Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя 28 верасьня: ці стануць заўзятары рэвалюцыянэрамі


Менскі стадыён «Дынама», выхад у кірунку Кастрычніцкай плошчы.
Менскі стадыён «Дынама», выхад у кірунку Кастрычніцкай плошчы.
Уначы з 28 на 29 верасьня ў Менску плянуецца чарговая акцыя маўклівага пратэсту ў натоўпе заўзятараў, якія будуць вяртацца з футбольнага матчу «БАТЭ — Барсэлёна» са стадыёну «Дынама» ў бок Кастрычніцкай плошчы. Ці прымальны і ці будзе дзейсным такі начны пратэст маўклівых рэвалюцыянэраў?

Сёньняшні матч групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў UEFA паміж камандамі «БАТЭ» (Беларусь) — «Барсэлёна» (Гішпанія) выклікаў вялікі ажыятаж сярод аматараў футболу, квіткі на яго даўно раскупленыя. Чакаецца прысутнасьць каля 35 тысяч чалавек. Арганізатары плянуюць скарыстаць гэтую шматлюднасьць, каб правесьці масавую мірную акцыю. Мяркуецца, што гэта будзе шпацыр ад стадыёну «Дынама» да Кастрычніцкай плошчы з плясканьнем у ладкі. Адзін з адміністратараў сацыяльнай сеткі Ігар Коктыш адзначыў:

«Тое, што будзе адбывацца гэтая акцыя непасрэдна ў такой сацыяльнай масе, можна тлумачыць толькі тым, што прыцягваецца той слой моладзі, які, у прынцыпе, даволі доўга быў апалітычны. І тое, што ідэя супраціву ўкараняецца ў шэрагі гэтых маладых людзей, у шэрагі рабочага клясу і іншых слаёў насельніцтва, сьведчыць пра тое, што цікавасьць да гэтага ўзрастае».

Прадстаўнік клюбу заўзятараў футбольнай каманды «БАТЭ» Віктар Буевіч спадзяецца, што сапраўдных заўзятараў «БАТЭ» будзе амаль палова стадыёну, але шмат хто пойдзе паглядзець на славутага суперніка беларускай каманды — на «Барсэлёну». Ён не ўхваляе намеры маўклівых рэвалюцыянэраў зладзіць акцыю пасьля матчу.
Спорт ня трэба мяшаць з палітыкай.

«Наагул, спорт ня трэба мяшаць з палітыкай. Гэта крыху няправільна, што некаторыя людзі спрабуюць прывязаць гэты вельмі важны матч, значную падзею ў краіне, да акцыяў, якіх яны жадаюць. Хочаце праводзіць акцыю — праводзьце яе бяз гэтага. Некаторыя людзі проста спрабуюць зьмяшаць спорт з палітыкай. Гэтага рабіць ня варта. Ня трэба з-за таго, што там будзе шмат людзей, спрабаваць стварыць масавасьць акцыі. Я не падтрымаю ў любым выпадку. Гэта неразумна і няправільна».

Адзін з арганізатараў Народнага сходу, які пройдзе 8 кастрычніка, Віктар Івашкевіч, мяркуе, што сэнс сёньняшняй акцыі — не ў пратэсьце, а ў працы з шырокімі коламі грамадзтва.

«Калі ініцыятары зьбіраюцца прыйсьці да месца масавага збору заўзятараў і правесьці сярод іх інфармацыйную кампанію, хаця б улёткі раздаць ці папляскаць у ладкі — а раптам тыя падтрымаюць, паразмаўляць — гэта заўсёды лепш, чым ізаляваныя дзеяньні. Цяпер трэба рабіць інтэрвэнцыю ў грамадзтва ў любой форме. У гэтым сэнсе ідэя добрая, каб закантактаваць зь іншымі коламі людзей. А хто такія заўзятары? Гэта такі ж народ, які цярпіць ад эканамічных нястачаў, які гэтаксама незадаволены сёньняшнім рэжымам, як і большасьць беларускага народу. Добра, калі гэтыя рэвалюцыянэры туды возьмуць па пачку інфармацыйных матэрыялаў пра 8 кастрычніка».
А хто такія заўзятары? Гэта такі ж народ, які цярпіць ад эканамічных нястачаў, які гэтаксама незадаволены сёньняшнім рэжымам.

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін мяркуе, што эфэктыўнага пратэсту зь сёньняшняй акцыі ня будзе.

«Я наагул ня вельмі шмат надзей ускладаю на гэтыя акцыі. А фармат, які абраны на сёньня, наагул ня самы эфэктыўны. Ён можа толькі мець сэнс у пляне прыцягненьня канкрэтнай групы, найперш моладзі. Галоўнае, што павінны зрабіць арганізатары гэтых акцый, — зрабіць іх больш шматлюднымі. Акцыя, якая будзе толькі сярод заўзятараў футболу, — ня самае лепшае рашэньне. Хоць нейкіх канчатковых высноваў я рабіць не магу».

Паводле апазыцыйнага палітыка Віктара Карняенкі, у беларускай грамадзкасьці, якая хоча пераменаў, няма іншага шляху, як праца зь людзьмі. І прапанова ім дэманстраваць нязгоду з рэжымам.

«Таму я не магу сказаць, што сёньня адбудзецца рэвалюцыя, але я вітаю тыя крокі, якія тым ці іншым чынам паказваюць, што ў краіне ёсьць незадаволеныя рэжымам, ёсьць людзі, якія гатовыя да хоць нейкага супраціву. Тут як Ікар, які да сонца імкнецца, і я вітаю такое імкненьне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG