Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што звольнілі Андрэя Завадзкага і Натальлю Васілевіч?


Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч
Двум выкладчыкам Беларускага інстытуту правазнаўства — Андрэю Завадзкаму і Натальлі Васілевіч — не працягнулі кантрактаў. Але з пачатку верасьня яны прыступілі да працы, бо значыліся ў раскладзе заняткаў. 26 верасьня зьявіўся яшчэ адзін загад за подпісам рэктара інстытуту Сяргея Самаля — адхіліць Завадзкага і Васілевіч ад заняткаў.

Самі выкладчыкі зьвязваюць гэта са сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй: Андрэй Завадзкі — актывіст асьветніцкага грамадзянскага аб’яднаньня «Фонд Льва Сапегі», Натальля Васілевіч — рэдактар сайту «Царква», дырэктар цэнтру «Экумэна».

Дацэнт Андрэй Завадзкі працаваў у Беларускім інстытуце правазнаўства 8 гадоў. Выкладаў адміністрацыйнае, канстытуцыйнае права, гісторыю дзяржавы і права, інфармацыйнае, муніцыпальнае права. І ніякіх прэтэнзій раней да яго ніколі не было. На пачатку жніўня, калі спадар Завадзкі быў у адпачынку, ён атрымаў ліст — папярэджаньне, што зь ім ня будзе працягнуты кантракт. Спадар Завадзкі пайшоў да рэктара:

Андрэй Завадзкі
«Ён кажа, што, маўляў, скарачэньне нагрузкі, у вас няма навуковай ступені і гэтак далей. Але гэта ўсё сьмешна, таму што гэта ня тыя падставы для прыпыненьня кантракту. Ёсьць курсы, скажам, інфармацыйнае права, якое толькі адзін я ў інстытуце чытаю. Тэрмінова і замяніць мяне некім іншым цяжка. І тут, канечне, як і ў адносінах да Натальлі, адразу ж вылазяць нейкія палітычныя вушы. Хоць я ня сябра ніякай партыі, ніколі не затрымліваўся, ніколі на мяне ніякіх пратаколаў ці лістоў не прыходзіла, напэўна, агульная атмасфэра вальнадумства некаму не падабаецца».

Магістар Натальля Васілевіч наагул у жніўні ніякіх паведамленьняў аб непрацягу кантракту не атрымлівала. Прыйшла ў верасьні на працу:

«У раскладзе я была, на паседжаньні катэдры плян на год зацьвярджаецца, я там была. Усё нармальна, хадзіла на працу. Тэлефануюць мне з аддзелу кадраў, кажуць: „Прыходзьце, вам трэба забраць працоўную кніжку“. Я кажу: Як забраць? Я ж працую!». Мне адказваюць, што, маўляў, я з 31 жніўня ўжо не працую«.

Пасьля гэтага Натальля Васілевіч напісала рэктару яшчэ адну заяву, бо фактычна з пачатку верасьня і яна, і Андрэй Завадзкі вядуць заняткі, чытаюць лекцыі:

«Фактычна паводле Працоўнага кодэксу ў нас ёсьць прававыя ўзаемаадносіны — Працоўны кодэкс прадугледжвае гэта артыкулам 25-м. І што рэктар павінен проста аформіць іх належным чынам. Але ён падпісаў яшчэ адзін загад — адхіліць ад заняткаў і мяне, і Завадзкага».

Карэспандэнтка: «А прычыну неяк яны тлумачылі?».

«Са мной проста ніхто не гаварыў. Рэктар са мной не сустракаўся, прычыну ніяк не тлумачыў. Але іншым людзям ён казаў кшталту таго, што з КДБ прыходзілі...».

Дарэчы, супрацоўнікі катэдры тэорыі і гісторыі права на чале з загадчыцай катэдры Лідзіяй Сокал, у тым ліку прафэсар Міхаіл Пастухоў, дацэнт Іван Стадуб выступаюць супраць звальненьня Завадзкага і Васілевіч. Больш за сотню студэнтаў БІП падпісаліся супраць звальненьня выкладчыкаў. Рэктар Сяргей Самаль паабяцаў, прынамсі Андрэю Завадзкаму, іншыя формы супрацоўніцтва, кшталту дамовы падраду. Але 26 верасьня быў выдадзены новы загад — адхіліць Завадзкага і Васілевіч ад правядзеньня заняткаў.

Тым ня менш 27 верасьня, у аўторак, Андрэй Завадзкі па-ранейшаму чытаў лекцыю і вёў практычныя заняткі:

«Я выкладаю ў выглядзе такога прывіду — то бок я ёсьць, але мяне нібыта няма. Таму што да гэтага часу са мной юрыдычна не аформленыя адносіны. Я аказваю паслугі інстытуту без гарантыі зь ягонага боку. Я спадзяваўся, што яны самі прапануюць мне гэта. Але замест такой прапановы — новы загад: адхіліць ад заняткаў».

Атрымаць камэнтар у самога рэктара Беларускага інстытуту правазнаўства Сяргея Самаля не ўдалося — сакратарка казала, што яго цэлы дзень ня будзе. Злучыла зь першым прарэктарам Мікалаем Бялькевічам. Пытаюся ў яго, ці працуюць Завадзкі і Васілевіч:

«Працуюць ці не працуюць? Працуюць. Калі вы іх засталі на працы, значыць, працуюць. А што вы хацелі пачуць?».

Карэспандэнтка: «Дык быццам бы ёсьць загад пра звальненьне...».

«Ну, на гэтую тэму вы з рэктарам вядзіце размову».

Тэлефаную начальніку Ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай працы Тацяне Дзелідовіч, пытаюся, ці працуюць Завадзкі і Васілевіч у БІПе:

«Учора адхіленыя ад працы. Калі і будуць працаваць, то на дамове падраду».

Карэспандэнтка: «Але спадар Завадзкі сёньня вядзе заняткі».

«Ён прыйшоў, азнаёміўся з загадам, але ў загадзе не расьпісаўся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG