Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія навукоўцы перамаглі хуткасьць сьвятла?


Фундамэнтальны пастулят фізыкі і тэорыі адноснасьці Эйнштэйна – што нічога ня можа рухацца хутчэй за сьвятло – быў пахіснуты новымі дасьледаваньнямі Эўрапейскага цэнтру ядзерных дасьледаваньняў (CERN) у Жэнэве.

Як паведамілі эўрапейскія дасьледнікі, яны думаюць, што ім удалося выявіць элемэнтарныя часьцінкі, якія рухаюцца з хуткасьцю вышэйшай за хуткасьць сьвятла.

Вынікі дасьледаваньня настолькі рэвалюцыйныя, што, як кажуць навукоўцы, яны самі зь цяжкасьцю ў гэта вераць.

Калі высновы будуць пацьверджаныя, гэта будзе азначаць, што сама аснова славутай формулы тэорыі адноснасьці Эйнштэйна – E = MC2 – памылковая. Згодна з тэорыяй Эйнштэйна, нічога ня можа рухацца хутчэй за сьвятло.

Цьверджаньне дасьледнікаў з CERN іншыя фізыкі сьвету сустрэлі скептычна. Праўда што, самі навукоўцы кажуць, што яшчэ не гатовыя афіцыйна абвясьціць пра адкрыцьцё.

Пасьля трох гадоў назіраньняў і збору дадзеных удзельнікі экспэрымэнту зьвяртаюцца цяпер да сваіх калегаў у сьвеце з просьбай паспрабаваць незалежна праверыць вынікі іх дасьледаваньня паводзінаў дзіўнай элемэнтарнай часьцінкі нэўтрына.

Як сказаў «Радыё Свабода» прэсавы прадстаўнік CERN Джэймс Джыліс, сярод фізыкаў сьвету існуе «агульны кансэнсус», што ў пляне дасьледаваньня, абсталяваньні або ў мэтодыцы аналізу інфармацыі мусіць быць нейкая памылка.

«Такое ў навучы здараецца даволі часта. Падчас экспэрымэнту выяўляецца нешта незвычайнае, і першая рэакцыя бывае: «Гэтага ня можа быць». Пасьля правяраецца дасьледны апарат, прынцыпы аналізу, мэтодыка ігд. І тады часьцей за ўсё незвычайным зьявам знаходзяцца празаічныя тлумачэньні. А часам і не знаходзіцца, і менавіта гэта здарылася цяпер. Так што цяпер трэба, каб нашы вынікі праверыла шырэйшая навуковая грамадзкасьць».

Канкурэнты дасьледнікаў з Швайцарыі – супрацоўнікі чыкагскай лябараторыі Fermilab – ужо пачалі праверку вынікаў CERN. Чыкагскія навукоўцы ў 2007 годзе самі прыйшлі да падобных высноваў пры вывучэньні нэўтрына ў 2007 годзе. Аднак велічыня хібнасьці ў тагачасных досьледах была даволі высокая, таму цяжка было сказаць, ці сапраўды нэўтрына перасягнула сьветлавы бар'ер хуткасьці – 299 792 кілямэтры за сэкунду.

Тым часам, італьянскія і францускія дасьледнікі з CERN зрабілі «стрэл» патокам нэўтрына з паскаральніка часьцінак каля Жэнэвы ў лябараторыю ў Італіі на адлегласьці 730 кілямэтраў. Выявілася, што нэўтрына разьвівалі хуткасьць на 60 мільярдных доляў сэкунды большую за хуткасьць сьвятла, пры гэтым парог хібнасьці складаў 10 мільярдных доляў сэкунды – дастаткова мала, каб вынікі мелі навуковую абгрунтаванасьць.

Паводле Джыліса, калі вынікі дасьледаваньняў у CERN будуць навукова пацьверджаныя, гэта будзе мець велізарнае значэньне для будучыні фізычных дасьледаваньняў:

«Адна зь вялікіх дылемаў фізыкі ХХ стагодзьдзя палягае ў тым, што сучасная фізыка базуецца на двух слупах, узьведзеных на пачатку мінулага стагодзьдзя - на тэорыі адноснасьці і на квантавай мэханіцы. Адноснасьць – гэта тэорыя гравітацыі. А квантавай тэорыі гравітацыі не існуе. І таму спробы спалучыць гэтыя дзьве рэчы – адна з найважнейшых задачаў сучаснай фізыкі, а магчыма і найважнейшая. І вось калі пачынаюць выяўляцца такія рэчы, дык, магчыма, знойдзецца спосаб спалучыць тыя два асноўныя слупы сучаснай фізыкі. Аднак найперш трэба пераканацца ў правільнасьці нашых высноваў».

Аднак Джыліс зазначае, што пройдуць яшчэ месяцы – а магчыма і некалькі гадоў – перш чым будуць гатовыя вынікі незалежнай праверкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG