Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Народнага сходу: Гэта толькі пачатак


Сёньня ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі Народныя сходы грамадзян з сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Каля тысячы чалавек прыйшло на мясцовы сход у парк ля плошчы Бангалор у Менску. Яны мелі з сабою бела-чырвона-белыя сьцягі і сьцягі Эўразьвязу, траспаранты з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў і паляпшэньнем эканамічнага стану грамадзян.


За гадзіну да сходу ваколіцы плошчы Бангалор былі як ніколі запоўненыя аўтобусамі са спэцназам і аўтазакамі, а пляцоўка для сходаў ў цэнтры парку – загароджаная. Сотні людзей, якія пад дажджом прыйшлі на сход, адмовіліся ісьці за загародку, арганізатары ўтварылі імправізаваную трыбуну на фантане з бусламі. Гукаўзмацняльную апаратуру і ўлёткі перад сходам затрымала міліцыя, таму выступоўцы выкарыстоўвалі мэгафон. Перш за ўсё выступоўцы зьвярталі ўвагу на сацыяльныя праблемы. Рабочыя ня маюць за што схадзіць у сталоўку, заявіў адзін з арганізатараў сходу старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

"Вы што, хочаце галодных бунтаў? Калі заўтра зьявіцца новы Валэнса на трактарным ці на МАЗе, яму не патрэбныя будуць пракуратура і МУС. Будзе іншая ўлада! Народ стаміўся ад абяцаньняў, ён не разумее, што робіць урад… Я гатоў сёньня сам сесьці за краты, але каб жыцьцё заўтра стала лепшым ".

Сярод тых, хто прыйшоў на народны сход, быў і былы палітвязень Зьміцер Дрозд, які згадаў тых, хто і цяпер застаецца за кратамі:

"Зьмяніць сытуацыю можна толькі адным спосабам – гэта новыя выбары. І на гэтых выбарах ня можа прысутнічаць кандыдат па прозьвішчы Лукашэнка. Ён свой давер ужо страціў. Я ведаю, што зараз ні Саньнікаў, ні Статкевіч, ні Дашкевіч не могуць нас ні чуць, ні бачыць. Я вельмі хачу, каб кожны сказаў бы хаця б у думках, калі няма сілы крыкнуць: хлопцы, трымайцеся, мы разам і мы пераможам".

Некаторыя выступоўцы казалі, што іх дэлегавалі ад цэлага дому:

"Няхай яны не думаюць, што нас можна запалохаць, няхай яны баяцца! Тут нельга адрозьніць гэта палітычны мітынг ці сацыяльны, усё яно зьмяшалася, бо нам гаротна, цяжка простым людзям".

Сход на прапанову арганізатараў ухваліў рэзалюцыю з патрабаваньнямі да ўладаў: спыніць рост цэн, індэксаваць заробкі, пэнсіі, стыпендыі адпаведна росту цэн з пачатку года, скасаваць прымусовую кантрактную сыстэму…

Віктар Івашкевіч:

"Мы патрабуем, каб былі вызваленыя ўсе палітвязьні і рэабілітаваныя ў правах, мы патрабуем, каб былі праведзеныя новыя свабодныя выбары пад кантролем АБСЭ, бо толькі такім чынам мы зможам атрымаць дапамогу для выхаду з крызісу! Хто за новыя свабодныя выбары?"

Людзі: "Усе!"

Сход даручыў арганізатарам у панядзелак перадаць гэтыя патрабаваньні ва ўрад. Людзі таксама падтрымалі прапанову рыхтавацца да новага сходу 12 лістапада, каб пачуць, якім будзе адказ уладаў.

Віктар Івашкевіч гэтак падсумаваў сёньняшні народны сход:

"Сёньняшняя акцыя – гэта пачатак. Летам былі маўклівыя акцыі. Сёньня акцыя была ясная, публічная, з ясна сфармуляванымі патрабаваньнямі, адкрытая. І я думаю, што тое, што мы адкрыта патрабуем свае правы, будзе прыкладам для тых людзей, якія сёньня пабаяліся сюды прыйсьці. Гэта прыклад, што так трэба рабіць, толькі кожны раз нас болей павінна быць".

Народны сход у Менску прайшоў без масавых арыштаў, міліцыя ў канцы акцыі затрымала каля дзясятка анархістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG