Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьлічваюць на вызваленьне, але рыхтуюца да зімы


З былым кандыдатам на прэзыдэнта Міколам Статкевічам сустрэўся адвакат. Ад Зьмітра Бандарэнкі з-за кратаў прыйшлі тры лісты. Маці Эдурда Лобава рыхтуецца да спатканьня з сынам.

З былым кандыдатам на прэзыдэнта Міколам Статкевічам сёньня сустрэўся адвакат. Размова адбывалася праз шкло і пры кантралёры. Жонка Марына Адамовіч радая інфармацыі пра мужа, бо цягам апошніх двух меясцаў ад яго не было ніякіх зьвестак — ні лістоў, ні тэлефанаваньняў.

«Ён на месцы ў Шклове, а то я ўжо турбавалася на тле гэтых пераездаў Саньнікава і Дашкевіча. Рука яго нібыта зажывае, і дзякуючы, я думаю, кампаніі, якая паднялася пасьля кароткага тэлефанаваньня дачцэ, усё ж ён яшчэ амаль дзесяць дзён не працаваў, да 28-га. І цяпер ён на нейкай больш лёгкай працы, не зьвязанай зь цяганьнем бярвеньняў, наколькі я зразумела. Выглядае, як падалося адвакату, як заўсёды — упэўнены ў сабе».

Што тычыцца магчымага вызваленьня Міколы Статкевіча, то, паводле спадарыні Марыны, адвакат у гэтым сэнсе не абнадзейвае:

«Кажа, што трэба рыхтавацца да любых варыянтаў, каб я яго вельмі не чакала. Я і сама сябе так настройваю».

Паводле Ірыны Халіп, 6 кастрычніка ў бабруйскай турме чакаецца сустрэча адваката з экс-кандыдатам на прэзыдэнта, палітвязьнем Андрэем Саньнікавым.

Жонка палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі Вольга атрымала з-за кратаў адразу тры лісты ад 28 і 29 верасьня, а таксама ад 2 кастрычніка. Ён пералічвае, хто яму даслаў лісты, паштоўкі і тэлеграмы, і просіць паведаміць, што яны дайшлі. Таксама ён піша пра стан здароўя:
Пасьля апэрацыі павінна быць лепш, але ў яго з нагой фактычна тое, чаго не было нават да апэрацыі.

«Яму зноў зрабілі біяхімію крыві. Пашыраны аналіз крыві зноў пацьвердзіў праблемы зь печаньню. Праблемы там даволі вялікія, бо ён на таблетках. Амаль за дзесяць месяцаў я яму іх столькі ўжо перанасіла... Цяпер яшчэ паказалі праблемы з падстраўнікавай залозай, якіх раней не было. Быў вельмі вялікі гемаглябін, што таксама дрэнна. Цяпер крыху паменшыўся. Я даслала яму таблеткі. Пасьля апэрацыі павінна быць лепш, але ў яго з нагой фактычна тое, чаго не было нават да апэрацыі».

Таксама Вольга распавяла, што Зьміцер прасіў рыхтаваць зімовую перадачу зь цёплай вопраткай.

Маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава, які адбывае пакараньне ў турме «Ваўчыныя норы», цягам амаль двух месяцаў не атрымлівае лістоў і тэлефанаваньняў ад свайго сына. Яна спадзяецца нешта даведацца праз Тацяну Франскевіч, якая ў выходныя спаткаецца са сваім сынам, анархістам Аляксандрам Франскевічам. Хлопец адбывае пакараньне ў адной турме з Эдуардам і падчас апошняга тэлефанаваньня крыху расказаў пра маладафронтаўца. Марына Лобава кажа, што таксама атрымала дазвол на спатканьне, якое адбудзецца з 14 па 17 кастрычніка.
Хоць ходзяць чуткі, што іх хутка выпусьцяць, я на гэта моцна не разьлічваю.

«Ну, як маці рыхтуецца? Буду купляць прадукты. Папрасіў зімовую шапку прывезьці. Трэба купіць цёплыя вусьцілкі ў чаравікі, бо чамусьці ў іх не дазволена мець абутак на футры. Хоць ходзяць чуткі, што іх хутка выпусьцяць, я на гэта моцна не разьлічваю. Заўсёды трэба быць гатовым да любога рашэньня. Сёньня адпускаюць, а заўтра саджаюць па новай, таму асаблівых надзей няма. І пакуль што мы рыхтуемся да зімоўкі. Думаю, што-небудзь смачнае яму прыгатаваць, бо там такое харчаваньне, што як скаціну трымаюць зьняволеных. Ягады летам нарыхтавала, каб хоць крыху паспытаў. Мяса, канечне, паболей».

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Эдуард Лобаў


Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG