Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька па вяртаньні на радзіму трапіў у пастарунак

абноўлена

Анатоль Лябедзька
1 кастрычніка, прыкладна а 10:30 трое невядомых у цывільным напалі на лідэра АГП Анатоля Лябедзьку ў двары яго дому. Яго адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, а потым выпусьцілі, паабяцаўшы, што пазьней выклічуць позвай.

Анатоль Лябедзька сказаў, што сёньня вярнуўся з Варшавы, дзе праходзіў саміт «Усходняга партнэрства», але ў двары дома яго ўжо чакалі:

«Невядомыя з ужываньнем сілы паспрабавалі мяне запхнуць у машыну. Пры гэтым парвалі куртку, джынсы. На руках і нагах засталіся гематомы, бо гэта было такое доўгае супрацьстаяньне.

Але што надало мне сілы, гэта рэакцыя людзей з вуліцы. Яны жывуць у нашым доме, але яны проста малайцы. Адзін перакрыў выезд сваім аўтамабілем, астатнія вялі здымкі на тэлефон. Яны ж выклікалі міліцыянтаў, прыехалі людзі ў форме.

У іх прысутнасьці невядомыя ў цывільным доўга не хацелі паказваць свае пасьведчаньні, а потым тыкнулі міліцыянту свае коркі. Я сказаў, што паеду ў пастарунак зь міліцыяй, а не з бандытамі.

У пастарунку мне сказалі, што будзе допыт. Потым сказалі, што будуць браць тлумачэньні, бо, па іх інфармацыі, я незаконна перасякаю межы. Я адмовіўся размаўляюць зь імі на любыя тэмы пасьля гэтага бандыцкага захопу і пасьля таго, што робіць КДБ адносна мяне з тым жа маім пашпартам. Я сказаў, што не скажу ніводнага слова, рабіце што заўгодна. Яны недзе параіліся і потым сказалі, што я пакуль вольны, але мяне выклічуць позвай».

Паводле Лябедзькі, гэта ёсьць першая рэакцыя на паездку, якую ён лічыць вельмі пасьпяховай для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі.

«Таму, я думаю, што раздражненьне вельмі вялікае».

Паводле Лябедзькі, КДБ дагэтуль не вярнула яму пашпарт, а МУС не выдае новы. За мяжу ён выехаў па старым пашпарце.

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG