Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нататкі на палях ліста Младэнава да Эштан


Дакладны тэкст ліста міністра замежных справаў Баўгарыі кіраўніцы зьнешняй палітыкай Эўразьвязу не адкрыў амаль нічога новага ў параўнаньні з папярэднімі паведамленьнямі пра гэты дакумэнт.

Праўда, некаторыя асаблівасьці варта ўсё ж адзначыць. Напрыклад тое, што Аляксандар Лукашэнка загадзя паведаміў баўгарскаму суразмоўцу пра намер прапанаваць «круглы стол» з удзелам апазыцыі. Таксама вартыя ўвагі спадзевы кіраўніка баўгарскага МЗС, што пад наглядам эўрапейскіх «мудрацоў», узброеных досьведам пераходу да дэмакратыі эўрапейскіх краін, беларуская ўлада і апазыцыя поруч будуць шпарка рушыць па шляху дэмакратызацыі, балазе і сам Лукашэнка, як высьвятляецца, зьнемагае пад цяжарам занадта ўжо сканцэнтраванай улады.

Спадзевы могуць быць розныя, часам наіўныя і завышаныя, але зь ліста вынікае, што сп. Младэнаў нічога ў адказ на прапанаваныя крокі Менску Лукашэнку не абяцаў.

Са свайго боку беларускія ўлады свае абяцаньні, прынамсі ў частцы вызваленьня палітвязьняў, пакуль паступова выконваюць.
Младэнаў нічога Лукашэнку не абяцаў.

Праўда, з «круглым сталом» атрымліваецца не настолькі гладка – 9 верасьня Лукашэнка ў гарачай прамове патлумачыў, што перамовы з апазыцыяй весьці нібыта не зьбіраецца. Хаця філіпікі кіраўніка дзяржавы былі знарок збудаваныя так сумбурна, што зь іх фармальна не вынікала, што размоваў ці «круглага стала» з апазыцыяй ня будзе.

Як трапна адзначыла ў перадачы «Праскі акцэнт» Вольга Карач, кіраўнік Беларусі заўсёды кожнае пагадненьне зь яго ўдзелам спрабаваў на злом – а раптам можна нешта з абяцанага не выконваць. Колькі падобных сытуацый было з Расеяй, уласна ўсе стасункі афіцыйнага Менску з усходнім суседам і складаюцца з гэтых выпрабаваньняў. Партнэры Лукашэнкі ніколі не павінны быць упэўненымі, што ім хоць штосьці гарантавана, што хоць нешта будзе зроблена аўтаматычна.

Ня выключаная і іншая прычына эмацыйнага выбуху Лукашэнкі 9 верасьня – самы факт працёку інфармацыі пра яго сустрэчу з Младэнавым і асабліва пра тыя абяцаньні, якія кіраўнік Беларусі пры гэтым на сябе ўзяў.
Любыя сур'ёзныя перамовы – гэта кампрамісы, саступкі, адыход ад прынцыпаў і пазыцый, якія публічна дэкляруюцца.

Ва ўмовах, калі гэтая інфармацыя стала здабыткам галоснасьці, для Лукашэнкі значна цяжэй захаваць твар, стварыць хаця б ілюзію, што ён саступае не абставінам і ціску, а шчырасьці ўласнай душы. Прынамсі балянс плюсоў і мінусаў пасьля абнародаваньня дэталяў пагадненьня зьмяніўся, мінус для беларускага кіраўніка ў выглядзе страты твару істотна павялічыўся.

Гэта, дарэчы, аргумэнт да спрэчак вакол карыснасьці і шкоднасьці выкрываньняў вядомага парталу Wikileaks. Яно, зразумела, цікава і пазнавальна, але дэмагогія пра адкрытасьць і празрыстасьць дыпляматыі прыкрывае тую ісьціну, што многія надзвычай карысныя і нават выратавальныя пагадненьні проста не былі б дасягнутыя, калі б адзін з бакоў ці абодва ведалі, што ўся перамоўная кухня будзе абнародаваная і яны ня змогуць захаваць твар.

Ёсьць толькі адзін від перамоваў, пры якім адзін з бакоў ні на крок не адступае ад сваіх прынцыпаў і пазыцый – гэта падпісаньне безагаворачнай капітуляцыі.

Любыя іншыя сур'ёзныя перамовы – гэта кампрамісы, саступкі, гэта значыць адыход ад прынцыпаў і пазыцый, якія публічна дэкляруюцца. Фактычна гэта так ці інакш, раней ці пазьней робіцца вядома, але калі розьніца паміж публічнай рыторыкай і саступкамі адразу ж абнародуецца, то большасьць палітыкаў аддадуць перавагу непахіснасьці. Калі б у 1962 годзе Мікіта Хрушчоў ведаў, што яго лісты да прэзыдэнта Джона Кенэдзі адразу ж патрапяць на старонкі New York Times, сьвет бы ўжо тады абрынуўся ў пекла ядзернай вайны. Але празрыста і шчыра.

Гэтак жа і цяпер некаторыя, у прыватнасьці некаторыя наведнікі нашага сайту, пасьпяшаліся абрынуць на галаву баўгарскага міністра свой праведны гнеў – як ён
Гэта не баўгарскі міністар такі, гэта сьвет такі, ён так збудаваны.

пасьмеў размаўляць з Лукашэнкам, які такі-сякі, нелегітымны і кепскі. А партал «Хартыя-97» перадрукаваў публікацыю з нашага сайту пра ліст Младэнава пад загалоўкам «Наіўнасьць ці глупства». Магу толькі паўтарыць параду, выказаную ў папярэднім блогу – пачытайце тэлеграмы (1, 2, 3) з амэрыканскага пасольства ў Менску, абнародаваныя Wikileaks (хоць нейкая ад гэтых прайдзісьветаў ёсьць карысьць). Гэта не баўгарскі міністар такі, гэта сьвет такі, ён так збудаваны, усе з усімі насамрэч размаўляюць, нават з ворагамі, наўпрост ці ўскосна. Звычайна ў Дзеда Мароза людзі перастаюць верыць у школьным узросьце, казачныя ўяўленьні пра міжнародную палітыку і дыпляматыю некаторыя захоўваюць да значна больш сталага веку.

У практычным пляне візыт Младэнава меў рэальны вынік – на волю выйшла большасьць палітвязьняў.
Дык усё ж добра ці кепска, што палітвязьні выйшлі на волю?

Афіцыйнаму Менску за гэта не было заплачана ці нават паабяцана нічога. Хіба лепш было непахісна чакаць прызначанай некаторымі палітыкамі на канец году капітуляцыі Лукашэнкі, а да гэтага палітвязьні маглі і яшчэ пасядзець у турме? А калі прагноз наконт капітуляцыі спасьціг бы лёс папярэдніх падобных прагнозаў? Дык усё ж добра ці кепска, што палітвязьні выйшлі на волю? Ці чым горш – тым лепш?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG