Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Карфаген павінен быць разбураны"?


Аркадзь Мошас
Аркадзь Мошас
Апошнюю заяву кіраўніцы зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан наконт перамоваў з афіцыйным Менскам, а таксама іншыя аспэкты эўрапейскай палітыкі мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара дасьледчых праграм па "Усходнім суседзтве" ЭЗ і Расеі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзя Мошаса.

Дракахруст: Учора кіраўнічка зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан заявіла, што дыялёгу з афіцыйным Менскам ня будзе да тае пары, пакуль усе палітвязьні ў Беларусі ня будуць вызваленыя і рэабілітаваныя. На ваш погляд, чаму Эўропа займае такую пазыцыю? Большая частка палітвязьняў ужо вызваленая. Чаму ня робіцца ніякіх жэстаў у бок Беларусі, чаму Эўропа, як старажытны Катон, паўтарае - Картаген павінен быць разбураны, палітвязьні павінны быць вызваленыя, толькі тады мы будзем з вамі размаўляць ?

Мошас: Мне зусім не здаецца, што Эўропа ў цэлым прытрымліваецца пазыцыі, якую агучыла сп-ня Эштан, і паўтарае, што Картаген павінен быць разбураны. Адначасна мы чуем заявы пра 9 мільярдах даляраў. Пазыцыя ЭЗ ня зводзіцца да нейкага аднаго пастуляту і многія яе элемэнты указваюць на тое, што гандаль - адкрыты ці патаемны -- ідзе.
А другое, гэта тое, што ЭЗ, каб выглядаць крэдытаздольным, павінен быў бы спыніць ствараць відовішча множнасьці курсаў і сапраўды настойваць на тым, што ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Інакш Эўразьвяз дэзавуюе ўсё тое, што ён спрабаваў рабіць і гаварыць, пачынаючы са сьнежня.

Дракахруст: А чаму Лукашэнка не вызваляе тых, што застаўся за кратамі? Падчас перамоваў з баўгарскім міністрам замежных справаў ён нібыта абяцаў усіх вызваліць да пачатку кастрычніка. Чаму ж яны яшчэ ня вызваленыя?

Ёсьць ускосныя прыкметы таго, што дыялёг вядзецца

Мошас: Для сп-ра Лукашэнкі важна, каб не ўзьнікала ўражаньне безагаворачнай капітуляцыі, а каб узьнікала ўражаньне агаворанага, шляхам перамоваў дасягнутага кампрамісу. Ён менавіта такім чынам спрабуе абставіць сытуацыю. Ёсьць ускосныя прыкметы таго, што дыялёг вядзецца. Канфэрэнцыя Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, якая не скасаваная, але дазвол на яе не даецца. Гэта зьявы розных маштабаў, але аднаго пляну. Лукашэнку важна стварыць уражаньне, што зь ім вядуць перамовы і зь ім дамаўляюцца.

Дракахруст: Нешматлікасьць акцый пратэсту (дэманстрацыя воплескаў, Стоп-бэнзін, Народны сход), якія прайшлі ў Беларусі ў апошнія тыдні, неяк уплывае на пазыцыю Захаду, на пазыцыю Эўропы?

Мошас: Я мяркую, што ўплывае. Калі б пратэсты былі шматлюдныя, калі б яны нарасталі, то зьмены ў эўрапейскай палітыцы мелі б месца. Але мне здаецца, што Захад зараз даволі рэалістычна глядзіць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі і не пераацэньвае пратэстны патэнцыял.

Дракахруст: Чаму жорсткія ўмовы,зьвязаныя з вызваленьнем палітвязьняў, выстаўляюцца менавіта Беларусі? Палітзьняволеныя ёсьць у Азэрбайджане, ў Казахстане, ў Туркмэністане, ва Ўзбэкістане, ў Расеі, сёньня ва Ўкраіне быў абвешчаны надзвычай цяжкі прысуд былому прэм'еру Юліі Цімашэнцы. Чаму гэты краінам не выстаўляюцца такія ўмовы, як Беларусі?

Мошас: Украіне ўмовы выстаўляюцца і публічная пазыцыя Эўразьвязу была агучаная. Але ў цэлым пастаноўка пытаньня заканамерная. У мяне ёсьць парадаксальны адказ - на Беларусь і Ўкраіну спрабуюць ціснуць, бо ня лічаць гэтыя выпадкі безнадзейнымі. В адрозьненьні ад іншых краін, пра якія вы казалі.

А па-другое так ці інакш ЭЗ зьяўляецца закладнікам сваёй пазыцыі, менавіта рэжым Лукашэнкі быў столькі разоў абвешчаны "апошняй дыктатурай Эўропы", што па меншай меры частцы эўрапейскіх палітыкаў прасьцей прытрымлівацца гэтай пазыцыі, чым мяняць яе.

Дракахруст: Пэўны час таму група амэрыканскіх экспэртаў, у тым ліку і былых дзяржаўных службоўцаў, абнародавалі канцэпцыю новай палітыкі Захаду адносна Беларусі. Гэта ўвасабленьне жорсткай лініі, аўтары канцэпцыі лічаць, што Лукашэнка зараз слабы як ніколі і трэба ціснуць на яго, пакуль не адбудзецца дэмантаж рэжыму. Наколькі эфэктыўнай вам падаецца гэтая канцэпцыя і ці будзе яна прынятая на ўзбраеньне як ЗША, так і Эўразьвязам?

Існуюць пункты гледжаньня, што рэжым Лукашэнкі лепш, чым зьяўленьне яшчэ адной Паўднёвай Асэтыі

Мошас: Мне цяжка ацэньваць патэнцыйную эфэктыўнасьць гэтай канцэпцыі, бо я не лічу высока імаверным яе прыняцьцё ў бліжэйшы час. Існуюць альтэрнатыўныя пункты гледжаньня наконт таго, што рэжым Лукашэнкі лепш, чым зьяўленьне яшчэ адной Паўднёвай Асэтыі на заходняй мяжы Расеі, г.з. рэжыму, які будзе значна больш ляяльным да Масквы, чым рэжым Лукашэнкі. Уся дыскусія яшчэ наперадзе. Гэтая канцэпцыя дастаткова павярхоўна ставіцца да таго клубка эканамічных зацікаўленасьцяў - рэальных і патэнцыйных, якія тычацца Беларусі і якія могуць быць рэалізаваныя пры захаваньні сп-ра Лукашэнкі ва ўладзе. Зьяўленьне ў публічнай прасторы такога жорсткага пункту гледжаньня па-свойму нават станоўчая зьява, яна ініцыюе дыскусію. Але казаць пра пэрспэктывы прыняцьця і тым больш рэалізацыі такой канцэпцыі на мой погляд зарана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG