Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі. Партрэт на фоне кратаў



“Спачатку яны цябе не заўважаюць. Пасьля сьмяюцца зь цябе. Пасьля змагаюцца з табою. А пасьля ты перамагаеш”.

Гэта вядомы выраз Махатмы Гандзі. Ён апісвае шлях кожнага, хто разумее, што ўласная годнасьць ня зьдзейсьненая, пакуль прыніжаецца годнасьць іншых. Ствараючы партрэт Алеся Бяляцкага, я іду ўсьлед за словамі гэтага важнага для мяне чалавека. Побач з ягонай выявай я хацела б разьмясьціць і свой малюнак.

Мы размаўлялі зь Алесем Бяляцкім для праграмы “Бацькі і дзеці незалежнасьці” за месяц да ягонага арышту. Часу было крытычна мала, каб апісаць апошнія 30 гадоў. Але ў Бяляцкага ёсьць выдатная здольнасьць: у кожнай асобнай дэталі ён бачыць усю карціну цалкам; за кожнай датай і падзеяй – тыя рухаючыя сілы, якія мяняюць гістарычныя эпохі і сьвядомасьць людзей.

я тады ў сваім жыцьці ня думаў, што дажыву нават да таго часу, калі Беларусь будзе незалежнай”

Праз ўласную біяграфію ён здолеў у некалькі штрыхоў стварыць пераканаўчую панараму таго, што, чаму і як адбывалася і адбываецца з намі. Напэўна, гэта было ня так і складана, бо ў большасьці з падзеяў ён удзельнічаў асабіста. Але захапляла абсалютна бліскучая інтэлектуальная разьняволенасьць, зь якой ён апэраваў складанымі сацыяльна-палітычнымі фэноменамі, спалучаў факты, тут жа іх аналізаваў і прыходзіў да нестандартных высноваў. Дзякуючы Бяляцкаму адасобленыя паміж сабою падзеі ўтварылі для мяне пасьлядоўную повязь, змацаваную руплівай працай, верай і адданасьцю іх удзельнікаў, у тым ліку і Алеся Бяляцкага.



Алесь Бяляцкі:Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Гэта поле трэба добра ўгнойваць, працаваць зь ім, камяні выбіраць…. А тое, што пакінула на ім камуністычная ўлада пасьля 70 гадоў у Беларусі можна назваць такой выпаленай зямлёй...Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар… А на пачатку 90-х гэта ўжо хутка зьмянілася –зьявіліся тысячы і дзясяткі тысяч… Мы займелі ўстойлівую падтрымку ў грамадзтве. Фактычна шмат у чым летуценны рух, які абапіраўся толькі на нейкія аскабалкі, што засталіся ад ранейшых традыцый палітычных, культурных, займеў вельмі цьвёрды грунт. Цяпер мы маем сваіх 25-30 працэнтаў падтрымкі.. І менавіта тады яны высьветліліся, менавіта тады яны фармаваліся. І гэта не мала. Гэта мільёны людзей, якія адназначна бачаць Беларусь іншай”.

Гэтая характарная ўпэўненасьць, якая ў 1981, відаць, была толькі асабістым ўнутраным поклічам, прымусіла звычайнага студэнта Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алеся Бяляцкага загаварыць па-беларуску. Юначае захапленьне роднай літаратурай стала грамадзянскім учынкам. Ён быў адзін, і зь яго сьмяяліся, але хутка перасталі. Калі ў 1984 годзе Бяляцкі сканчаў унівэрсытэт, па-беларуску на філялягічным факультэце гаварылі ужо некалькі дзясяткаў чалавек.

Паездка ў Кушляны на сядзібу Францішка Багушэвіча. Зьлева направа: Міхась Казлоўскі, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, ?, аўтар, Сяргей Сыс, Вінцэсь Мудроў, Алег Бембель і Кёні Кім, Алесь Шпакоўскі, 1984 год.
Паездка ў Кушляны на сядзібу Францішка Багушэвіча. Зьлева направа: Міхась Казлоўскі, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, ?, аўтар, Сяргей Сыс, Вінцэсь Мудроў, Алег Бембель і Кёні Кім, Алесь Шпакоўскі, 1984 год.

У пошуках аднадумцаў у 1982-м Алесь пазнаёміўся з менскімі Майстроўцамі – Вінцуком Вячоркам, Сяргеям Сокалавым-Воюшам, Сяргеям Запрудзкім, Алесям Сушам… Тагачасныя ўмовы яшчэ не дазвалялі маладым публічна заяўляць пра свае палітычныя перакананьні. Праз сумесныя сьпевы і паганскія карагоды майстроўцы гуртавалі вакол сябе людзей і такім чынам легалізавалі сваю дзейнасьць. Што, аднак, не пазбаўляла іх ад увагі КДБ. Але ўнутры гуртка існавала таемнае кола тых, хто ўжо тады ставіў перад сабой палітычныя задачы -- стварэньне нацыянальнай дзяржавы, укараненьне прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека. Па словах Бяляцкага, першыя спробы гэтага пакаленьня сфармуляваць сваю палітычную пазыцыю адбыліся менавіта тады, а моладзевы рух разьвіваўся па адмыслова распрацаваным “пляне”.

Алесь Бяляцкі: “Мы прынялі пастанову разьбегчыся па няўрадавых арганізацыях і стварыць іх. Гэта была рэальная пастанова і кожны мусіў там працаваць. І мы разьбегліся і стварылі…”

У сьнежні 1986 Алесь Бяляцкі разам з сябрам яшчэ студэнцкіх часоў Анатолем Сысом заснавалі “Тутэйшых”. Сытуацыя мянялася настолькі імкліва, што патрэба камуфляваць нацыянальнае адраджэньне культурніцкай актыўнасьцю зьнікла вельмі хутка. Праз два месяцы “тутэйшых” ужо было ўжо 100 чалавек, а за наступны 1987-ы год сетка арганізацыі пакрыла ўсю Беларусь.

“Тутэйшыя” былі маленькай дзяржавай Алеся Бяляцкага абралі старшынём, Анатоля Сыса – адказным за паэзію, Адаму Глёбусу аддалі прозу, а іншыя роды літаратуры таксама займелі сваіх кіраўнікоў.. З такім жа посьпехам яны маглі б падзяліць паміж сабою міністэрскія партфэлі, пошту, тэлефон і тэлеграф. У праграмным Маніфэсьце “Тутэйшыя” супрацьпаставілі сваю свабодную творчасьць сэрвільнай прадукцыі савецкіх “майстроў слова”. Гэта ўжо была палітычная заява: адмаўляючыся забясьпечваць патрэбы камуністычнай дзяржавы літаратары нібыта заяўлялі пра магчымасьць існаваньня дзяржавы іншай. Хаця Алесь кажа, што незалежнасьць тады ўяўлялася фантастыкай.

Алесь Бяляцкі: “я тады ў сваім жыцьці ня думаў, што дажыву нават да таго часу, калі Беларусь будзе незалежнай”

Пад кіраўніцтвам Бяляцкага “Тутэйшыя” хутка займелі лідэрскі голас у тагачасным моладзевым руху. Яны бралі ўдзел у першых незалежных мітынгах ужо ў 1987 годзе. А ў сьнежні гэтага ж году на Першым вальным Сойме Канфэдэрацыі беларускіх суполак, на які сабралася каля 100 моладзевых арганізацый, зыніцыявалі стварэньне аб’яднаньня беларускай моладзі. Прынятая на сойме праграма палітычных пераўтварэньняў лягла ў аснову будучай праграмы БНФ.



У 1988 Алесь Бяляцкі ўжо быў для ўлады чалавекам, зь якім варта і трэба змагацца. Пад ціскам камуністычнага партыйнага кіраўніцтва яго тройчы адлічалі зь асьпірантуры Інстытуту літаратуры Акадэміі навук, але пасьля ізноў вярталі.

У адзін дзень 19 кастрычніка 1988 году Бяляцкі стаў сузаснавальнікам першай праваабарончай арганізацыі “Мартыралёг Беларусі” і сябрам арганізацыйнага камітэту БНФ. Яму было 27 гадоў.

Алесь Бяляцкі: “Моладзевыя суполкі сталі касьцяком БНФ, і праца па стварэньні палітычнай арганізацыі лягла фактычна на нашыя плечы – юнакоў і дзяўчатаў, якім было ад 20 да 27… Выйсьця не было, таму што структураванага старэйшага пакаленьня перад намі не было”.

Літаральна праз пару тыдняў 30 кастрычніка 1988 году ў Менску адбылося легендарнае шэсьце Дзяды. Бяляцкага тады затрымалі як арганізатара і далі штраф у 200 савецкіх рублёў.

Алесь Бяляцкі: “Гэта шмат было -- паўтары маёй стыпэндыі асьпіранцкай. Праз 3 дні дырэктар інстытута Віктар Каваленка выклікаў мяне да сябе і сказаў: “Алесь, вось Вам грошы, якія інстытут сабраў, заплаціце, калі ласка, штраф. І для мяне гэта было незабывальна. Я як запомні -- і дасюль забыць не магу. Людзі мне дапамагалі”

Бяляцкі апісвае канец 80-х як “сьмешны” час. Скончыўшы асьпірантуру, не было нават размовы пра тое, каб абараняць дысэртацыю, і ніводзін з абласных інстытутаў, куды разьмяркоўваліся былыя асьпіранты не хацеў браць Бяляцкага на працу. Так ён аказаўся малодшым навуковым супрацоўнікам музэю гісторыі беларускай літаратуры.



Алесь Бяляцкі: “Гэта як раз 89-ы год, калі пайшла кампанія з Масквы, што будзем выбіраць усіх дырэктараў. Ну і абвясьцілі выбары дырэктара музэя Багдановіча. Было чатыры кандыдаты. Выбіралі калектывы прычым, і калектыў прагаласаваў за мяне. Я стаў дырэктарам. Усё проста.”

10 гадоў працы ў музэі (з 1989 па 1998) можа найбольш плённы час для Бяляцкага, калі асабістае жаданьне займацца літаратуразнаўствам і творчасьцю ідэальна спалучалася з грамадзка-палітычнымі мэтамі. І гэта працавала:

Алесь Бяляцкі: “усё іншае – вучоба, асьпірантура, праца ў музэі -- усё гэта было сродкам выкананьня тых мэтаў, якія мы ставілі ў самым пачатку – дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі”.

Музэй трэба было будаваць “з нулю”, з голых сьценаў – ва ўмовах татальнага дэфіцыту і непаразуменьня ўлады. Бяляцкаму гэта ўдалося. Да таго ж з 1992 па 1996 год ён быў дэпутатам Мінскага гарсавету, што дазваляла адстойваць грамадзкія інтарэсы на зусім іншым узроўні.
За першыя пяць гадоў існаваньня з аднаго музэю ўзьнікла чатыры: “Беларуская хатка” на вуліцы Рабкораўскай у Менску, музэй-сядзіба М.Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, экспазыцыя ў Яраслаўлі і галоўны будынак музэю М.Багдановіча ў Менску.

Музэй стаў адным з цэнтрам грамадзянскай супольнасьці – у ім былі зарэгістраваныя бадай з 50 разнастайных недзяржаўных арганізацыяў. У хатцы на Рабкораўскай адбываліся першыя ўніяцкія набажэнствы, і засядала ўправа БНФ. Праводзіліся сотні мерапрыемстваў, кожны год выдаваліся кнігі. Па словах Бяляцкага, жыцьцё і творчасьць Багдановіча дасьледваліся на такім высокім навуковым узроўні, якога цяпер ня мае аніводзін іншы музэй.

Алесь Бяляцкі: “Я сваё дырэктарства ў музэі разглядаў не як месца для адседкі, а як інструмэнт ізноў зьмены сытуацыі ў Менску, у Беларусі…”

Гэты пэрыяд, калі можна было змагацца не “супраць”, а “за”, цягнуўся нядоўга. Алесь кажа, што мы пераацанілі рэвалюцыйны патэнцыял народу – ён хутка пачаўся і хутка скончыўся. Разьвітаньне з верай у непазьбежнасьць дэмакратычных пераменаў было найбольш балючым. Усё зробленае за папярэднія паўтара дзясяткі гадоў, ламалася пад аднаго чалавека. Калі за 10 гадоў да таго, грамадзтва патрабавала стварэньня “Тутэйшых” і БНФ, то ў 1996-м была неабходная арганізацыя, якая б дапамагала кожнаму канкрэтнаму чалавеку абараняць свае базавыя правы. Бяляцкі гэтую патрэбу адчуў хутчэй за іншых, памятаючы пра тое, як у 1988 калегі сабралі грошы, каб аплаціць ягоны штраф. На хвалі рэпрэсіяў падчас масавых акцый увесну 1996 году ён заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»:

Алесь Бяляцкі: “Рэальнай дапамогай ніхто не займаўся, трэба было ствараць арганізацыю. Гэта стала зразумела для мяне асабіста, калі падчас аднаго з мітынгаў я проста сабраў грошы для Славаміра Адамовіча і перадаў яго маці. Ніхто больш яму рэальна не мог дапамагчы на той час – ніводная палітычная структура, ніводная партыя”.

Да 2003 году, калі арганізацыя была забароненая беларускімі ўладамі, яна пасьпела стварыць моцную агульнанацыянальную структуру. Нягледзячы на нелегальны статус ва ўласнай краіне – Вясна паўнавартасны сябра міжнароднай супольнасьці праваабарончых арганізацый. Ужо пасьля фактычнага закрыцьця Вясна стала сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека -- FIDH, а Бяляцкі яе віцэ-прэзыдэнтам.

Адшыхтаваная мадэль незалежнай структуры, ужо ня раз апрабаваная Бяляцкім, хутка адаптавалася да ўмоваў пэрсаналісцкага рэжыму. Вясноўцы назіраюць за выбарамі, навучаюць правам чалавека, дапамагаюць канкрэтным людзям, змагаюцца супраць сьмяротнага пакараньня. Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі прыходзіць у суды, раздае ўлёткі на вуліцах, стаіць у пікетах пры любым надвор’ і і носіць цішотку “Не сьмяротнаму пакараньню”. Гэта і ёсьць ягоны спосаб працы.

Затрыманьне падчас акцыі з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека 10 сьнежня 2008 году.
Затрыманьне падчас акцыі з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека 10 сьнежня 2008 году.

У 2006 годзе Вацлаў Гавэл уганараваў Алеся Бяляцкага прэміяй Homo Homini, якой узнагароджваюць праваабаронцаў з усяго сьвету. У 2008 яе атрымаў кітайскі дысыдэнт і будучы нобэлеўскі ляўрэат Лі Сяобо. Алеся вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру ў тым жа 2006 годзе.

А 3 кастрычніка 2011 году быў заснаваны аргкамітэт па вылучэньні Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру 2012. У яго склад ўвайшлі старшыня БАЖ Жана Ліцьвіна, лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, праваабаронца і дысыдэнтка Людміла Аляксеева, прэзыдэнт БНР Івонка Сурвіла, дэпутат Бундэстагу Марылуіза Бек, прэзыдэнт сусьветнай праваабарончай арганізацыі "Freedom House" Дэйвід Крэймэр і іншыя вядомыя і ўплывовыя асобы. Гэты сьпіс пашыраецца з кожным днём.



Алесь Бяляцкі жанаты з гомельскай талакоўкай Натальляй і мае 22-гадовага сына Адама. Натальля працуе выкладчыцай, а Адам скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў і атрымаў прафэсію рэжысёра тэлебачаньня. Алесь з гонарам распавядаў пра тое, што сын удзельнічаў ва ўсіх акцыях маўклівага пратэсту і ў сеціве доўгі час блукала ягоная фотка з подпісам “Гэты хлопец першым спыніў машыну на праспэкце”. Калі Алесь ужо сядзеў у СІЗА, Адама затрымалі на адной з акцыяў “Стоп-бэнзін” і прысудзілі да штрафу.

Зь Бяляцкім змагаліся да апошняга. «Вясну» забаранялі, праводзілі вобшукі, канфіскоўвалі тэхніку, Алеся затрымлівалі на пікетах і мітынгах. І тое, што «Вясна» вымушаная год за годам паўтараць свае патрабаваньні, знаходзячы сабе ўсё больш сфэраў дзейнасьці, – гэта таксама спосаб змаганьня зь ёю.

4 жніўня 2011 году Алеся Бяляцкага арыштавалі. Ён абвінавачаны ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Міністэрства юстыцыі Літвы і Генпракуратура Польшчы выдалі беларускім уладам інфармацыю пра рахункі Алеся Бяляцкага ў замежных банках. На гэтыя рахункі паступала фінансавая дапамога пацярпелым ад рэпрэсіяў беларускіх уладаў. Алесь можа быць зьняволены на 7 гадоў.

Беларускія ўлады сьцьвярджаюць, што перасьледуюць Бяляцкага выключна на эканамічных, а не палітычных падставах. Фармальна яны маюць рацыю. Аднак, законы, якія нібыта парушыў Алесь, створаныя толькі для таго, каб групе людзей, якая, выглядае, узурпавала ўладу ў нашай краіне, было зручна распараджацца ёю ў сваіх інтарэсах. Такія законы ніяк не абараняюць усіх іншых грамадзянаў. І гэта цалкам пацьвярджаюць факты, якія зьбірае «Вясна» ў бюлетэні “Права на волю” і штогадовым Аглядзе-хроніцы парушэньняў правоў чалавека.

Апошні здымак перад арыштам
Апошні здымак перад арыштам


Алесь Бяляцкі прыняў рашэньне застацца ў Беларусі, ужо ведаючы, што трапіць у турму. Так ён сьцьвердзіў права кожнага беларускага грамадзяніна адстойваць свае правы ў сваёй краіне. Гэта абсалютна роўнае спаборніцтва аднаго чалавека і цэлай сыстэмы.

І Алесь Бяляцкі перамог.

Аляксандра Дынько, журналістка







УСЕ ПАРТРЭТЫ НА ФОНЕ КРАТАЎ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG