Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец атрымаў першы ліст ад Васьковіча


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч
Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец атрымаў першы ліст ад зьняволенага бабруйскага актывіста БХД Яўгена Васьковіча.

У лісьце той паведамляе, што шэсьць разоў быў у карцэры, правёў там агулам 41 дзень «за Біблію і адмову ад маршаваньня», — паведамляе прэсавая служба БХД. Ён напаўжартам называе сябе «злосным парушальнікам рэжыму»: «Яшчэ ў жніўні я пазбаўлены пасылак, перадач і спатканьня. „Атаварка“ — 35 тысяч рублёў на месяц».

Яўген Васьковіч піша, што пазнаёміўся з астатнімі палітвязьнямі, якія ўтрымліваюцца ў адной калёніі зь ім. Гэтаксама адзначыў, што даймае алергія, але, разам з тым, «настрой — лепей за ўсіх»: «Заўжды ўсьміхаюся людзям, ад чаго зьяўляецца ўсьмешка і на іх тварах. Гэта вельмі прыемна».

Яўген цікавіцца справамі БХД, паведамляе, што чытае раман Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом»: «Паболей бы нам такіх рыцараў, як Скшатускі і Падбіпятка, ды такіх вайскаводцаў, як Вішнявецкі. Тады б Лукашэнка не пратрымаўся і некалькі год».

У ноч на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску быў учынены напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве, на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Пракурор даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да знішчэньня ўсяго будынку КДБ, страты маглі скласьці блізу 2 мільярдаў рублёў.

Праўда, рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплачаныя. Разам з тым, Васьковіч заявіў у судзе, што не шкадуе пра ўчыненае. Ён назваў сябе літвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. Скончыў жа свой выступ Васьковіч воклічам: «Жыве Беларусь!».

Яўген Васьковіч асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG