Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дэсант у Вугоршчыне


Будынак сэмінарыі ў Эстэргоме, дзе праходзіла беларуская канфэрэнцыя
Будынак сэмінарыі ў Эстэргоме, дзе праходзіла беларуская канфэрэнцыя
На канфэрэнцыі ў вугорскім Эстэргоме 29-30 верасьня ўпершыню гаварылі пра Беларусь гэтак маштабна і гэтак дэтальна, – прызнаюцца арганізатары імпрэзы, вугорскія паляністы Лаяш Палфалві і Атыла Пал Ілеш.

Эстэргом – старажытны горад на Дунаі, першая сталіца Вугоршчыны. Канфэрэнцыя адбывалася ў будынку каталіцкай сэмінарыі Сьвятога Адальбэрта.

Тэмы выступаў адразу ж выйшлі за рамкі акадэмічнае навукі, чаго і дамагаліся арганізатары, запрасіўшы ня толькі навукоўцаў, але і літаратараў, палітыкаў, мастакоў. Таму гаворка ішла і пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў сучаснай РБ (Сяргей Дубавец), і пра самапачуваньне беларускага аўтара (Ігар Бабкоў), і пра вобраз беларускай сталіцы (Артур Клінаў), і пра дзейнасьць менскай кнігарні «логвінаЎ» (Павал Касьцюкевіч). Размова зьмянялася вострымі дыскусіямі, часам выходзіла ў чыста палітычнае поле, як, да прыкладу, у дакладах прадстаўніка МЗС Вугоршчыны Эрнё Кешкені пра палітычную сытуацыю ў Беларусі і Бэціны Брунс зь Ляйпцыгу пра дачыненьні Беларусі і Эўразьвязу. То раптам вярталася да літаратурнага жыцьця, як у прэзэнтацыі Марыі Мартысевіч. Але найболей выступаў належала навукоўцам з розных сфэраў гуманістыкі. Прамаўлялі прадстаўнікі Беларусі Ўладзімер Люкевіч, Ларыса Станкевіч, Аляксандар Лапцёнак, Ігар Клімаў, Марына Антанюк, аўстрыйскі славіст Міхаэль Мозэр, польскі дасьледчык Рышард Радзік, вугорцы Андраш Золтан, Пэтэр Тэмпфлі і Габар Лагзі.

Такая разнастайнасьць тэмаў была закладзеная ўжо ў назьве канфэрэнцыі «Беларусь: гісторыя – культура – рэлігія». Як адзначылі арганізатары імпрэзы вугорскія паляністы Лаяш Палфалві і Атыла Пал Ілеш, гэта першая такая канфэрэнцыя на беларускую тэматыку ў Вугоршчыне і яны маюць намер разьвіваць сувязі паміж нашымі культурамі ва ўсіх магчымых формах і сфэрах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG