталі ў справе нападу на Дом правасудзьдзя

Belarus - House of Justice in Minsk, 12may2010
Belarus - House of Justice in Minsk, 12may2010
Непаўналетняга актывіста Сяргея Алексіевіча дапыталі ў Маскоўскім РАУС Берасьця ў справе падпалу Дома правасудзьдзя ў Менску 15 траўня.

Сяргей распавёў, што яго выклікалі і дапытвалі быццам бы ў якасьці сьведкі па гэтай справе, але пратакол не складалі.

"Мне патэлефанавалі яшчэ ўчора, каб прыйшоў у РАУС на гутарку ў любы зручны час на тыдні. Аднак сёньня атрымаў позву, што выклікаюся ў якасьці сьведкі. Праўда, там не паведамлялася, па якой справе. Калі прыйшоў у РАУС, то сказалі, што праходжу сьведкай па справе нападу на Палац правасудзьдзя. Пыталіся, дзе быў у той дзень, што рабіў… Зьдзівіла, што іх цікавіла, ці ўмею рабіць "кактэйль Молатава", — распавёў Сяргей Алексіевіч.

Пасьля гутарка перайшла й на іншыя тэмы, не зьвязаныя з падпалам Дома правасудзьдзя: "Яшчэ міліцыянтаў цікавіла, ці датычны я да "рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" і Народнага сходу. Пыталіся, у якіх суполках сацыяльнай сеткі "Ўкантакце" я знаходжуся. Я сказаў ім, што ня памятаю".

У чэрвені ў Сяргея Алексіевіча адбываўся ператрус. Тады міліцыянты паказалі пастанову на ператрус паводле крымінальнай справы пра падпал Дома правасудзьдзя.

Алексіевіча некалькі разоў затрымлівалі міліцыянты напярэдадні маўклівых акцыяў.
XS
SM
MD
LG