Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Алеся Бяляцкага не даходзяць лісты


Сваякі і паплечнікі арыштаванага кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага заклапочаныя тым, што ўжо больш за месяц не атрымліваюць ад яго лістоў.

"Мы ўстурбаваныя, што фактычна згубілі сувязь з Алесем. Мы не атрымліваем ад яго лістоў і падазраем, што нашы лісты да яго таксама не даходзяць, хаця мы і сваякі пішам лісты рэгулярна і ў вялікай колькасьці. Нас гэта моцна турбуе, асабліва ў сытуацыі, калі цягам бліжэйшых двух тыдняў можа пачацца суд над Алесем", - сказаў праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

Працэс над Бяляцкім павінен адбыцца ў Першамайскім судзе Менску, але яго дата пакуль не прызначаная.

"Мы разглядаем гэтую сытуацыю зь лістамі у зьвязку з агульным пагаршэньнем сытуацыі з палітвязьнямі. Улады працягваючы жорсткія рэпрэсіі супраць палітвязьняў Статкевіча, Саньнікава і Дашкевіча, да Бяляцкага вырашылі ўжыць такую меру - цалкам яго ізаляваць. Мы ня ведаем, што зь ім наогул адбываецца", - сказаў праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія шлі на праваабарончую дзейнасьць. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага ў Менску. Ня выключана, што пры канцы кастрычніка пачнецца разгляд ягонай справы ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG