Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовая рэформа: варыянт Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка падпісаў Пасланьне аб пэрспэктывах разьвіцьця сыстэмы агульных судоў Рэспублікі Беларусь. Сярод іншага ў ім гаворыцца пра інстытут прысяжных засядацеляў і зьмякчэньне пакараньняў. Як ацэньваюць прапанаваныя навацыі беларускія юрысты і праваабаронцы.

Апрача магчымасьці ўвядзеньня ў судовую сыстэму Беларусі інстытуту прысяжных засядацеляў дакумэнт прадугледжвае стварэньне спэцыялізаваных судоў, увядзеньне элемэнтаў апэляцыі ў крымінальны працэс, заснаваньне папярэдняга судовага пасяджэньня па крымінальных справах. Прапануецца зьняць ніжнюю мяжу пакараньняў па шэрагу артыкулаў, дазволіць спыняць крымінальны перасьлед у выпадку "дзейснага раскаяньня" падсьледнага і прымірэньня з пацярпелымі. Прапаноўваецца таксама перайсьці да мякчэйшых відаў пакараньня, скараціць лік асуджаных да зьняволеньня.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч перакананы, што ў гэтым дакумэнце шмат сапраўды рэвалюцыйных прапановаў, скіраваных на лібэралізацыю і гуманізацыю судовай сыстэмы:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
"Найперш гэта суд прысяжных, па-другое — тое, што ўводзяцца апэляцыйныя інстанцыі, тое, што юрысдыкцыя судоў будзе больш дыфэрэнцыяваная. Разгалінаваньне юрысдыкцыі, па ідэі, павінна спрыяць якасьці судовых рашэньняў. Немалаважны момант — тое, што хочуць адмяніць працэдуру ўзгадненьня судзьдзяў зь мясцовымі органамі ўлады, тое, што мы заўсёды вельмі жорстка крытыкавалі, таму што гэта вельмі моцна ўплывае на незалежнасьць судовай сыстэмы. Наколькі гэта паспрыяе таму, што судовая сыстэма стане больш незалежнай у нашых умовах — тут я ніякіх прагнозаў рабіць ня буду. Але ў прынцыпе гэтыя прапановы шмат у чым выглядаюць досыць цікава".

Валянцін Стэфановіч зазначае, што судовая сыстэма Беларусі засталася такой, якой яна была ў часы СССР. Прапановы яе рэфармаваньня, у тым ліку і ўвядзеньня суду прысяжных, якія гучалі ў 90-х, так і засталіся ў Беларусі нерэалізаванымі — у адрозьненьне ад краін-суседзяў.

Юрыст Гары Паганяйла зазначае, што шмат якія цяперашнія прапановы нагадваюць палажэньні Плятформы судова-прававой рэформы, зацьверджанай Вярхоўным Саветам у 1993 годзе, але не рэалізаванай у сувязі са зьменай рэжыму ў Беларусі. Тады за гэта браліся з мэтай дэмакратызацыі судовай сыстэмы, набліжэньня яе да стандартаў Рады Эўропы, куды імкнулася Беларусь. Гары Паганяйла мяркуе, што цяпер, уносячы лібэральныя прапановы, беларускае кіраўніцтва таксама хоча прадэманстраваць Захаду сваю гатоўнасьць да рэформаў і дэмакратычных пераўтварэньняў:

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
"Але баюся, што пры Лукашэнку ўсе гэтыя рэформы асуджаныя на дыскрэдытацыю. Будзе дыскрэдытаваны і суд прысяжных, таму што гэта будзе ня той суд, які мы чакаем. Тут важна, як фармуецца корпус прысяжных засядацеляў, як ідзе адбор — я ж выкажу сумнеў, што ён будзе пазытыўным і дэмакратычным пры той сыстэме і тых прынцыпах судаводзтва, якія мы, на жаль, назіраем у нас, у тым ліку і па палітычна матываваных справах".

Для рэалізацыі судовай рэформы патрэбныя зьмены ў шмат якіх заканадаўчых актах, на гэты момант яна існуе ў выглядзе ідэяў. Плян захадаў для іх рэалізацыі даручана ў месячны тэрмін распрацаваць Вярхоўнаму суду разам з Вышэйшым гаспадарчым судом, урадам і Генэральнай пракуратурай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG