Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі сындром беларускіх уладаў


Лешэк Шарэпка
Лешэк Шарэпка
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка сёньня правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю. Польскі дыплямат адказаў на абвінавачваньні, якія прагучалі ўвечары 18 верасьня па Першым канале беларускага тэлебачаньня.

Чарговы выпад супраць Варшавы на Першым канале беларускага тэлебачаньня, магчыма, быў і ня варты такой рэакцыі, сказаў журналістам Лешэк Шарэпка. Калі б не адна рэч — афіцыйнае тэлебачаньне своеасабліва пракамэнтавала такую датклівую тэму, як палажэньне нацыянальнай меньшасьці адной краіны ў другой. А тут патрэбна быць вельмі карэктным, падкрэсьліў амбасадар.

Учора беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што польскія ўлады выганяюць зь Беластоку Беларускі культурны цэнтар. Лешэк Шарэпка згадаў, што ў Менску працуе Польскі інстытут. Беларускі бок абраў для сваёй установы не сталіцу Варшаву, а Беласток. З-за гэтага атрымалася, што людзі, якія тут працуюць, атрымалі консульскі, а не дыпляматычны статус.

Але гэта пытаньне мы ўжо амаль вырашылі, паведаміў польскі амбасадар.

«Мы падрыхтавалі праект пагадненьня. І, дарэчы, так цікава атрымалася, што менавіта сёньня мы атрымалі афіцыйны адказ беларускага боку на нашы апошнія прапановы. Адказ станоўчы. Там ніякіх вялікіх пярэчаньняў няма. У мяне ёсьць гэтая нота. Тут я ня бачу ніякіх праблем. І мне не зразумела, чаму афіцыйнае тэлебачаньне гаворыць, што мы кагосьці дзесьці аднекуль выганяем, што перашкаджаем працы».

Амбасадар Шарэпка сёньня публічна заявіў, што польскі бок зьвяртае на праблемы беларусаў у Польшчы куды болей увагі, чым адпаведна беларускі бок:

«Калі я пасьля сямі месяцаў працы тут параўноўваю ўмовы жыцьця і дапамогу з боку дзяржавы для польскай меньшасьці тут і беларускай меньшасьці ў Польшчы, то, я думаю, што мы робім значна болей, чым улады Беларусі».
Я думаю, што мы робім значна болей, чым улады Беларусі.

Дыплямат сказаў, што на ўласныя вочы бачыў Польскі дом у Лідзе, які належыць праўладнаму афіцыйнаму Саюзу палякаў Беларусі. На гэтым доме такія вялікія расколіны, што больш за год-два ён не прастаіць.

Сюжэт, які ўчора ўвечары паказаў Першы канал, палітолягі адназначна называюць «антыпольскім». У ім прагучалі і абвінавачваньні на адрас міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, які нібыта арганізуе падрыўную дзейнасьць супраць Беларусі.

Усё гэта кладзецца ў агульную антыпольскую кампанію, якая працягваецца ў Беларусі, сказаў «Свабодзе» лідэр руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Ён лічыць, што гэта праява своеасаблівага польскага сындрому:

«Думаю, ёсьць пэўны такі польскі сындром. Ён ідзе з савецкіх часоў. Вось гэта антыкаталіцкасьць, антыпольскасьць. Польшча была заўсёды пагрозай для савецкай улады. Казалі, што палякам увесь час мрояцца крэсы. Але гэта ня ёсьць праўда. Настальгія калі і засталася, дык у старэйшага пакаленьня. А ў сучаснай Польшчы гэтага няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG