Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Цішкін: «Калі б мой сын быў на баку АМАПу, я б павесіўся»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Ігар Цішкін — гісторык, археоляг. У 1986 годзе ён заснаваў у Віцебску клюб аматараў гісторыі і даўніны «Ўзгор’е», пра які ўжо распавядалася ў іншых перадачах, прысьвечаных віцебскай дэмакратычнай супольнасьці. Дзейнасьць віцебскага клюбу — адзін зь яскравых прыкладаў таго, як культурніцкая актыўнасьць нефармальных маладзёнаў таго часу на ніве аднаўленьня гістарычнай спадчыны няўхільна набывала палітычны кірунак:

Ігар Цішкін на расчыстцы Трынітарскага касьцёла. Віцебск. 1987 г.
Ігар Цішкін: «Вытокі палягаюць яшчэ ў часах дзейнасьці так званых нефармальных суполак — „Талака“, „Паходня“, віцебскае „Ўзгор’е“. Гэта клюбы аматараў даўніны. Такія супольнасьці, якія садзейнічалі захаваньню гістарычнай спадчыны і ў першую чаргу архітэктурнай спадчыны, таму што вельмі шырокі размах прыняў рух па зьнішчэньні культавых будынкаў і грамадзянскай забудовы. Гэта ўсё было на хвалі перабудовы — можна было пра нешта голасна размаўляць,грукаць у нейкія дзьверы, дамагацца.

А калі ў 1988 годзе ўтварыўся аргкамітэт па стварэньні БНФ, наш клюб „Узгор’е“, які я ўзначальваў на той момант, фактычна цалкам увайшоў у БНФ».

Дзейнасьць камуністычнага кіраўніцтва па вынішчэньні гістарычных аб’ектаў у тыя часы ўжо страціла ідэалягічны складнік, а ў беларускай моладзі толькі ўзмацніла жаданьне ахоўваць нацыянальную гісторыю і ажыўляць памяць пра яе. Дзіцячыя захапленьні перарасталі ў цьвёрдыя дарослыя перакананьні:

Ігар Цішкін: «Хтосьці зьбіраў паштовыя маркі, паштоўкі хтосьці зьбіраў, а я зьбіраў манэты. І вось мы зараз сядзім на беразе Дзьвіны, на тым беразе мая школа, дзе я вучыўся. Звычайна ў вясновы пэрыяд, калі Дзьвіна ўскрывалася ад лёду, пачыналася паводка, і па шляху ў школу два першыя ўрокі былі прапушчаныя. Я сыходзіў з трамваю каля аднаго мосту і да наступнага мосту ішоў пешкі па беразе Дзьвіны, зьбіраючы манэткі. Бывалі і наканечнікі стрэл, і нейкія ўпрыгожваньні. І зьяўлялася цікавасьць, бо калі ты знаходзіш нейкую рэч, ты пачынаеш капацца ў літаратуры, думаць, а што ж гэта такое? Так, можа, гэтая археалягічная атрута была ўпырскнутая ў маю кроў.
Роднае нашае беларускае паўставала зь небыцьця, і як было не прыняць у гэтым удзел?

Наш клюб „Узгор’е“ базаваўся на каштоўнасьцях менавіта беларускай культуры. Роднае нашае беларускае паўставала зь небыцьця, і як было не прыняць у гэтым удзел? А пасьля ўжо здрэйфавалі ў палітычны бок. На мяжы 80–90-х нашая суполка сваю гістарычную задачу выканала — спыніліся варварскія зьнішчэньні помнікаў архітэктуры».

Менавіта гэтыя маладыя людзі, якіх Алесь Бяляцкі назваў «летуценьнікамі», у 1980-я ўзялі на сябе адказнасьць за тое, якой будзе краіна.

Ігар Цішкін: «Мяне заўсёды каробіў пастулят, які ўзьнік у 1960–70-я гады ў афіцыйнай гістарыяграфіі пра тое, што Віцебск — цікавы старажытны горад у сярэднявеччы ці ў новым часе — быў зьнішчаны ўва ўсёй сваёй архітэктурнай прыгажосьці падчас вайны зь нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Працуючы ў музэі, працуючы з матэрыяламі і супастаўляючы факты, я бачыў, што гэта ня так. У тым ці іншым стане, але ўсё захавалася пасьля вайны, і расчыстка старажытнага Віцебску і рабленьне зь яго тыповага савецкага гораду, што ў Казахстане, што ўва Ўкраіне, — усё гэта адбылося ўжо ў 60–80-я гады, да якіх я дажыў і актыўна пачаў дзейнічаць са сваімі паплечнікамі, каб захаваць ужо рэшткі таго, што засталося.

І тое, што захавалася, гэта ня дзякуючы сёньняшняму рэжыму і сёньняшняй уладзе, якая быццам бы клапоціцца пра нашую культуру. Ні ў якім разе яна не клапоціцца, мы добра разумеем, што культура — гэта для іх „Славянскі базар“. А вось Усьпенскі сабор, Уваскрасенская царква, Пакроўская царква і шмат іншага, што адноўлена, — гэта дзякуючы дзейнасьці менавіта той супольнасьці, якая білася за гэта».

У 1990-м годзе Ігар Цішкін, якому тады не было яшчэ 30 гадоў, спаборнічаў на выбарах у Вярхоўны Савет з генэралам Мечыславам Грыбам.

Першы ўдзел у выбарах.

Кракаў, 1992 г.
Ігар Цішкін: «Я балятаваўся па Цэнтральнай акрузе Віцебску. У нас тузін кандыдатаў быў, і зь іх у другі тур выйшлі я і Мечыслаў Грыб. Але гэта была яшчэ БССР. І, безумоўна, Мечыслаў Грыб, які ўзначальваў Віцебскую абласную міліцыю і быў генэрал-маёрам, а зь іншага боку — нейкі малады бээнэфавец скача. Намэнклятура на каго паставіла? Безумоўна, на Грыба. Пасьля мне адзін зь сяброў выбарчай камісіі казаў, што падкідвалі за Грыба бюлетэні. Ужо тады яны валодалі гэтымі тэхналёгіямі — ня так нахабна, як цяпер, але ўсё ж падкідвалі.

Спадар Грыб перарадзіўся пасьля ў Вярхоўным Савеце і займеў там дэмакратычныя погляды. Але я магу з упэўненасьцю сказаць, што дарогу ў вялікую палітыку Мечыславу Грыбу зрабіў я».

Сыну Ігара Цішкіна Андрэю хутка будзе 23 гады. Як і для большасьці прадстаўнікоў гэтага пакаленьня, гісторыя ўжо ня мае для яго вырашальнага значэньня. Андрэй захапляецца кампутарамі, рэтра-аўтамабілямі і працуе на заводзе па вытворчасьці капылоў. Ён добра можа ўявіць, як выглядаў ягоны бацька ў 23 гады, але мала ведае пра тое, чаго той у свой час дамагаўся.

Андрэй Цішкін: «Мая бабуля, татава мама, лічыць, што ўся ягоная палітычная дзейнасьць яму сапсавала жыцьцё. Зараз ён нікуды ня можа ўладкавацца на працу. А я лічу, што ўсё гэта ня так. Прынамсі, ён мне прышчапіў веру ў тое, што калі-небудзь усё гэта зьменіцца ў нашай краіне. Я ў гэта таксама веру і буду верыць».

Другі ўдзел у выбарах. 1995 г.

Цяперашняя беларуская ўлада з новымі сіламі ўзялася за вынішчэньне аб’ектаў гістарычнай спадчыны, дратуючы разам зь імі і палітычны грунт апазыцыі.

Ігар Цішкін: «Мая прафэсія — археоляг, а археолягі гэтай дзяржаве не патрэбныя. Палітычныя погляды ніколі не давалі нармальна працаваць. Над табою заўсёды вісеў «дамоклаў меч». Я не скуголіў ніколі з гэтай нагоды, як некаторыя. Колькі такіх прайдзісьветаў зьбегла, быццам бы яны ўдзельнікі апазыцыі, цэлы рух быў у 90-я гады. Хто ў Нарвэгію, хто ў Чэхію — абы толькі зьбегчы адсюль.

Нават калі я працаваў у рэстаўрацыі, прадпрыемства называлася «Віцебскпраектрэстаўрацыя», заўсёды стаяла пытаньне, каб мяне адтуль прыбраць, выкінуць на вуліцу. Пераглядаў нядаўна свае паперы, нават захавалася ў маёй асабістай справе паведамленьне майго дырэктара пра тое, што няма працы для мяне, няма нагрузкі, таму мая стаўка археоляга скарачаецца. А працы тут нямерана. Узяць мінулы і пазамінулы год — пры падрыхтоўцы да 20-га фэстывалю «Славянскі базар» тут жа столькі грунту перарылі ў цэнтры гораду. Тут уся Акадэмія навук магла б знайсьці сабе працу. Сядзелі б з гэтымі драгамі, з рыдлёўкамі, перабіралі, зьбіралі матэрыял. Рэчышча Віцьбы вычысьцілі, а колькі ж тут за столькі гадоў накідалі артэфактаў! Горы гэтыя рылі, ручаі падымалі… І мяне сьляза прабівае, калі я па «National Geographic» гляджу дакумэнтальны фільм пра тое, як у цэнтры Лёндану перакрываюць рух і даюць мажлівасьць людзям зрабіць раскоп і дастаць парэшткі ангельскага штурмавіка. А ў Віцебску, у старажытным горадзе, як і па ўсёй Беларусі, археолягі бяз працы.

На раскопках Усьпенскага сабору. Віцебск. 1998

Разам з гістарычным мінулым ад бульдозэра сучаснай ідэалёгіі бяжыць і гістарычная будучыня.

У бібліятэцы па правах чалавека Віцебскага аддзяленьня «Фонду імя Льва Сапегі». 2004 г.

І палітыкай я ў апошні час актыўна не займаюся. «Цар» зьнішчыў і трэці сэктар, і ўсе палітычныя партыі, расчышчаючы тое поле, на якім ён будзе гуляць адзін. Гэтая дзейнасьць шмат у якіх рэгіёнах сышла на нуль».

Радыё Свабода: «Цяпер магчымае зьяўленьне такіх суполак?».

Ігар Цішкін: «Не, немагчымае. „Цар“ усё ж такі закалаціў страх у людзей. Усёй сваёй дзейнасьцю. І зьнікненьнем палітычна актыўных людзей, я маю на ўвазе Ганчара, Завадзкага, Красоўскага, іншых. І „пасадкай“ на кантрактную сыстэму. У людзях страх: „не чапайце мяне, дайце да пэнсіі дарабіць. Выкінуць мяне — куды я пайду?“. Прычым чым глыбей правінцыя, тым складаней уладкавацца кудысьці на працу. Гэта ў Менску — выкінулі з адной канторы, знойдзеш іншую.

А жыцьцё ўсё горшае і горшае робіцца. І цяпер зьяўленьне такіх суполак проста немагчымае ў атмасфэры, калі чалавека могуць забраць за тое, што ў яго мабільнік у руках, і даць яму 10 сутак».

На прыёме ў бургамістра гораду Нінбургу (Ніжняя Саксонія, Нямеччына). 2005 г.

Вандроўка па Нямеччыне. Кёльн. 2006 г.
Андрэй Цішкін: «Я ня вельмі хацеў бы жыць у Беларусі стала. На сёньняшні момант, калі б я меў магчымасьць некуды зьехаць, то зьехаў бы. Хацеў бы паехаць працаваць у Эўропу. Прыяжджаць сюды можна, але жыць цяпер тут я б не хацеў».

Радыё Свабода: «Вы бачыце месца свайго сына ў гэтым горадзе, у гэтай краіне?

Ігар Цішкін: «Ня бачу. Я хацеў для яго лепшай долі. Калі была праграма Каліноўскага, ён якраз скончыў школу, і я адправіў яго ў Польшчу вучыцца. Яго разьмеркавалі ў Беластоцкі ўнівэрсытэт. Але так склаліся абставіны, што ён кінуў вучобу, пераехаў назад у Віцебск. Вярнуўся. Для мяне гэта было ўдарам — я ўсё ж такі лічыў, што ён будзе вучыцца і куды-небудзь далей паедзе, растварыцца ў Эўропе, знойдзе сабе там прымяненьне. Абы толькі ня ў гэтай краіне, толькі не для гэтых чыноўнікаў.

Андрэй працуе зараз на прадпрыемстве, але ня ведаю, дзе ён можа прыкласьці свае намаганьні, калі і я не магу прыкласьці. Мне ўжо 50 гадоў, і я ня ведаю, што рабіць, бо, як бачым, у нашай дзяржаве ўсё вырашае чыноўнік. Усё вырашае адзін чалавек або ягоныя сатрапы на месцах. Ніякія спэцыялісты тут не патрэбныя, будуць толькі пад нагамі круціцца, замінаць».

Для сёньняшніх маладых людзей, якім нашмат лягчэй перакрочваць палітычныя і культурныя межы паміж краінамі, пошукі лепшай долі часта азначаюць і захаваньне асобы.

Сустрэча з партнэрамі з грамадзкай арганізацыі IBW. Горад Нінбург (Ніжняя Саксонія, Нямеччына). 2008 г.;

Радыё Свабода: «Ігар, ваш сын праяўляе палітычную актыўнасьць?».

Ігар Цішкін: «Не, не праяўляе. І ёсьць прычыны, каб не праяўляць. Можа, сыграла ролю мая дзейнасьць, але ён, гледзячы на мяне, проста адмовіўся ісьці ў лукашысцкае войска. Атрымаў за гэта артыкул. Калі ён будзе актыўна праяўляць сваю палітычную пазыцыю, яны ж яго ўкатаюць. Я перажываў з гэтай нагоды як бацька. Але пасьля 19 сьнежня падумаў, што ў гэты дзень мог служыць мой сын у барысаўскім АМАПе, і яму быў бы дадзены загад дубасіць людзей. Дык я б павесіўся тады дзе-небудзь у сараі, каб мой сын на баку гэтага АМАПу. І я пра сябе падумаў — ай, малайчына сынок, ды хрэн на іх, на гэты артыкул, але ты не пайшоў у лукашысцкае войска».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG