Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халіп пра новых неўязных: "Чаму толькі 16? Гэтага мала"


Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу пастанавіла далучыць 16 асобаў да сьпісу 192-х беларускіх чыноўнікаў, неўязных на тэрыторыю ЭЗ. Іх банкаўскія актывы ў Эўропе замарожваюцца. Санкцыі Эўразьвязу працягнутыя да 31 кастрычніка 2012 году.

У беларускім Міністэрстве замежных спраў адзначаюць, што "само па сабе гэта рашэньне ня мае ніякага значэньня". Эўразьвяз ужо ня раз цягам бягучага году "звяртаўся да ціску на Беларусь". У адмысловай заяве прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных спасылаецца на тое, што "меры прымусу даюць наўпрост процілеглы вынік", што гэта "памылковыя" дзеяньні і што краіны ЭЗ зноў і зноў "наступаюць на тыя ж граблі".

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
"ЭЗ ня мае ніякай рацыянальнай палітыкі адносна Беларусі і супакойвае сябе імітацыяй дзеяньняў. Эўрапейскія палітыкі, якія працуюць на беларускім напрамку, ня могуць ці ня хочуць сфармуляваць прапановы, якія задаволілі б ЭЗ і пры гэтым улічвалі права Беларусі на сувэрэннае і самастойнае разьвіцьцё. Пры ўсіх гучных заявах эўрапейскія палітычныя колы дэманструюць нізкі ўзровень зацікаўленасьці ў пошуку рашэньняў, бо разумеюць надуманасьць сваіх прэтэнзіяў. Беларускі бок зыходзіць з таго, што рана ці позна Эўразьвязу давядзецца разарваць гэтае заганнае кола і вярнуцца да нармальнага дыялёгу. Мы разьлічваем, што нашым эўрапейскім калегам хопіць на гэта мудрасьці".

Лідэры адзінаццаці апазыцыйных структураў зьвярнуліся ўчора да кіраўніцы замежнай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан, міністраў замежных спраў краін-сябраў Эўразьвязу і эўракамісара па пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі суседзтва Штэфана Фюле. Яны прапанавалі абмеркаваць стратэгію "трох крокаў" адносна афіцыйнага Менску.

Лідэр кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў ухваляе патрабаваньні Эўразьвязу да афіцыйнага Менску:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
"Першы крок — гэта вызваленьне палітвязьняў, прычым з рэабілітацыяй і безь ніякіх умоваў. Другое — гэта рэальная дэмакратызацыя грамадзтва, прыняцьце нарэшце заканадаўства па свабодных і справядлівых выбарах. І трэцяе, што з гэтага вынікае, — што толькі ў гэтым выпадку ЭЗ ідзе на тое, каб дапамагчы Беларусі ня толькі выйсьці са страшэннага крызісу, але і зь міжнароднай ізаляцыі. Мы за тое, каб у гэтым выпадку ЭЗ дапамог наўпрост, выпрацаваў пакет дапамогі Беларусі. У тым выпадку, калі выканаюцца ўсе патрабаваньні ЭЗ і калі насамрэч Беларусь пачне рэфармавацца. Гэта адзін шлях. Але паралельна трэба ціснуць. Проста ўгаворамі і абяцанкамі тут не абыдзесься. Гэта два такія працэсы, якія выпрацаваныя ЭЗ адносна Беларусі: з аднаго боку — гатоўнасьць да дыялёгу, а з другога — гатоўнасьць да больш радыкальных, жорсткіх мераў адносна рэжыму. Што ж рабіць, калі так упарціцца Лукашэнка і калі ён столькі разоў ужо падмануў?".

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што задаволены рашэньнем Эўразьвязу і лічыць, што Эўропа "дзейнічае пасьлядоўна".

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч назваў пашырэньне санкцыяў "нармальнай праявай пазыцыі ЭЗ". Ён падтрымлівае візавыя санкцыі і лічыць іх маральна эфэктыўнымі.

"Візавыя санкцыі на першы погляд могуць здавацца неэфэктыўнымі, але ведаю ад людзей, якія працуюць ва ўладзе, як яны іх баяцца і ня хочуць трапіць пад іх дзеяньне. Гэта проста тлумачэньне беларускім чыноўнікам пра тое, што за тыя парушэньні законаў, за злачынствы, якія яны робяць, заўсёды будзе кара, і ўжо сёньня яна ёсьць".

Ірына Халіп
Ірына Халіп
Жонка палітвязьня, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Халіп, камэнтуючы рашэньне Эўразьвязу, задае шэраг пытаньняў:

"Першае — а чаму так мала? Чаму толькі 16 чыноўнікаў? Тут ужо сотні чалавек зьвязалі сябе з сыстэмай рэпрэсій. А тут толькі яшчэ 16. Мала. Апроч таго, каму перашкаджаюць, замінаюць гэтыя візавыя санкцыі? Лукашэнку? Не. Ён пляваць хацеў на гэта. Пакуль няма жорсткіх эканамічных санкцый, ні пра якае ўзмацненьне ціску ЭЗ казаць немагчыма".

Сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў пашыраецца з 2006 году. Апошняе рашэньне Эўразьвязу ў гэтай справе было прынятае 20 чэрвеня, калі да сьпісу неўязных далучылі яшчэ чатырох беларускіх чыноўнікаў. Таксама эўрапейцы ўвялі эмбарга на экспарт узбраеньня, матэрыялаў і абсталяваньня, якія могуць выкарыстоўвацца рэжымам для ўнутраных рэпрэсій, замарозілі актывы трох кампаній, зьвязаных з рэжымам, і заклікалі эўрапейскія банкі не даваць афіцыйнаму Менску пазыкаў. Ад беларускіх уладаў Брусэль найперш патрабуе вызваленьня палітвязьняў. Разам з тым эўрапейцы пакінулі за сабой права дадаць новых асобаў у сьпіс неўязных у залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі. У верасьні літоўскае Міністэрства замежных спраў ініцыявала далучэньне 18 беларускіх чыноўнікаў, зьвязаных зь перасьледам праваабарончага цэнтру "Вясна" і яго кіраўнікоў, да нацыянальнага сьпісу неўязных. Таксама Вільня зьвярнулася да іншых краін Эўразьвязу з заклікам разгледзець магчымасьць унясеньня згаданых беларускіх чыноўнікаў у свае нацыянальныя сьпісы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG