Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Без адміністрацыйнага рэсурсу ўмацаваць рубель немагчыма


Чарга ў абменьнік
Чарга ў абменьнік
Рынкавы і афіцыйны курсы беларускага рубля працягваюць рух на збліжэньне. Па выніках сёньняшніх таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель зафіксаваўся на чарговай рэкорднай адзнацы — 7890 за даляр.

Нагадаем, што ў выніку першай сэсіі ён каштаваў 8600, і з той пары толькі ўмацоўваўся. Тым часам Нацбанк працягвае курс на абясцэньваньне рубля — афіцыйны курс ужо большы за 5500. Цяпер разрыў паміж двума курсамі крыху перавышае 40%, тады як яшчэ напачатку верасьня набліжаўся да 100%. У якім сэгмэнце ўлады зьбіраюцца злучыць два паказьнікі ў адзін?

Дзяржаўныя кіраўнікі на ўсіх узроўнях заяўляюць пра значныя рэзэрвы для ўмацаваньня рубля. Прапаганда спасылаецца нават на дзелавую супольнасьць, прадстаўнікі якой нібыта вылічылі сапраўдную вартасьць нацыянальнай валюты — 4000 за даляр. Праўда, эканаміст Уладзімер Карагін, якому дзяржаўныя СМІ прыпісваюць аўтарства падобных разьлікаў, удакладняе: такая лічба была б цалкам рэальнай, каб улады адэкватна адрэагавалі на сытуацыю на самым пачатку валютнага крызісу — у сакавіку-красавіку. Цяпер жа даганяць цягнік абсалютна марна:

"Яны цытуюць толькі адзін кавалак з таго, што трэба гаварыць... Насамрэч я не гадалка, хоць, канечне, ведаю, што ёсьць праграма сумесных дзеяньняў ураду і Нацбанку. На жаль, яна засакрэчаная, не надрукаваная і лічыцца сакрэтным дакумэнтам. Туды ўвайшлі многія прапановы і дзелавой супольнасьці, якія мы накіроўвалі ў чэрвені-ліпені. Нашы прапановы апублікаваныя, некаторыя зь іх узятыя пад увагу і ўрад мае намер іх рэалізаваць.

Сярод іх — пашырэньне рынку цэнных папераў, шэраг іншых пазыцый. Ёсьць і іншыя меры, якія там заплянаваныя. І калі будзе ўрад пасьлядоўны ў ажыцьцяўленьні гэтай праграмы, то, сапраўды, посьпеху можна дасягнуць. Але трэба наўпрост казаць: вярнуць сытуацыю сьнежня 2010 году, вярнуцца да тых курсаў валют, той зьнешняй устойлівасьці будзе вельмі складана. Трэба ня менш як два гады працаваць — пасьлядоўна і напружана — дзеля таго, каб стабілізаваць рынак".

Выйсьці на раўнаважны курс беларускага рубля ўлады абяцаюць у другой дэкадзе кастрычніка. Тэндэнцыі апошняга тыдня дэманструюць, у які бок зрушваецца заплянаванае выраўноўваньне пазыцый. Старшыня клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін перакананы: пры цяперашнім аб'ёме таргоў гэтаму спрыяе толькі адно — адміністрацыйнае ўмяшаньне:

"Яны падводзяць да "вілкі" ў 7000-7500, каб пасьля 20 кастрычніка аб'яднаць абедзьве сэсіі ў адну. То бок назваць гэты курс рынкавым, адзіным, пра што адрапартаваць антыкрызіснаму фонду ЭўрАзЭС і Міжнароднаму валютнаму фонду — каб атрымаць наступныя траншы грошай. Гэта калі лягічна тлумачыць — для чаго гэта ім і чаму яны так сьпяшаюцца.

Калі разьбіраць па паліцах, ці задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, то, канечне, задзейнічаны. Таму што без адміністрацыйнага рэсурсу такое зрабіць увогуле немагчыма. Іншая справа, наколькі адэкватна ён задзейнічаны. Ці не абмяжоўваецца попыт на валюту, ці ўсіх пускаюць на біржу, каб набыць валюту, ці не абавязваюць экспартэраў альбо банкі, наадварот, уліваць валюту на біржу. Гэта другая плоскасьць пытаньня. Тут, канечне ж, дзяржава дзесьці адкладае попыт на валюту, дзесьці просіць банкі не трымаць лішняй валюты ў сябе, а "зьліваць" яе на сэсію. Але, тым ня меней, усе гэтыя дні ад адкрыцьця аб'ём таргоў пакуль ідзе вельмі маленькі".

Як лічыць суразмоўца, важна, каб улады не перагнулі палку ў жаданьні максымальна ўмацаваць рубель, наблізіўшы яго да цяперашняга афіцыйнага курсу. У такім выпадку экспартэры зноў будуць трымаць валюту, не жадаючы яе прадаваць па нявыгадным курсе, а людзі перастануць несьці СКВ у абменныя пункты. Дык што — рэанімацыя чорнага рынку?

Андрэй Карпунін: "Дзяржава вельмі хацела задзейнічаць хоць бы некалькі мільярдаў у валюце ад насельніцтва. Часткова гэтая задача была выкананая — за гэтыя паўтара тыдня, сапраўды, шмат валюты прынесла насельніцтва. Але пракамэнтаваць паводзіны людзей — ці будуць яны здаваць па 7000, калі нядаўна маглі здаць па 9000 — наўрад ці магчыма.

Калі захаваецца праца біржы, калі на біржы ўсім будзе хапаць валюты, то, тэарэтычна, насельніцтва зьмірыцца з тым, што валюта стала, прыкладам, па 7000. Паціху пачнуць і здаваць, і хлеб набываць сабе. Але масава, канечне, народ ня будзе здаваць даляры, каб зрабіць уклад у "Беларусбанку" ў беларускіх рублях — спадзеючыся азалаціцца на 45% гадавых. Такога насельніцтва, натуральна, масава рабіць ужо ня будзе".

У сытуацыі глыбокага фінансава-эканамічнага крызісу Беларусь мае патрэбу ў значным зьнешнім крэдытаваньні. Аднак адпаведныя донарскія структуры патрабуюць ад беларускіх уладаў карэнных эканамічных пераўтварэньняў, уключна са стабілізацыяй на валютным рынку — у адваротным выпадку на дапамогу няма чаго і разьлічваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG