Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлію Цімашэнку могуць вызваліць?


Юліі Цімашэнцы вынесуць абвінаваўчы прысуд, а потым вызваляць па законе аб дэкрыміналізацыі, – мяркуюць як у апазыцыі, так і ў праўладнай большасьці Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Гэта стане магчымым пасьля прыняцьця закону, праект якога ўнёс на разгляд парлямэнту прэзыдэнт Віктар Януковіч.

Законапраект датычыць гуманізацыі адказнасьці за шэраг правапарушэньняў і не прадугледжвае дэкрыміналізацыі 365 артыкулу крымінальнага кодэксу, паводле якога абвінавачваюць Цімашэнку. Зрэшты, дэпутаты мяркуюць, што падчас разгляду дакумэнту ў яго будуць унесены адпаведныя папраўкі.

Вярхоўная Рада адмовілася дэкрыміналізоўваць артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога выстаўлена абвінавачаньне экс-прэм'ерцы Юліі Цімашэнцы. Большасьць не прагаласавала за ўключэньне ў парадак дня адпаведных законапраектаў дэпутатаў ад «Нашай Украіны – Народнай самаабароны» Вячаслава Кірыленкі і Арсеня Яцэнюка.

Разам з тым дэпутаты ўключылі ў парадак дня праект закону аб гуманізацыі адказнасьці за правапарушэньні ў сфэры гаспадарчай дзейнасьці. Гэты прэзыдэнцкі праект не прадугледжвае дэкрыміналізацыі артыкулу Цімашэнкі. Зрэшты, ва ўладаў няма іншага выйсьця, як шукаць сцэнар, паводле якога Цімашэнка будзе вызвалена, заявіў Радыё Свабода дэпутат ад БЮТ Андрэй Шкіль.

«Яны перавядуць артыкул у разрад адміністрацыйных. Пакараюць адміністрацыйна – зробяць яе адміністрацыйна вінаватай, але, адпаведна, яна будзе мець права балятавацца і будзе на волі, але будзе вінаватай. Гэта той выхад, які яны яшчэ могуць паабяцаць Захаду. Таму Захаду, як я інфармаваны, Януковіч ужо ўсё паабяцаў », – запэўніў Шкиль.

Цалкам гэты матэрыял чытайце на сайце Ўкраінскай службы нашага Радыё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG