Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч пра справу Манаева


Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч пракамэнтавала для нашага радыё затрыманьне сацыёляга Алега Манаева і словы наконт гэтай справы, якія прагучалі ў пятніцу на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Я паважаю і заўсёды паважала прафэсара Манаева за тое, што ён застаўся непадкупным навукоўцам. Ён ніколі не працуе ні на апазыцыю, ні на ўладу, ён сапраўды працуе з рэальнасьцю і ўсе яго высновы – яны заўсёды адкрываюць тое, што насамрэч адбываецца, і ён мае сьмеласьць гэта сказаць. І гэта не падабаецца ні адным, ні іншым. Яго абстрэльваюць з абодвух бакоў.

Ён меў сьмеласьць сказаць, што Лукашэнка выйграў выбары. Ня так прыгожа, але ён іх выйграў. Гэта сумленны навуковец, які робіць сваю працу. І такія людзі ў такі складаны час нам патрэбныя, бо мы маем справу са сваімі ідэямі, са сваімі схільнасьцямі – адзін і другі бакі. І ніхто ня ведае, што адбываецца там, на вуліцы, у глыбіні нашай краіны.

Тое, што народ не выходзіць на вуліцы, гэта ня значыць, што яму падабаецца тое, што адбываецца.
Апошнія высновы, якія агучыў Манаеў – пра падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі – гэта абсалютна адпавядае рэчаіснасьці. Тое, што народ не выходзіць на вуліцы, гэта ня значыць, што яму падабаецца тое, што адбываецца. Мне падаецца, што ідзе назапашваньне энэргіі і гэта вельмі небясьпечнае назапашваньне. Яно пакуль ня мае формы, але ў любы момант яно можа ператварыцца ў гарачую лаву і заліць усё.

І ўлада гэта разумее, і Лукашэнка разумее. Адносна яго дакладней сказаць, што ён не разумее, а адчувае небясьпеку. І вось у гэтым рэйтынгу ён убачыў небясьпеку. Сам ён яго ведае, я мяркую, у нейкія моманты прасьвятленьня. Я мяркую, што за гэтым стаіць рэальны страх. Навуковец сказаў праўду. І гэта навуковец, які заўсёды кажа праўду, не прыслугоўвае.

Усё, што гаворыць прэзыдэнт, ніколі не адпавядае рэчаіснасьці.
Тое, што было агучана на прэсавай канфэрэнцыі – гэта тэатар, я ніколі не магла сур'ёзна ставіцца да прэсавых канфэрэнцыяў Лукашэнкі, гэта заўсёды тэатар аднаго актора. Усё, што гаворыць прэзыдэнт, ніколі не адпавядае рэчаіснасьці, гэта заўсёды наадварот, заўсёды адно ў галаве, іншае на языку, гэта заўсёды гульня. Я нават не разумею, як журналісты знаходзяць у гэтым тэмы для абмеркаваньня. І гэта адбываецца 17 гадоў.

А насамрэч мы проста рушым да прорвы. І навуковец гэта сказаў.

У цяперашняй сытуацыі яго нельга пасадзіць у турму. Хаця прэцэдэнт небясьпечны. Напісаў сёньня артыкул, ён не спадабаўся – цябе ў пастарунак пацягнулі. А там, глядзіш, і ў турму. Гэта такі лацінаамэрыканскі варыянт, да якога мы скатваемся.

Мы можам прыйсьці да бескантрольнай дыктатуры.
Але зараз нам патрэбныя крэдыты, таму мы спрабуем рабіць добрую міну.
Мы можам прыйсьці да бескантрольнай дыктатуры. Зараз яна крышачку кантралюецца, крышачку Эўропай, крышачку Расеяй. Нейкая мера яшчэ захоўваецца. Але ўсё можа сарвацца і ўсё можа быць значна больш змрочным.

Эўропа не да канца разумее, што ў нашай эліты, у нашага народу няма сілаў справіцца з сытуацыяй. І нас нельга сам-насам пакідаць з нашай уладай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG