Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на саміце "Ўсходняга партнэрства" прадстаўляюць апазыцыя і Гайсёнак


Сёньня ў Варшаве пачынаецца двухдзённы саміт краін "Усходняга партнэрства" Эўразьвязу. На яго запрошаныя кіраўнікі Ўкраіны, Малдовы, Грузіі, Азэрбайджану, Армэніі. Афіцыйную Беларусь будзе прадстаўляць амбасадар Віктар Гайсёнак. Апрача яго, у Варшаву выправілася вялікая дэлегацыя беларускай апазыцыі, якая мае правесьці шмат сустрэч з эўрапейскімі лідэрамі.

Польшча як дзейны старшыня Эўразьвязу і арганізатар саміту запрасіла зь Менску міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, адзінага высокапастаўленага беларускага чыноўніка, які ня ўнесены ў эўрапейскі "чорны сьпіс" неўязных. Аляксандра Лукашэнку на Варшаўскім саміце ніхто пабачыць не захацеў. Але не паехаў у польскую сталіцу і міністар Мартынаў. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных гэтак патлумачыў прычыны ягонай адмовы ад удзелу ў саміце:

Андрэй Савіных

"Цяпер міністар замежных спраў Мартынаў знаходзіцца ў Нью-Ёрку і бярэ ўдзел у агульнапалітычнай дыскусіі Генэральнай асамблеі ААН. Рэспубліка Беларусь мае сувэрэннае права самастойна вызначаць фармат удзелу ў любых мерапрыемствах, што і было зроблена".

Афіцыйны Менск прызначыў удзельнічаць у саміце "Ўсходняга партнэрства" амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка, які мае там выступіць з прамовай. Калі арганізатары паставілі пад сумнеў такі нізкі ўзровень беларускага прадстаўніцтва, то спадар Савіных заявіў, што ў такім выпадку Менск можа зусім адмовіцца ад удзелу ў саміце:

"Сёньня мы бачым, што адбываецца палітызацыя, адыход ад заяўленых раней прынцыпаў, вылучаюцца неабгрунтаваныя патрабаваньні і ставіцца пад сумнеў унівэрсальнасьць падыходаў дадзенай праграмы".

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі няўдзел у саміце Сяргея Мартынава назваў "чарговым крокам да самаізаляцыі Беларусі".

Тым часам ад беларускай апазыцыі на імпрэзах, зьвязаных з Варшаўскім самітам, прадстаўленыя 10 чалавек. Апрача іх, запрасілі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, журналістаў. Беларуская апазыцыя будзе мець сустрэчы з старшынёй Эўрапейскай рады Гэрманам ван Ромпэем, польскім прэм'ерам Дональдам Тускам, нямецкім лідэрам Ангелай Мэркель, іншымі эўрапейскімі палітыкамі. Сёньня ўжо адбыліся сустрэчы зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і кіраўніком Камітэту па правах чалавека Рады Эўропы Томасам Хамэрбэргам. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька пасьля сустрэчы з Радаславам Сікорскім паведаміў "Свабодзе", што беларуская апазыцыя мае на форуме адзінае выпрацаванае пасланьне:

Анатоль Лябедзька

"Мы працуем над стварэньнем кааліцыі, якая здольная рэалізаваць трохкрокавую стратэгію: першы крок — вызваленьне і рэабілітацыя палітычных вязьняў, другі — вольныя выбары па стандартах АБСЭ, трэці — плян фінансава-эканамічнай дапамогі для Беларусі".

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч будзе сустракацца зь міністрам па эўрапейскіх пытаньнях ва ўрадзе Вялікабрытаніі Дэвідам Лідынгтанам:

Аляксей Янукевіч

"Думаю, што асноўным станоўчым вынікам можа стаць наданьне большай увагі Беларусі з боку Эўрапейскага Зьвязу. Я спадзяюся, што якраз такая вялікая колькасьць сустрэчаў на самым высокім узроўні ў адначасьсе, тым больш у Варшаве, ад якой зусім блізка да мяжы зь Беларусьсю, — яна зможа прабіць гэты мур недахопу ўвагі да Беларусі".

У праекце Дэклярацыі Варшаўскага саміту выказваецца "глыбокая занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права ў Беларусі", а таксама "шкадаваньне з нагоды няспыннага ўціску СМІ" і заклік да Менску "неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў і распачаць палітычны дыялёг з апазыцыяй".

Паводле беларускай Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства", гэтую пазыцыю Эўразьвязу пакуль не падтрымалі Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна. Прадстаўнікі Форуму грамадзянскай супольнасьці заклікаюць і гэтыя краіны "даслаць выразны сыгнал беларускім уладам, заклікаўшы іх да як мага хутчэйшага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітзьняволеных і пачатку дыялёгу з палітычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG