Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень восьмы

абноўлена

Суд па справе аб тэракце ў менскім мэтро можа скончыцца ў сярэдзіне лістапада. Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заявіў, што разгляд справы плянуецца завяршыць на працягу двух месяцаў ад пачатку слуханьняў.

18:00 У другой палове дня працягнулі прагляд відэа сьледчага экспэрымэнту, запісанага ў ноч на 15 красавіка. На стужцы бачна, як Канавалаў разам са сьледчымі, панятымі, прадстаўнікамі розных ведамстваў — усяго каля 10 чалавек — выйшлі з кватэры на вуліцы Караля і пайшлі да мэтро. Фактычна ён паўтарае шлях, які папярэднічаў выбуху.

Нягледзячы на ноч і адсутнасьць пасажыраў, быў пададзены адмысловы цягнік. Бачна, як яны сядаюць у вагон, даяжджаюць да станцыі «Купалаўская». Канавалаў там выйшаў, прайшоў па калідоры з сумкай вагой прыблізна 15 кіляграмаў, якую яму выдалі і адносна якой ён пацьвердзіў, што дзесьці так яна і важыла. Пацьвердзіў, што па дарозе аднойчы спыніўся, бо было цяжка і стаміўся. Затым пайшоў на плятформу і паклаў сумку на тым месцы, дзе калісьці стаяла лаўка. Праўда, на відэа з камэраў назіраньня маршрут Канавалава быў больш складаны, чым прадэманстраваны сьледчым. Пакуль невядома, ці будуць пазьней неяк тлумачыцца гэтыя супярэчнасьці.

Пасьля гэтага Канавалаў пайшоў да пераходу ў тунэль на Купалаўскую, сказаўшы, што менавіта тут прывёў у дзеяньне пульт кіраваньня. Гэтае месца, зь яго слоў, ён вызначыў раней як самае бясьпечнае. Адтуль ён перайшоў на Купалаўскую, адтуль выйшаў да адміністрацыі прэзыдэнта, потым да цырку і вярнуўся назад да Кастрычнікай плошчы і абапал яе да будынку «Белсьвісбанку». Каля ўваходу ў яго, па словах Канавалава, кінуў у сьметніцу пульт. 15 красавіка сьледчым пульт знайсьці не ўдалося.

Пасьля гэтага пайшоў па праспэкце Пераможцаў. Пры гэтым двойчы блытаўся ў маршруце, патлумачыўшы, што сам не мянчук. Дайшоўшы да стэлы «Менск — горад герой», паказаў кватэру, якую здымаў падчас Дня незалежнасьці 3 ліпеня 2008 году. Гэта дом па вуліцы Заслаўскай, 19-103.

Пачаўся непасрэдна экспэрымэнт адносна выбуху ў ноч на 4 ліпеня. Паказаў месца на схіле каля гатэлю «Планета», дзе ён паставіў першае выбуховае прыстасаваньне, якое, дарэчы, было мацнейшае і было ў 2-літровым пачку з-пад соку. Гэта якраз тое прыстасаваньне, якое было пастаўленае на 23 гадзіны, але ня выбухнула. Тады ён вярнуўся ў кватэру за другім пачкам. Ён усталяваў бомбу насупраць першай, бліжэй да стэлы. Дачакаўся, пакуль бомба выбухнула. Пачакаў хвілін 10, паглядзеў, што адбываецца, вярнуўся дадому, дзе і пераначаваў. Сказаў, што мабільны тэлефон адключыў, сім-карту дастаў, каб ніхто ня мог вылічыць...

Назіральнік за працэсам Аляксандар Ажгірэвіч
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:19 0:00
Наўпроставы лінк


Заўтра будзе вывучэньне новых дакумэнтаў і апытаньне пацярпелых, сьведак.

13:50 У першай палове дня ў судзе зачыталі пратаколы экспэртызаў і пачалі глядзець відэа аднаго са сьледчых экспэрымэнтаў.

Пасьля затрыманьня ў Канавалава сканфіскавалі ўсю адзежу і прызналі іх рэчавымі доказамі.

Яго апранулі ў гэтую адзежу і ноччу павялі ў мэтро. Там яго фатаграфавалі і здымалі на відэа. Атрыманы матэрыял пасьля параўновалі з тым, што зафіксавалі камэры назіраньня ў мэтро.

Беларускія экспэрты зрабілі выснову, што партрэтнае падабенства ўсталяваць немагчыма, але паводле росту і целаскладу Канавалаў адпавядае чалавеку, якога зафіксавалі камэры.

Гэтыя высновы пазьней пацьвердзілі экспэрты ФСБ, якія дадалі, што ў некаторых ракурсах ёсьць «сярэднія падабенствы» паміж Канавалавым і чалавекам, якога зафіксавалі камэры назіраньня.

У судзе пачалі глядзець відэа сьледчага экспэрымэнту, які адбыўся 15 красавіка.

Канавалава ноччу вадзілі па Менску: ад найманай кватэры да станцыі мэтро «Кастрычніцкая».

У прысутнасьці ўладальніка кватэры Канавалаў распавёў, дзе стаяла торба з бомбай. Пазьней Канавалава вывелі з кватэры.

Частка экспэрымэнту ў мэтро была заплянаваная на 1.30 ночы. Аднак на станцыі мэтро «Фрунзенская» Канавалаў, сьледчыя, прадстаўнікі МУС і КДБ былі ўжо ў 1.15. За 15 хвілінаў да пачатку экспэрымэнту Канавалаў распавядаў, як рабіў бомбу.

У часе гэтага запісу Канавалаў чарговым разам заявіў, што гэта ён зладзіў выбух 3 ліпеня 2008 году.

На відэа Канавалаў выглядае стомленым, ён няголены, цяжка зглытвае сьліну. Аднак сьлядоў катаваньня ня бачна.

12:50 Суд па справе тэракту ў менскім мэтро адхіліў хадайніцтва пацярпелай Інэсы Крутой. Яна прасіла, каб разгляд справы прыпынілі пакуль ня будзе вызвалены яе бацька і прадстаўнік у судзе Аляксандар Круты.

Хадайніцтва Інэса Крутая падала ў суд у пісьмовым выглядзе.

26 верасьня судзьдзя Аляксандр Федарцоў хадайніцтва зачытаў і пацікавіўся меркаваньнем бакоў па гэтым пытаньні.

«Супраць» хадайніцтва выступіў бок абвінавачваньня.

Пацярпелыя, абвінавачаныя і абаронцы пакінулі гэтае пытаньне на меркаваньне суду, які ў выніку пастанавіў хадайніцтва адхіліць.

Аляксандр Круты прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі ў судзе, бо сама яна не ў стане пастаянна прысутнічаць на працэсе — пасьля выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» Інэса атрымала сур'ёзную траўму галавы, нагадвае БелаПАН.

На працэсе Круты выступіў з хадайніцтвам перанесьці разгляд справу, пакуль у Беларусі ня будзе вырашанае пытаньне пра скасаваньне сьмяротнага пакараньня, і ня будзе створаны інстытут прысяжных.

Вечарам 20 верасьня Крутога затрымала міліцыя. Яго зьвінавацілі ў хуліганстве.

22 верасьня судзьдзя Федарцоў часткова зачытаў пастанову пра затрыманьні Крутога. У дакумэнце сказана, што Аляксандр Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінэце адной з мэдычных установаў Менска, наўмысна зьдзейсьніў хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і грэбаваньнем да нормаў маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён «выліў зьмесьціва двух слоікаў з мачой на галоўнага ўрача».

На загад пракурора Аляксандр Круты быў накіраваны ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя (Навінкі).


15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро

Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы

Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:
  • частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • частак 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі

Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:
  • часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
  • часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
  • частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)
Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG