Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не купляюць, бо дорага. Не здаюць, бо танна


Замежная валюта ў беларускіх банках ужо на працягу некалькіх дзён таньнее. Раніцай у чацьвер даляр набывалі па 6900–7500 і прадавалі па 7800–8500 беларускіх рублёў. У параўнаньні з папярэднім днём курс куплі зьнізіўся на 50–200, продажу — на 50–150 беларускіх рублёў.

Як адзначаюць у рэгіянальных прадстаўніцтвах банкаў, на сёньня насельніцтва здае даляраў, эўра і расейскіх рублёў больш, чым купляе. Ахвотных набыць валюту няшмат.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Прапаганда ня здольная кіраваць далярам…»

Разам з паніжэньнем курсаў замежных валют у абменных пунктах на Гарадзеншчыне зьнізілася і цікавасьць насельніцтва да валютных апэрацый.

У Смаргонскім філіяле «Беларусбанку» спэцыяліст па валютных апэрацыях спадарыня Вольга распавядае, што апошнімі днямі са зьніжэньнем курсаў даляра і эўра кліентаў у іх стала зусім мала:

«Валюту ў абменьніках не раскупляюць, даводзіцца яе нават вывозіць у цэнтральны офіс».

Зь яе слоў, калі здаваць валюту яшчэ нехта здае, то пакупнікоў — вобмаль. Таму валюту нават вывозяць у цэнтральны офіс, бо няма попыту:

«Насамрэч чэргаў няма ні на здачу, ні на тое, каб набыць валюту. Тыя, хто хацеў здаць, — здалі, а хто хоча купіць — купляюць. Хто хацеў, абмянялі даляры і паклалі на беларускія ўклады, бо адсоткі істотныя — 38%. У асноўным такая была тэндэнцыя».

А вось у Лідзе спэцыялістка валютнага аддзелу спадарыня Алеся кажа, што ў іх дагэтуль як купляюць, так і набываюць валюту, і зьмены ня надта заўважныя:

«Не, у нас і набываюць, і здаюць валюту, праўда, пакуль больш здаюць, чым набываюць. Гэта, магчыма, таму, што людзі яшчэ ня звыкліся з такімі высокімі цэнамі на валюту».

Сёньняшні наш экспэрт, ваўкавыскі прадпрымальнік Мікола Кавальчук, разважаючы пра валютную сытуацыю ў краіне, цалкам дапускае, што шмат у чым яна створана штучна — дзеля таго, каб «патрэбныя» людзі ў гэты час змаглі зарабіць капітал на прыватызацыю, якая так ці інакш непазьбежная. А тое, што адбываецца зараз побач з абменьнікамі, ён схільны расцэньваць так, што невялікая частка людзей пад уплывам прапаганды пабегла здаваць валюту, разьлічваючы, што курс упадзе. Але большасьць, на яго думку, у прапаганду ўжо ня верыць і моцна пры сабе трымае сабраныя даляры.

Кавальчук: «Для таго, каб курс валюты ўпаў, у гэтай краіне няма падстаў. У рынкавых умовах калі ёсьць попыт, то будзе і прапанова. А ў нас попыт ёсьць, але прапановы няма, бо ўсё гэта створана штучна — то як ён можа ўпасьці… Ну вось дойдзе зараз да прапагандысцкага мінімуму, а потым усё вернецца на сваё месца».

Мінакі на вуліцах Горадні адказваюць, што яны думаюць пра цяперашнюю сытуацыю з абменам валюты.

Спадарыня: «Я думаю, што гэта зноў нейкі падман. У нашай дзяржаве ўсё нестабільна: то падвышэньне, то паніжэньне, нічога не зразумець. Мне здаецца, людзі, у банках таксама, пакрысе вар’яцеюць».

Маладая спадарыня: «Сёньня бачыла, як здавалі сто даляраў нават…».

Першая спадарыня: «Зараз будзе дэфіцыт беларускіх рублёў, я так думаю. Калі ня ўключаць машыну і не пачнуць друкаваць. Вы самі бачыце, што робіцца: у крамах кашмар, на працы кашмар, заробкі не падвышаюць. Адносна цяперашняга курсу нашы людзі атрымліваюць жабрачыя заробкі. І колькі гэта будзе працягвацца, ніхто ня ведае».

Спадар: «Вычэкваюць людзі. Можа, думаюць, што зноў падскочыць даляр. Рэальна ён большы, чым паставілі ў банку. Там думалі: вось далі, потым панізілі, нясіце, людзі, даляры ў банк, таму што яшчэ панізіцца. А на самой справе людзі думаюць, што проста ў іх выманьваюць грошы, і перасталі здаваць».
Людзі думаюць, што проста ў іх выманьваюць грошы, і перасталі здаваць.

Другая спадарыня: «Для мяне, калі валюта вышэйшая, — лепей, таму што ў мяне ёсьць валюта ў дадзены момант, я яе не купляю, я здаю. Але тым, хто працуе на заробак, лепей, калі валюта будзе каштаваць меней. А я ўсё роўна здаю, бо ў мяне беларускіх грошай няма зусім. Будзе дэфіцыт з валютай зноў, я думаю. Але цяпер людзі больш здаюць, чым купляюць».

Пэнсіянэрка: «Што паніжаюць — напэўна, правільна, але калі курс расьце, то трэба і заробкі адпаведна. А так выходзіць, што я сёньня на расейскія грошы нават тры тысячы не атрымліваю. Гэта хіба пэнсія? А расіяне гавораць, што пяць тысяч у іх — гэта замалая пэнсія. Дрэнна зрабілі, атрымліваецца. Малы курс, высокі курс — цэны ўсё роўна растуць бесьперапынна».

Спадар: «Мы звычайныя абывацелі, што дзяржава прапануе, тое мы і робім. Праблема, што з-за даляраў немагчыма выехаць у бліжняе замежжа. А што да падвышэньня і паніжэньня курсу, дзяржаве відней, яна ж, напэўна, клапоціцца пра нас (сьмяецца). Вядома, моманты шмат якія не задавальняюць».

Другі спадар: «Я думаю, добра, што паніжаюць, таму што быў курс моцна завышаны і не абгрунтаваны эканамічнымі лічбамі. Думаю, усё пойдзе ўніз, стабілізуецца і будзе так, як гавораць па тэлевізары (сьмяецца). Вядома, курс ня будзе на ўзроўні трох-чатырох тысяч, але на ўзроўні шасьці — будзе».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Валюту людзі мяняюць, але невялікімі сумамі

У Берасьці ажыятажнай здачы валюты ў банкі не назіраецца. У большасьці банкаў чэргаў няма. Больш-менш здаюць замежныя грошы ў абменьніках на рынках або ў буйных супэрмаркетах. Аднак калі людзі й мяняюць валюту, то невялікімі сумамі.

Як распавёў адзін зь берасьцейскіх валютчыкаў, тысячамі даляры цяпер у банк надта не нясуць. Яшчэ ён кажа, што валютчыкі не баяцца падзеньня курсу валютаў, бо ў банках цяпер вялікая розьніца паміж купляй і продажам. Менавіта на гэтай розьніцы валютчыкі й гуляюць:

Спадар: «Два-тры гады таму валютчыкі ўсе стаялі за 10–20 рублёў. Таму яны былі, ёсьць і будуць. У любы час. Будуць проста маленькую розьніцу між курсамі ставіць».

Валютчыкі расказваюць і пра тое, што цяпер значна ўпалі аб’ёмы куплі валюты прадпрымальнікамі. Яны кажуць, што прадстаўнікі малога бізнэсу бяруць у дзень ня болей за 50–70 даляраў.

Як патлумачыў намесьнік кіраўніка рэспубліканскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі зь Берасьця, прадпрымальнікі цяпер не сьпяшаюцца ўкладаць грошы ў новы тавар. Яны чакаюць, як будзе разьвівацца сытуацыя далей:

«На жаль, прадпрымальнікі ўжо ні ў што добрае ня вераць. Яны чакаюць, каб курс падвысіўся. Таму што любы адукаваны чалавек выдатна бачыць, што робіцца ў краіне…».


На тле таго, што чэргі зьніклі ў абменьніках, ажыятажны гармідар у чацьвер адбываўся на пошце. Дзясяткі пэнсіянэраў стаялі ад ранку ў чэргах па «прэзідэнцкія» пяцьсот тысяч рублёў.

Пэнсіянэрка з чаргі: «Гэта можна купіць і бульбачку, і бурачок, і морквачку, і скварачку, як наш „бацька“ кажа».

Карэспандэнт: «Ці адпавядаюць сёньняшнія пэнсіі цэнам у крамах?»

Пэнсіянэрка: «На гэтае пытаньне я адказаць вам не магу…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG