Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БТ ня ведаюць пра пакт Рыбэнтропа-Молатава?


Новым этапам антыпольскай прапагандысцкай кампаніі на галоўных беларускіх тэлеканалах сталі амаль паўгадзінныя блёкі, прысьвечаныя гэтай тэматыцы ў тыднёвых вечаровых праграмах у нядзелю 25 верасьня.

Гэтым разам да ранейшых абвінавачаньняў наконт уціску беларускай меншасьці, якія гучалі тыдзень таму, і асабістай крытыкі на адрас міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага дадаліся яшчэ і гістарычныя папрокі ды абвінавачаньні.

Спачатку з экранаў гучалі традыцыйныя абвінавачаньні: пра апалячваньне польскіх беларусаў, закрыцьцё беларускіх школаў, выгнаньне зь Беластоку Беларускага культурнага цэнтру і г.д. Вядучыя аспрэчвалі словы амбасадара Польшчы Лешака Шарэпкі. Дыплямат на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі тыдзень таму заявіў, што польскія ўлады робяць значна болей для беларускай меншасьці, чым улады Беларусі — для польскай.

Затым на першы плян выступіў гістарычны экскурс. Паводле камэнтароў, польская дыпляматыя перад Другой усясьветнай вайной нібыта актыўна супрацоўнічала з Гітлерам. "Камэнтаваць такое проста немагчыма", — сказаў першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук у размове са "Свабодай":

"Пасьля таго, як беларускае тэлебачаньне абвінаваціла Польшчу ў саўдзеле ў аншлюсе Аўстрыі, акупацыі Чэхіі і дачыннасьці да пачатку Другой усясьветнай вайны, нам проста няма чаго камэнтаваць. Мы ня будзем весьці размовы на такім роўні".

Ніна Стужынская

"Раней я ніколі ня чула пра такія факты", — кажа кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская:

"Мне падаецца, што Польшча ў тыя часы сама ратавалася ад фашызму. І таму яна ніяк не магла адыгрываць такую велізарную ролю ў геапалітыцы, каб гэта адбівалася на лёсе эўрапейскіх краін".

Гісторык зьдзіўляецца, чаму пры асьвятленьні гэтай тэмы фактычна нічога не гаварылася пра пакт Рыбэнтропа-Молатава:

"Пра тыя гульні, які вяліся на працягу 30-х гадоў. Як Масква і Бэрлін вучыліся адзін у аднаго. Як абменьваліся, я гэта дакладна ведаю, агентурнымі дадзенымі. Чаму ў 1939 годзе, калі Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, усяго за два тыдні "вычысьцілі" усе нацыянальныя кадры? Таму што быў абмен інфармацыяй. І, канечне, калі Цанава даваў загад аб арышце былых слуцкіх паўстанцаў, ён ужо ведаў, хто ёсьць хто і дзе яны ёсьць. Бо гестапа ўсё перадавала.

Самую галоўную ролю ў тым геапалітычным часе адыграла ўсё ж падрыхтоўка і рэалізацыя пакту Рыбэнтропа-Молатава. Астатнім толькі і заставалася ўспрымаць гэтыя гульні як дадзены факт і адбудоўваць сваю палітыку згодна з дачыненьнямі Масквы і Бэрліну".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG