Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятаслава Барановіча судзяць за Плошчу. Онлайн-рэпартаж

абноўлена

Сьвятаслаў Барановіч
Сьвятаслаў Барановіч
28 верасьня ў судзе Маскоўскага раёну Менску праходзіў разгляд справы супраць Сьвятаслава Барановіча па падзеях 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці. Барановіча вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу "Ўдзел у масавых непарадках".

12.45 На паседжаньні 28-га верасьня суд заслухаў паказаньні 10 з 23 заяўленых абвінавачаньнем сьведкаў — гэта спэцназаўцы міліцыі, якія ўдзельнічалі ў разгоне акцыі 19 сьнежня. Судзьдзя Алена Рудніцкая вырашыла выклікаць у залю ўсіх сьведкаў. Таму яна аб'явіла перапынак да 12-га кастрычніка.

11.55 Аб'яўлены перапынак на 20 хвілінаў.

11.44 Працягваецца допыт сьведкаў, якія даюць аднатыпныя паказаньні: натоўп буяніў, зрываў зь іх шлемы, адбіраў шчыты і спрабаваў прарвацца ў Дом ураду. Усе яны пацярпелага ня ведаюць, ня бачылі, прэтэнзіяў да яго ня маюць.

11.34 Допыт пацярпелага Майсеенкі. Кажа, што расьсеклі натоўп, каб ён ня зьліўся ў адзінае цэлае і людзі з плошчы не дапамагалі тым, хто апынуўся ў ачапленьні каля Дому ўраду. З-за гэтага ў спэцназаўцаў ляцела каменьне, іх абражалі. Яго самога ўдарылі жалезным прадметам. Абвінавачанага ня бачыў, прэтэнзіяў да яго ня мае.

11.28 Распачаўся допыт пацярпелага Лушчыка.

Сьведчыць, што амапаўцы падалі на прыступках, ён спрабаваў іх падымаць і на яго замахнуліся ледасекам, але ён здолеў вывернуцца. Яму трапіла толькі калодачкай ад ледасека. Натоўп, як ён цьвердзіць, бясчынстваваў. Абвінавачанага ня бачыў і ня памятае.

11.24 Распачаўся допыт пацярпелага Піліпейкі. Ён сьведчыць, што, выконваючы каманды кіраўніцтва па абароне будынку Дому ўраду, быў пабіты. Хто пабіў – ня ведае. Абвінавачанага не пазнае.

Кажа пра кавалкі арматуры, што кідалі ў іхні бок.

11.18 Распачаўся допыт наступнага пацярпелага. Прозьвішча ў залі не дачулі, бо спэцназаўцы з грукатам выходзілі з залі суду.

11.10 Распачаўся допыт спэцназаўца міліцыі Зянкевіча.

Зянкевіч сьведчыць, што яго аблілі з вогнегасьніка і ён атрымаў апёкі.

На пытаньне адваката, якія масавыя непарадкі бачыў, адказаў, што калі б іх, спэцназаўцаў, не было на плошчы, то былі б масавыя непарадкі.

Зброі ня бачыў, але бачыў дручкі. Ня бачыў ні пажару, ні падпалаў.

Спэцназаўцы хадайнічаюць, каб пасьля допыту іх адпускалі з залі паседжаньня, бо яны павінны працаваць сёньня на футбольным матчы.

Допыт Зянкевіча скончаны.

11.02 Пачынаецца допыт пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі.

Сьведкі тыя ж самыя, што і на папярэдніх судах над удзельнікамі акцыі пратэсту.

Судзьдзя вырашыла, што ад тых пацярпелых, якіх няма ў залі суду, будуць зачытаныя пісьмовыя сьведчаньні.

Пацярпелы Скараходаў сьведчыць, што зь яго сарвалі шлем і выцялі па галаве.

Сьведчыць, што абвінавачанага ня бачыў і тым больш не пазнае.

Да сьведкаў-спэцназаўцаў пракурор ставіцца спакойна і нават лагодна – у адрозьненьне ад абвінавачанага, якому ён задаваў пытаньні настойліва і эмацыйна.

Допыт Скараходава завершаны.

10.18 Барановіч часткова прызнае віну. Пачаўся допыт абвінавачанага.

Пракурор пытаецца: чаму апынуўся на Плошчы?

Пракурор

Барановіч кажа, што паводле свайго права грамадзяніна пайшоў паслухаць, што кажуць пра вынікі выбараў альтэрнатыўныя кандыдаты.

Кажа, што разам зь іншымі людзьмі дайшоў ад Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасьці і апынуўся на прыступках Дому ўраду.

Там атрымаў дручком па галаве і ў адказ некалькі разоў ударыў рукой па шчытох, каб даць зразумець, што за неправамерныя дзеяньні сілавікі могуць атрымаць адпор.

10 спэцназаўцаў міліцыі, якія сядзяць у залі, з гэтых паказаньняў сьмяюцца.

Спэцназаўцы на пытаньні судзьдзі адказваюць хорам.

Да мэдыкаў, тлумачыць Барановіч, ён не зьвяртаўся з тае прычыны, што ведаў пра перасьлед удзельнікаў акцыі.

Сьвятаслаў Барановіч кажа, што толькі дома адчуў, што моцна зьбіты і ня можа нават рухацца.

Кажа, што ніводнага з спэцназаўцаў, якія прысутнічаюць у судзе як пацярпелыя, ня ўдарыў.

Таксама кажа, што ня меў і ня бачыў ніякіх сродкаў супраціву ў мітынгоўцаў, як пра тое кажа пракурор – ні дручкоў, ні ледасекаў, ні пляшак з гаручай сумесьсю.

Прызнаў віну за ўдзел акцыі – пра яе несанкцыянаванасьць даведаўся пазьней.

Кажа, што ня быў узброены і прыйшоў зь мірнымі мэтамі, а людзям супрацьстаялі ўзброеныя супрацоўнікі спэцназу міліцыі.

Разам з адвакатам


Судзьдзя кажа пра супярэчнасьці паказаньняў у судзе і на папярэднім сьледзтве 2 жніўня – зачытвае яго.

У папярэдніх паказаньнях абвінавачаны нібыта сьведчыў, што быў каля дзьвярэй Дому ўраду і нават ударыў па шчытох, якія там былі за дзьвярыма.

Таксама, паводле папярэдняга сьледзтва, яму было вядома пра несанкцыянаванасьць акцыі.

Абвінавачаны кажа, што яго дапытвалі некалькі чалавек, якія пагражалі яму доўгім тэрмінам, калі ён ня дасьць патрэбных паказаньняў.

Пракурор дамагаецца пацьверджаньня таго, што на Барановіча чынілі ціск падчас папярэдняга допыту.

Судзьдзя перапыніла пракурора і пытаецца, якія паказаньні абвінавачаны просіць прызнаць сапраўднымі.

Абвінавачаны ўдакладняе і пацьвярджае, што прыйшоў па плошчу Незалежнасьці зь мірнымі мэтамі і біў па шчытох толькі ў адказ на тое, што яго зьбілі, у тым ліку дубінкай па галаве, супрацоўнікі спэцназу міліцыі.

На пытаньні судзьдзі пра супярэчнасьці ў паказаньнях абвінавачаны кажа, што быў зьбіты некалькімі спэцназаўцамі, у тым ліку дубінкамі па галаве – дрэнна арыентаваўся ў тыя хвіліны і тым больш празь нейкі час.

Чаму біў па шчытох? Адказвае, што гэта слабыя адказы на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго, удары па шчытох значна менш балючыя, чым дубінкай па галаве. Хто ня верыць – можа паспрабаваць.

10.15 Пракурор зачытвае абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках. Абвінавачаньне стандартнае – тое, што было зачытана і ў папярэдніх працэсах над іншымі абвінавачанымі.

10.10 З 29 заяўленых пацярпелых на працэс прыйшло толькі 10.

10.05 Працэс пачынаецца. У залю запускаюць удзельнікаў. Прыйшлі: абвінавачаны, адвакат Рыгор Мароз, пацярпелыя.

Справу разглядае судзьдзя Алена Рудніцкая. Бок абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Серакоў.

Барановіча вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу “ўдзел у масавых непарадках”. Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.

Па справе праходзяць 30 пацярпелых супрацоўнікаў праваахоўчых органаў. На першае паседжаньне, якое адбылося 29 жніўня, прыйшлі толькі 12. У выніку судзьдзя перанесьла працэс на 28 верасьня.

29 жніўня Барановіча вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яго ўтрымлівалі ў турме на вуліцы Валадарскага ад 15 чэрвеня.

"На мітынг я прыйшоў, каб падтрымаць свайго кандыдата Андрэя Саньнікава. Мітынг спачатку быў мірным, і я нікога не зьбіраўся біць ці нешта такое. Але потым атрымаў дручком па галаве ад амапаўцаў і не стрымаўся, пачаў адказваць, біў па шчытах. Гэта зафіксавана на відэа, таму адмаўляць гэта мне не выпадае. Сядзеў на "Валадарцы", ставіліся там да мяне нармальна. І вязьні, і ахоўнікі", – кажа Сьвятаслаў Барановіч.

Сьвятаславу 25 гадоў, ён працуе ў Менску будаўніком, сам зь Вялейскага раёну Менскай вобласьці.

17 лютага распачалася сэрыя судоў па крымінальных справах за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Усяго абвінавачаньні па справе аб падзеях 19 сьнежня былі выстаўленыя 46 асобам.

Найбольшыя тэрміны атрымалі былыя кандыдаты ў прэзыдэнты:

  • Мікола Статкевіч — 6 гадоў калёніі;
  • Дзьмітры Вус — 5 з паловай гадоў калёніі;
  • Андрэй Саньнікаў — 5 гадоў калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG