Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: “У вас тут будзе шэсьце”


17 верасьня Гомель сьвяткаваў 869-я ўгодкі ад дня летапіснай згадкі. Адначасова тут ладзіўся Міжнародны фэстываль харэграфічнага мастацтва “Сожаўскі карагод”.

Сьвята пачалося карнавальным шэсьцем працоўных калектываў, арганізацый і навучальных установаў. Ня толькі беларускіх, але і запрошаных з суседніх краінаў. Кожнаму зь іх вызначалася месца на вуліцы Савецкай, дзе патрэбна было стаяць і мець неабходную колькасьць удзельнікаў.

Апавядае ўдзельніца шэсьця з акцыянэрнага таварыства “Гомельбудматэрыялы”:

“Тут ужо нас паставілі. Пастраеньне ідзе. Сёньня ж сьвята – Дзень гораду. Мы ўдзельнічаем менавіта ў маскарадным шэсьці”.

Гомель 17 верасьня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00


Хаця Гомель сёлета абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі, аднак, лёзунгі і транспаранты над калёнамі спрэс аформленыя па-расейску. На расейскай мове напісаны й расьцяжкі перад галоўнай плошчай гораду, куды, паводле сцэнару, накіроўвалася шэсьце.



Уражаньне правінцыйнасьці пры багацьці касьцюмаванага шэсьця дапаўнялася шматлікімі замінкамі: спачатку арганізатары ніяк не маглі надзьмуць паветраны шар, пасьля гарадзкое ды абласное начальства не магло расьсесьціся на прыгатаваных на плошчы Леніна плястыкавых стульчаках. Ну і, нарэшце, сьвята задумана так, што калектывы, сабраныя ў калёны на вуліцы Савецкай, неяк павінны былі заявіць пра сябе перад чынавенствам.

Па вялікаму рахунку, шэсьце нагадвала грандыёзны малюнак паводле верша расейскага паэта Някрасава: “Роздум ля параднага пад’езду”.

Гэтую маркоту крыху прыхарошвалі людзі ў нацыянальных строях, рыцарскіх дасьпехах, якія эпізатычна неяк вярталі горад у яго гістарычнае мінулае.


Гаворыць удзельнік гомельскага гістарычнага клюбу спадар Максім:

“Наш клюб называецца “Белы крыж” гэтак, як стары герб Гомеля. Удзельнічаем толькі ў парадзе. Рыцарскіх баёў не прасілі паказваць. Калі б прасілі, то зрабілі б”.

Да гонару намесьніка міністра культуры Беларусі Тадэвуша Стружэцкага, першы ўсебебеларускі фэст аматарскіх цыркавых калектываў у межах сьвята гораду ён адкрываў прамовай па-беларуску.

Ну, і на набярэжнай Сожа нечыя добрая рука напісала чатырохрадкоўе зь верша Сяргея Панізьніка – хіба што адзіны найбольш выразны сымбаль беларускасьці Гомеля.

Наогул, плошча Леніна сёньня была спрэс аточана міліцыяй. Да пачатку мінакоў сюды наагул не пускалі.

Спэцназавец: “Мерапрыемства пакуль не пачалося. Плошча – рэжымная тэрыторыя. Проста ўдзельнікі рыхтуюцца, каб не перашкаджалі".

Жанчына, капітан міліцыі: “Сумачкі, калі ласка. Дагляд. Бутэлькі ёсьць? Вы ўдзельнікі?"

Гараджанка: “Мы – прадстаўнікі. Вось будзе тут шэсьце ў вас”.


Многія гараджане, тым часам, былі занятыя паўсядзённымі клопатамі – пошукамі танейшых харчоў, гародніны.

Сталая гараджанка Валянціна шукала ў сьвяточных шапіках таннага сала. Не пірожнае ці сасіску ў цесьце, ні шашлык, а менавіта таннае сала:

“Сала б кавалачак купіла, дык ня бачна. Я б толькі сала купіла, каб заправіць бульбу. Цэны – ненармальныя. Піражок тры, чатыры – усё тысячы й тысячы. Па тры, па пяць, па дваццаць пяць”.

Некаторыя гамельчукі, наабварот, рады, што на сьвяце гораду ў шапіках можна купіць таньнейшыя прадукты. Цэны на некаторыя зь іх нават зьдзіўлялі бывалых мінакоў.



Спадарыня Тамара: “Зьдзівілі, канечне. Зусім усё танна. Сыр цьвёрды па 28 тысяч, у горадзе й па 40 і па 50 ёсьць. Масла таннае – па 5 тысяч. Добрае масла. Я во купіла, бачыце, магу пахваліцца”.

Некаторыя гамельчукі яшчэ зранку, не чакаючы сьвята, пачалі запасацца таньнейшай бульбай і гароднінай, прывезенай ў крамы, што прылягаюць да галоўных вуліц гораду. Кошты на іх хоць і вышэйшыя за леташнія, але прыймальныя: бульба – 1780 рублёў, морква і камуста – у межах 3 тысяч рублёў.

Гамяльчанка Бэла: “Дзякуй, што ня трэба на рынак ісьці й цягнуць – мы ж ужо ў гадах. Тым больш, што Дзень гораду. Задаволены, што ня трэба на рынак ісьці. Абавязкова дранікі зробім, можна й без ста грамаў. Не абавязкова сто грамаў. Я наагул люблю бульбу. У першую чаргу бяру бульбу і іду варыць. Ні дня бяз бульбы!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG