Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў: вызваленьне Вуса – гэта не на патрабаваньне Эўразьвязу


Сяргей Мартынаў
Сяргей Мартынаў
"Гэта не азначае, што мы займаемся выкананьнем патрабаваньняў некага. Мы займаемся выкананьнем уласных законаў. У краіне прымаюцца рашэньні, якія сыходзяць з уласных патрэбаў", - заявіў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, адказваючы на пытаньне журналістаў пра прычыны памілаваньня экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса.

Журналісты спыталіся ў міністра замежных справаў Сяргея Мартынава: ці можна лічыць вызваленьне былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса крокам у напрамку патрабаваньня Эўразьвязу? "Я так не лічу", - адказаў Мартынаў.

Экс-кандыдат Дзьмітры Вус быў вызвалены 1 кастрычніка на падставе памілаваньня Лукашэнкі.

"Мы ня ўдзельнічалі ў Варшаўскім саміце, аднак гэта не азначае, што Беларусь ня ўдзельнічае ў праграме "Ўсходняе партнэрства", - заявіў Мартынаў. "Усе рашэньні, якія прымае Беларусь у рамках праграмы Ўсходняга партнэрства сыходзяць з уласных інтарэсаў нашай краіны, а не жаданьня камусьці дагадзіць".

"Гэтай праграме не хапае канкрэтыкі, - лічыць міністар замежных спраў. - Разам зь Літвой і Ўкраінай мы ўнесьлі прапановы ажыцьцявіць больш за 20 канкрэтных праектаў, якія тычацца перш за ўсё энэргетычнай бясьпекі і барацьбы зь міжнароднай злачынасьцю. Аднак адказу на нашы прапановы пакуль няма".

Афіцыйны Менск спыніў удзел у саміце Ўсходняга партнэрства 30 верасьня.

"Напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства ягоныя арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя меры ў дачыненьні да Беларусі", - адзначалася ў заяве Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Саміт краінаў "Усходняга Партнэрства" праходзіў у Варшаве 29-30 верасьня.

Польскі бок даў зразумець амбасадару Беларусі ў Польшчы Віктару Гайсёнку, што ягоны ўдзел у пленарным паседжаньні саміту непажаданы з увагі на ягоны нізкі статус.

Польшча як дзейны старшыня Эўразьвязу і арганізатар саміту запрасіла зь Менску міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, адзінага высокапастаўленага беларускага чыноўніка, які ня ўнесены ў эўрапейскі "чорны сьпіс" неўязных. Аляксандра Лукашэнку на Варшаўскі саміт не запрашалі. Але не паехаў у польскую сталіцу і міністар Мартынаў.

"Усходняе партнэрства" — ініцыятыва Эўразьвязу, накіраваная на шэсьць краінаў Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказу: Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну.

"Усходняе партнэрства" было заснавана 27 краінамі-сябрамі ЭЗ і шасьцю краінамі-партнэрамі на саміце ў Празе (Чэхія) 7 траўня 2009 году. Ініцыятыва накіраваная на ўмацаваньне адносін паміж ЭЗ і ягонымі ўсходнімі суседзямі праз паглыбленьне палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG